Станция обезжелезивания, электроотопление, дороги. Жители Двора Плино обсудили важные темы на встрече с руководством района

Общество

На мінулым тыдні ў працоўных калектывах раёна прайшоў адзіны дзень інфармавання. Яго тэмай стала роля гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў фарміраванні грамадзянства і патрыятызму. Прысвячалася яна Дню Незалежнасці, сёлета 3 ліпеня мы будзем адзначаць яго ўжо ў 25 раз. Старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка ў рамках дня інфармавання сустрэўся з жыхарамі Двор Пліна. Вяскоўцы былі вельмі актыўнымі і скарысталіся магчымасцю задаць кіраўніку раёна свае пытанні.

Адно з самых хвалюючых – будаўніцтва станцыі абезжалезвання. «Чыстай вады з крана даўно не бачылі – па ўсіх паказчыках яна адпавядае тэхнічнай. Калі ўсё ж запрацуе станцыя і ў нас?» – казалі на сустрэчы дворплінцы. Так, гэты населены пункт першы на чарзе на ўзвядзенне аб’екта і ўвесці яго ў строй плануецца ў 2022 годзе, а сёлета падрыхтаваць дакументацыю і пачаць будаўніцтва. Тэрміны крыху змясціліся з-за змены ўласніка: з 1 чэрвеня абслугоўванне раёна перайшло да «Полацквадаканала».

Не менш важнае пытанне – падключэнне да электраацяплення. Грамадзян засмучае той факт, што далёка не ўсе могуць разлічваць на гэтую выгоду, многія атрымалі адмоўны адказ па прычыне недастатковай магутнасці ліній. Ці плануецца ў перспектыве іх рэканструкцыя ў Двор Пліне і іншых населеных пунктах, ушацкія энергетыкі крыху пазней дадуць адказ праз нашу газету.

Скардзіліся жыхары Двор Пліна на тое, што аўтамабілісты, якія праязджаюць па шашы, не захоўваюць хуткасны рэжым. «Перавод каровы праз дарогу на пашу наогул стаў экстрэмальнай справай: машыны імчаць з такой хуткасцю, што ледзь паспяваеш перабегчы, а вадзіцелі пры гэтым яшчэ і незадаволена сігналяць, ад чаго жывёла пужаецца і нясецца так, што немагчыма ўтрымаць вяроўку», – адзначалі гаспадары, якія трымаюць падсобную гаспадарку. Пракантраляваць выкананне Правілаў дарожнага руху праз населены пункт даручана дзяржаўтаінспекцыі.

Прасілі дворплінцы і дапамагчы справіцца з нашэсцем баброў, якіх у наваколлі нямала. Прыгожыя некалі месцы яны пераўтварылі ў балота. Наглядны прыклад можна назіраць ля самай дарогі. Прычым, разбураныя плаціны старанныя жывёліны вельмі хутка аднаўляюць. Рашэннем гэтага пытання будзе азадачана раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Цэлы блок пытанняў датычыўся стану дарог па населеным пункце. Так, напрыклад, вуліцу Маладзёжную вяскоўцы прасілі падсыпаць, на Сонечнай у адным з месцаў, па іх словах, сапраўднае балота, нягледзячы на тое, што пастаянна пракапваюць канаву, пасля дажджу тут – ні прайсці, ні праехаць. А вось на Партызанскай шмат ям, месцамі, каб іх абмінуць, машыны заязджаюць ледзь не ў двор. Уладзімір Генадзьевіч паабяцаў заяўнікам, што на месца выедуць прадстаўнікі адпаведных службаў і сельвыканкама, ацэняць сітуацыю і будуць шукаць шляхі вырашэння дарожных пытанняў.

Вельмі хвалюе вяскоўцаў лёс зачыненай Плінскай школы. Канкрэтны адказ тут даць складана – калі хтосьці набудзе будынак і рэалізуе той ці іншы праект – улады гэта толькі вітаюць.

Былі абмеракаваны і некаторыя іншыя надзённыя пытанні, у тым ліку і вакцынацыя ад каранавіруса. Многія жыхары вёскі прытрымліваюцца меркавання, што перамагчы каварны вірус можна толькі выпрацаваўшы калектыўны імунітэт з дапамогай вакцыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *