Вернуть обществу личность. Как в Ушачах помогают адаптироваться и начать новую жизнь гражаданам с судимостью

Общество

Аляксандр 1984 года нараджэння вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі напрыканцы 2015-га. Ні даху над галавой, ні работы ў яго не было. Да пасяджэння раённай назіральнай камісіі, куды ў студзені запрасілі маладога чалавека, у яго вачах чытаўся яўны адчай і разгубленасць. А бачылі б вы яго пазней! Атрымаўшы гуманітарную дапамогу, праз некалькі дзён ён стаў яшчэ і шчаслівым уладальнікам пакоя ў аднапавярховым аднакватэрным жылым доме ў гарпасёлку. Такое садзейнічанне з боку камісіі натхніла Аляксандра – у хуткім часе ён сам знайшоў сабе работу, алкаголем не злоўжывае і вядзе цалкам прыстойны лад жыцця.

На жаль, падобных станоўчых прыкладаў сярод ушачан з судзімасцю можна назваць нямнога. Галоўная таму прычына – нежаданне грамадзян працаваць. Многія з іх, не маючы ні спецыяльнасці, ні пэўных прафесійных навыкаў, дазваляюць сабе яшчэ і перабіраць варыянты, якія прапануе камісія. Дарэчы, у яе склад уваходзяць прадстаўнікі цэнтра занятасці, арганізацый і прадпрыемстваў Ушаччыны, у тым ліку спецыялісты па кадрах, якія валодаюць аператыўнай інфармацыяй пра існуючыя вакансіі і могуць прама падчас пасяджэння падабраць чалавеку падыходзячы варыянт. Так, за першы квартал бягучага года трое ўшачан, запрошаных на камісію, атрымалі накіраванні на працаўладкаванне. Аднаму аказана суправаджэнне ў паліклініку для праходжання неабходнай медыцынскай камісіі. Праз цэнтр занятасці пастаянную работу займеў адзін грамадзянін. Яшчэ трое знайшлі працоўныя месцы самастойна.

Не спяшаецца выходзіць на працу і законна зарабляць на хлеб надзённы Міхаіл 1979 года нараджэння, які выйшаў на волю напачатку студзеня. Падчас пасяджэнняў назіральнай камісіі – а запрошаны ён быў ужо на дзве – працоўнае месца з прапанаваных ён сабе так і не выбраў. Жывёлаводам у ААТ “Ільюшынскі” ісці не хоча. Уладкавацца на многія віды работ не дазваляе здароўе (дарэчы, магчымасць працаўладкавання чалавека з дыягназам на розныя пасады ўзгадняецца таксама на месцы: у склад камісіі ўваходзяць медыкі). А перасяляцца ў іншы раён, дзе ёсць падыходзячыя варыянты, мужчына проста не хоча.

Трэба сказаць, што працаўладкаванне з перасяленнем прапануем многім нашым падапечным. Тлумачым, што акрамя пастаяннага працоўнага месца ў іншым раёне ім будзе выдзелена яшчэ і жыллё. Праўда, ні сёлета, ні годам раней ніхто не выкарыстаў гэтую дастаткова прывабную магчымасць.

Па сваім цынізме і нежаданні працаваць пераплюнуў усіх яшчэ адзін Міхаіл, які адбываў пакаранне да сакавіка бягучага года. Яму прапаноўвалі пасады жывёлавода і рабочага па абкосе тэрыторыі ў ААТ “Ільюшынскі” – аднак мужчыну яны не “ўразілі”. Лічыць сябе прадстаўніком нейкай асаблівай касты, таму прэтэндуе выключна на няпыльную работу, якая не патрабуе значнага фізічнага напружання.

Няма сэнсу спыняцца на іншых “героях”, запрошаных сёлета на пасяджэнні раённай назіральнай камісіі. Большасць з іх – на адзін твар: злоўжываюць алкаголем, не жадаюць працаваць, вядуць амаральны лад жыцця. Аднак усе яны – нашы людзі, да лёсу якіх нельга быць абыякавым.

На пасяджэннях камісіі, а іх за першы квартал прайшло тры, усебакова разглядаюцца канкрэтныя сітуацыі, шукаюцца спосабы дапамагчы ўшачанам з судзімасцю адаптавацца. Сёлета кожнаму з 21 такога грамадзяніна аказана гуманітарная дапамога, двум – яшчэ і матэрыяльная з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Нягледзячы на тое, што ў апошні час у раёне зменшыўся ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці, нагоды расслабляцца няма. Для выхавання і перавыхавання адбыўшых пакаранне любыя метады добрыя. Нават калі на шлях выпраўлення з дзесяці чалавек стаў адзін ці два, ужо добра. Значыць, не марна патрачаны сродкі і намаганні дзяржавы. Вярнуць грамадству асобу – задача назіральнай камісіі, але ж памкненні да гэтага павінны быць двухбаковыя.

Т.ПУЗАТКА, сакратар камісіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *