Ушаччина отпраздновала День Независимости

Общество

Наша краіна – вольная і гордая, мужная і квітнеючая, адзначала 3 ліпеня галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Чым мацуецца сіла дзяржавы? Вядома ж, працоўнымі здзяйсненнямі яе грамадзян. Менавіта таму святочныя мерапрыемствы на Ушаччыне традыцыйна пачаліся з ушаноўвання працоўных калектываў і працаўнікоў раёна, прозвішчы якіх занесены на раённую Дошку гонару. 
Прыгожа апранутыя, крыху ўсхваляваныя пераможцы ўзнімаліся на сцэну раённага Дома культуры, каб атрымаць віншаванні і ўзнагароды з рук першага намесніка старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкова, а зала шчыра і працягла апладзіравала кожнаму. Яшчэ адным падарункам стаў святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел лепшыя выканаўцы нашага раёна і нават госці з замежжа. Саша Судакоў, напрыклад, жыве ў Мурманскай вобласці. “Прыехаў з бабуляй у госці да яе сяброўкі,” – расказаў пра сябе таленавіты хлопчык. – “Мне вельмі падабаецца ва Ушачах”. Школьнік шануе нашу краіну, ведае і паважае яе святы: ён сам падышоў да арганізатараў і прапанаваў свой нумар, песню “Салдатка”.
Публіка вельмі цёпла прымала ўсіх артыстаў, а калі загучала песня “Белая, Белая Русь”, нават узнялася з крэслаў і спявала разам з выканаўцай.
А яшчэ ў гэты святочны дзень мы абавязкова прыгадваем гераічнае мінулае нашай краіны, аддаём даніну памяці загінуўшым абаронцам Айчыны, ушаноўваем ветэранаў. Вось і зараз святочная калона пад гукі духавога аркестра ваеннай часці з Заслонава ўрачыстым шэсцем прайшла па райцэнтры і ўсклала вянкі і кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам. Кветкі былі ўскладзены і на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, пасля чаго ў РДК адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 67-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які скончыўся канцэртам духавога аркестра. Віртуозы ў ваеннай форме нікога не пакінулі абыякавым. Ім апладзіравалі, крычалі “Брава!”, пад іх музыку нават закружыліся ў вальсе ветэраны.

Ваенныя перадалі творчую эстафету “Віцебскім віртуозам” – і, трэба сказаць, актэт балалаек цалкам апраўдаў сваю назву. Вельмі спадабалася гледачам, якія запоўнілі ўвечары адкрытую танцавальную пляцоўку, і выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці Лепельскага раёна. Канцэрт працягваўся нават даўжэй запланаванага, нашы суседзі былі ўражаны цёплым прыёмам і паабяцалі, што абавязкова прыедуць ва Ушачы яшчэ.  
Апафеозам святочнага дня стала акцыя “Спяём гімн разам”. Людзі сталага ўзросту, моладзь і нават дзеці, пранікліся ўрачыстасцю моманту і праспявалі дзяржаўны гімн Беларусі, гучныя словы якога разнесліся па наваколлі. У гэтыя хвіліны кожны з прысутных адчуваў вялікую гордасць за сваю любімую краіну – прыгожую, вольную, шчаслівую Беларусь.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымках: узнагароду з рук А.Я.Вайцянкова атрымлівае дырэктар ТАА “Твестуба” В.В.Трушко; хлебам-соллю частуецца ветэран працы У.А.Крывапушчанка; вальс для ветэрана вайны А.К.Первянёнка; спяваем гімн разам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *