Вопросы земельного законодательства обсудили на «прямой линии»

Зваротная сувязь Общество

Начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Ушацкага раёна А.А.Красько завітаў да нас на гэтым тыдні, каб падчас “прамой лініі” адказаць на пытанні чытачоў. А яны былі хоць і прыватныя, але закраналі зямельнае заканадаўства ў цэлым, якое карысна ведаць усім.

Жыхар райцэнтра, які хоча атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва, цікавіўся, як гэта зрабіць, і пачуў наступны адказ:
– У раёне чаргі на набыццё зямельных участкаў няма. Калі вы належыце да катэгорыі грамадзян, якія маюць патрэбу ў будаўніцтве, участак вам будзе выдзелены бясплатна. На дадзены момант ва Ушачах маецца пяць свабодных: (па вуліцы Азёрнай, Дуброўскага, Будаўнікоў і Фрунзе), распрацоўваецца новы квартал індывідуальнай жылой забудовы. З пачатку гэтага года ў райцэнтры ўжо было выдзелена пяць бясплатных участкаў. Калі вы не належыце да тых, хто мае патрэбу ў будаўніцтве, за зямлю давядзецца заплаціць. Калі вы плануеце набыць зямлю ў адной з вёсак, вам трэба даведацца, ці ёсць там свабодныя ўчасткі і ці належыць вёска да “аўкцыённых”. Дарэчы, хутка будзе пашыраны спіс вёсак, землі якіх прадаюцца толькі з аўкцыёну.
На пытанне аб памерах участкаў, якія адводзяцца пад будаўніцтва, Анатоль Аляксандравіч паведаміў наступнае: 
– Пад будаўніцтва жылога дома выдзяляецца ўчастак у памеры 0,15-0,25 гектара, памер зямельнага ўчастка для вядзення гаспадаркі – да 1 гектара, калі гэтага недастаткова, вы можаце ўзяць да трох гектараў зямлі ў арэнду.
– Нядаўна набыў кватэру ў шматпавярховым доме. Амаль кожны з маіх новых суседзяў мае побач з домам некалькі градак. Ці магу я таксама разлічваць на кавалачак гэтай зямлі? – запытаўся жыхар райцэнтра.
– Зямля, якую апрацоўваюць вашы суседзі, уваходзіць у склад калядомнай тэрыторыі і па законе ім не належыць. Калі чалавек робіць тут градкі, ён павінен быць гатовы да таго, што ў любы момант гэты агарод можа быць ліквідаваны па загадзе мясцовых улад, калі на тое ўзнікне патрэба. Таму вы не можаце прэтэндаваць на гэтую зямлю, але, калі ёсць жаданне і магчымасць, паспрабуйце дамовіцца са старшынёй кааператыва, калі гэта ЖБК, ці з суседзямі, каб з вамі “падзяліліся” градкамі.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *