На воде будьте осторожными!

Профилактика и безопасность

Здавалася б банальны выраз, аднак надзвычай актуальны: за апошнія два тыдні ў краіне патанула 14 чалавек.

Адразу два выпадкі ў суседнім Полацкім раёне – вада забрала жыцці 17-гадовага падлетка і 50-гадовага мужчыны, абое ныралі ў стане алкагольнага ап’янення.

Як сябе паводзіць на вадзе, ушачанам зараз нагадвае летні патруль – супрацоўнікі МНС разам з таварыствам выратавання на водах, праваахоўнікамі, актывістамі БРСМ некалькі разоў на тыдзень праводзяць прафілактычныя рэйды на берагах вадаёмаў. Да аднаго з рэйдаў далучыліся і мы.

Спрыяльныя ўмовы для купання – бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Нельга плаваць у стане ап’янення, ныраць у незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць па ім, паступова пад вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў вір, набярыце больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплывайце. Надзіманыя матрацы і камеры можа аднесці далёка ад берага.

“Усё гэта мы нагадваем адпачываючым, уручаем тэматычную наглядую прадукцыю. Заклікаем людзей не пакідаць дзяцей без нагляду, тлумачыць ім, як паводзіць сябе на вадзе, і самім выконваць правілы. А таксама як аказаць першую медыцынскую дапамогу пры выратаванні чалавека – у такіх выпадках кожная секунда на вагу золата”, – адзначае інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС Ганна Ляшкова.

Выратавальнікі вядуць маніторынг месцаў адпачынку не толькі на зямлі, а і з паветра. У выхадныя авіяцыя МНС Беларусі зрабіла аблёт тэрыторый 16 раёнаў Віцебшчыны. Па маршруце авіяпатрулявання абследаваны паўсотні азёр і 48 км Заходняй Дзвіны.

За мінулы тыдзень у спісе загінуўшых 5 падлеткаў. “На возеры ў Паставах патанула 14-гадовая дзяўчынка. Здавалася, нічога не прадвяшчала бяды – абсталяваны пляж, дзяжурыць прадстаўнік таварыства выратавання на водах, пасля рабочага дня купаецца мноства людзей. Аднак дзеці балаваліся на вадзе і нават не адразу прыкмецілі, што іх сяброўка пайшла на дно. Існуе стэрэатып, што той, хто тоне – гучна крычыць, просячы дапамогі, – гэта не заўсёды так. Часта ўтапленне адбываецца хутка і бязгучна. Як толькі вада трапляе ў дыхальныя шляхі, адбываецца іх спазм, чалавек не можа ні дыхаць, ні гаварыць”, – кажа старшыня раённага таварыства выратавання на водах Аляксандр Захараў.

І яшчэ на адзін момант хочацца звярнуць увагу дарослых, прывёўшы трагічны прыклад, які ў нядзелю адбыўся ў Мінскім раёне. У надзіманым басейне ў двары дома патанула паўтарагадовая дзяўчынка. Бацькі займаліся будоўляй на ўчастку і не адразу заўважылі, што дачка знікла з поля зроку. Такім малышам дастаткова і невялікай ёмістасці, не кажучы пра аб’ёмны басейн, які зараз ёсць ледзь не ў кожным двары. Будзьце асцярожнымі самі і беражыце дзяцей!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *