Председатель Ушачского райисполкома Сергей Садовский встретился с жителями деревни Усая Веркудского сельсовета

Общество

Калі Магамед не ідзе да гары, тады гара ідзе да Магамеда… Старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі вырашыў дапамагчы тым заезджым вяскоўцам, якія не ведаюць, куды звярнуцца для вырашэння сваіх пытанняў, затое вельмі “прасунутыя” ў сацыяльных сетках. Здараецца і такое!


Сустрэча з жыхарамі Усаі Вяркудскага сельсавета і была абумоўлена ананімнымі некарэктнымі скаргамі ў бок кіраўніцтва і бяздзейнасці службаў, пры гэтым ніводнага звароту ні да старшыні райвыканкама, ні да спецыялістаў, ні да начальніка Ушацкага ўчастка “Белтэлекама” не паступала. Менавіта на якасць сувязі было нямала нараканняў: і на амаль поўную адсутнасць мабільнай і інтэрнэта, і на “скокаючую” Залу. Ёй карыстаюцца два мясцовыя жыхары з чатырох зарэгістраваных у вёсцы і да іх спецыялісты службы выязджалі, праўда, днём яна быццам спецыяльна не “хандрыць”, падлавіць і адшукаць прычыну складана.

Ёсць у вёсцы і часова “прапісаныя” – тыя, хто жыве тут агародны сезон. Большасць жа адпачываюць летам. Вось і пытаўся начальнік участка “Белтэлекама” А.У.Шакута, колькім абанентам рэальна патрэбна оптавалакно? Тлумачыў, што сёння яно ляжыць нават не ва ўсіх дамах гарпасёлка, сярод вёсак пераводзілі на хуткі інтэрнэт найперш тыя, дзе колькасць насельніцтва перавышае 200 чалавек, потым – за сто, бо на пракладванне ідуць вялікія сродкі. “Трэба бачыць рэальны малюнак, тым больш што планы складаем не мы. Напрыклад, члены садаводчага кааператыву “Дружба” прынеслі заяву за 51 подпісам, яна разгледжана і населены пункт увайшоў у план на 2024 год”, – тлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч. Як і прадбачылася, з прысутных на сустрэчы гарачага жадання на падключэнне, каб круглы год плаціць за яго, не знайшлося. Зразумела, што не патрэбны хуткасны інтэрнэт карэнным усайцам, якія нічога і не прасілі наогул, а дачнікі змогуць карыстацца мабільным пры ўмове годнай сувязі.

На жаль, тон гутарак у многіх вёсках, дзе летам прэваліруе гарадское насельніцтва, пераходзіць у загадны лад. “Грошы на рамонт нашай дарогі былі выдзелены, а зроблена яна не да канца. Кусты над трасай патрэбна зрэзаць! Колькі яшчэ часу будзеце шукаць спадчыннікаў дома, каб не разрасталася пустазелле ля іх і нашых сядзіб? Калі не можа кааперацыя, няхай “Еўраопт” нам прадукты дастаўляе! У нас ні водаправоду, ні каналізацыі…”, – такімі былі прэтэнзіі новых усайцаў. І нават: “А каму належыць ліўнёўка? Сцёк жа павінен быць”. Аб гэтым пыталася маладая жанчына, паказваючы на выкапаную канаўку ў канцы абочыны дарогі. Гэты прыклад паказальны, вельмі многія спачатку едуць у ціш вёсак, а потым пачынаюць патрабаваць усе гарадскія выгоды. Толькі бюджэт у краіне не гумовы, яго размеркаванне адбываецца ў залежнасці ад насельніцтва, каб задаволіць патрэбы найбольшай колькасці. І львіная яго доля застаецца ў сталіцы, абласных гарадах, дзе таксама трэба рамантаваць дарогі, асвятляць вуліцы, якіх шмат і далёка не ўсе ідэальныя. Ніякіх сродкаў канкрэтна на ўсайскую дарогу сёлета не паступала, яе рамантавалі з тых агульных і яўна недастатковых, што выдзелены на падтрыманне ўсёй дарожнай сеткі раёна. Толькі хто гэта хоча чуць?

“Трэба імкнуцца да лепшага”, – тлумачыла сэнс сваіх патрабаванняў дачніца. І з ёй нельга не пагадзіцца. Вельмі хочацца асфальту па ўсіх вуліцах райцэнтра і вёсак, тратуараў абапал іх, каб і ўвечары было светла як днём, і каб на паветраным таксі за паўгадзіны дабрацца да сталіцы… Нашы жаданні не маюць межаў, а ўмовы жыцця сапраўды штогод мяняюцца да лепшага. Дык можа не будзем прасіць залішняга, а рэальныя просьбы навучымся накіроўваць па інстанцыі і ў карэктнай форме. Напрыклад, каб ва Усаі гарэлі ўсе чатыры ліхтары, дастаткова толькі падаць заяўку ў сельвыканкам на замену згарэўшых свяцільнікаў. Гэта і спрабаваў данесці жыхарам кіраўнік раёна.

Я ж зваротнай дарогай з Усаі прыгадвала вёску Гарадзец Жарскага сельсавета. І дачнікаў там больш, чым мясцовых жыхароў, але ні на што не скардзяцца. Рамонт двух мастоў, падсыпка дарогі – за ўласны кошт, абкос агульнай тэрыторыі, устаноўка паклоннага крыжа – таксама. Не адарваліся там ад зямлі, якую абралі для адпачынку.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *