Комбайнёры Ушачского района придерживаются тактики наименьших потерь

Сельское хозяйство

Нават на розных канцах аднаго населенага пункта адначасова можа ісці дождж і свяціць сонейка. Так і па раёне – адносна сухое надвор’е ў гарпасёлку не адпавядала стану ў “Глыбачанах”. За сорак кіламетраў у нядзелю палову дня імжыла, а ў панядзелак раніцай зарадзіў лівень. Таму і выпрацоўка ў камбайнераў Аляксандра Малахава і Максіма Целепня была прадказальна няроўнай і невялікай. А вось тактыка, наадварот, нязменнай. Убіраць кожную сухую хвіліну і ўсё, нягледзячы на невялікую ўраджайнасць.

Распачалі ж зерневую групу, не лічачы першага, азімага ячменю, з самых горшых палеткаў. Звычайна робіцца наадварот, убіраюць лепшае. Аднак абралі такі шлях прадумана. Пасля першых ліпеньскіх дажджоў ачуняла зямля і дала жыццё траве, якая смела пайшла ў рост, заглушаючы нізенькі ячмень. Па жыце ды іншых зерневых падсеяны культурныя травы, і канюшына хутка дагоніць колас. Тады наогул не абмалоціш зерне. Механізатары лепш за каго ведаюць, як дрэнна адбіваецца сырое збожжа, таму ніжэй прыціскалі да зямлі жняяркі.
“Колас сантыметраў дваццаць ці будзе, – паказвае пальцамі адной рукі вышыню Аляксандр Аляксандравіч Малахаў. – Колькі мы зямлі падымаем. Па гектарах добра праходзім, а па бункерах – зусім дробязь. Канечне, няма настрою ўбіраць такія палеткі, але трэба. І фары ўключаем, каб даўбраць па сухому. Добра, што я ва Усвеі – дома, а хлопцы пакуль дабяруцца, і адзінаццаць гадзін ужо. Хутка на азімую пшаніцу пяройдзем, яна паспела і вырасці, і лепш закусціцца, весялей працаваць будзе.

Раённая зводка пацвярджала словы аднаго з самых вопытных механізатараў. Пшаніца, пасеяная восенню, каторы год пераўзыходзіць нават жыта і сёлета пры нізкай ураджайнасці ўсіх культур удвая абагнала яравы ячмень, даўшы 12,4 цэнтнера з гектара. Слёзы, канечне, тым больш што з азімага атрымалі 33(!), які раней выспеў і яшчэ паспеў ухапіць вільгаці, хаця, канечне, таксама не ў волю. Не схлусіў Аляксандр Аляксандравіч і пра выпрацоўку. З 1030 гектараў удвух убралі ўжо 367 і па плошчы апераджаюць іх толькі “Сафійскія дары”, дзе працуе пяць камбайнаў. Так што па нагрузцы – абсалютныя лідары. Дарэчы, улічваючы, што на адзін камбайн прыходзілася больш за 500 гектараў, хутка на дапамогу выйдзе і трэцяя зернеўборачная адзінка.

Менавіта ў кадрах, а нават не ў тэхніцы асноўная праблема гэтай, ды і не толькі, гаспадаркі. На полі апоўдні, калі якраз прывезлі абеды, я разам застала практычна ўвесь баявы арсенал. Два камбайнеры, Аляксандр Лях з прэсам, Васіль Качан загрузіў у прычэп ячмень з абодвух бункераў і адначасова прывёз на МАЗе гарачае і падвячорак. Ля суседняй Усвіцы хадзілі трактары з плугамі, дыскі, а на “Амкадоры” быў заняты Андрэй Літвін. На новую сеялку шукалі работніка, якім аказаўся ветэран МНС Алег Сурынаў.

Нашу кароткую фотасесію перарваў рэзкі піск. Не, гэта не будзільнік сігналізаваў пра заканчэнне 15-хвіліннага абеду, а камбайн А.Малахава. Так машына паведамляе пра кожную няспраўнасць ці збой. “Пойдзем, Максім, дапаможаш паглядзець”, – паклікаў механізатар калегу, і праз колькі хвілін піск сціх, а камбайны накіраваліся на суседняе поле з жытам. Працуюць, зразумела, без напарнікаў, таму заўсёды дапамагаюць адзін аднаму, у тым ліку і з электронікай. За столькі год з бартавымі камп’ютарамі ведаюць іх слабыя месцы.
“Тут мне няма чаго рабіць, – расчаравана глядзеў на бедны саламяны след па ржышчы Аляксандр Анатольевіч Лях, які быў пастаянным спадарожнікам камбайнаў. – Калі раней на кіламетры, а тут да краю поля – не меней, па 8-9 рулонаў прасаваў, то зараз толькі адзін”. У лепшыя часы, канечне, выгадней было б заараць травяное ржышча, а сёлета з зямлі падымаецца літаральна ўсё. Што на стратэгічна неабходнае сена, што на салому, якая ідзе на подсціл гуртам. Размеркавана і кожная, нават несабраная тона.

“Азімую пшаніцу накіроўваем на “Васілісу”, трэба высушыць і закласці 180 тон, паколькі мяркуем пасеяць удвая больш – 600 гектараў, – гаворыць галоўны аграном гаспадаркі Святлана Дзмітрыеўна Пячура. – Тры машыны, а гэта пад 90 тон, накіравалі ў лік дзяржзаказу. За ўласныя сродкі набылі ачышчальную машыну. Вельмі складаны год, толькі простых у нас не бывае”.

Дапамагаюць з падключэннем ачышчальнай машыны спецыялісты з раёна. Штодня бывае ў гаспадарцы і намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў. “У розны час выходзяць камбайны ў поле з-за надвор’я, але ніхто не раз’язджаецца. Нават калі дождж, чакаюць на краі поля, пакуль падсохне, каб тут жа прыступіць і не губляць дарагі час. Усім вядома, што чым бліжэй восень, тым большыя страты”, – агучыў тактыку жніва Сяргей Аляксандравіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *