Как подключить электроотопление? Рассказываем алгоритм

Общество

Летась дазвол на правядзенне ў сваім доме электраацяплення атрымалі 80 ушачан, у пазамінулым годзе – 110, і ўжо больш сотні – за 8 месяцаў сёлета. Мадэрнізацыя жылля на вёсцы набірае абароты. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы абагравацца, карыстацца гарачай вадой і па сутнасці ўсімі гарадскімі выгодамі могуць жыхары самых аддаленых вёсак, у якіх не было перспектывы падвесці блакітнае паліва. З 2019 года 781 чалавек скарыстаўся такой магчымасцю. І хоць мы неаднойчы раскладвалі “па паліцах” гэтую тэму, і лічбы сведчаць пра дасведчанасць людзей, аднак паступаюць звароты з просьбай яшчэ раз прыгадаць, як зрабіць электрамадэрнізацыю дома.

Першай інстанцыяй, куды вам трэба звярнуцца, з’яўляецца раён электрасетак. У службу “адно акно” гэтай арганізацыі неабходна прыйсці ўласніку дома, няблага мець з сабой і тэхпашпарт, каб можна было дакладна ўлічыць аб’ёмы, якія давядзецца ацепліваць. Там ад вас прымуць заяву, правераць тэхнічныя магчымасці і дадуць адказ, ці могуць выдзеліць неабходную колькасць электраэнергіі. Яна залежыць ад магутнасці абранай электракрыніцы, плюс некалькі кілават на асвятленне. Напрыклад, калі раней на домаўладанне адводзілася каля 3,5 кілавата, то з электраабаграваннем будзе 8-12. Паколькі падстанцыі і лініі не бязмерныя і разлічаны на пэўныя аб’ёмы, існуе прынцып першынства: хто з вёскі ці вуліцы, якія сілкуюцца на адной лініі, звярнуўся раней, таму і рэзервуецца заяўленая магутнасць. На рукі ж заяўніку выдаецца даведка, што існуе тэхнічная магчымасць, з якой ён ідзе ў службу “адно акно” райвыканкама. Таксама пры сабе трэба мець пашпарт, дакументы аб рэгістрацыі дома і зямельнага ўчастка, тэхнічны пашпарт і завераная натарыяльна згода кожнага зарэгістраванага паўналетняга члена сям’і. Калі, напрыклад, дзеці пражываюць у гарадах, дакумент можна аформіць у любой натарыяльнай канторы. Звяртаюцца ў райвыканкам як непасрэдна ўласнікі дома, так па даверанасці ад іх імя і іншая асоба.

Частковаму пакрыццю падлягаюць выдаткі, якія адлюстраваны ў акце выкананых работ па дагаворы са спецыялізаванай арганізацыяй, а таксама ў дакументах на набыццё абсталявання. Гэта могуць быць чэкі, квітанцыі, накладныя, у якіх бачны не толькі сума і дата, а і ўказана сама пакупка.

Калі вы атрымаеце рашэнне райвыканкама аб дазволе на рэканструкцыю і тэхнічныя ўмовы, пачынайце выбіраць праектантаў і выканаўцаў. У “Патрыёце” пастаянна дае аб’яву полацкая фірма “Брыар” і яшчэ некалькі аналагічных, аказваюць падобныя паслугі і спецыялісты нашага раёна электрасетак. Вы можаце абраць любую іншую арганізацыю, якая мае ліцэнзію на падобныя работы, бо на руках у вас павінны быць дакументы, без іх не атрымаеце кампенсацыі на частку затрачаных выдаткаў. Але гэта пасля акта прыёмкі, з заявай аб атрыманні якога пасля заканчэння работ трэба зноў звярнуцца ў “адно акно” райвыканкама.

На кампенсацыю могуць разлічваць абаненты, якія правялі рэканструкцыю дома на электраацяпленне не раней 17 ліпеня 2020 года. З мясцовых бюджэтаў кампенсуюць 20 працэнтаў кошту работ на правядзенне электра-забеспячэння, але не больш за 40 базавых велічынь, для малазабяспечаных і сацыяльна ўразлівых катэгорый – 40 працэнтаў і 80 базавых велічынь адпаведна. Толькі сёлета за кампенсацыяй выдаткаў звярнуўся 31 чалавек.

Па аграгарадку Вялікія Дольцы, адкуль паступіў зварот, адмоў на электрарэканструкцыю пакуль не было, аднак увесь населены пункт старыя лініі “не пацягнуць”. Нярэдка Ушацкі раён электрасетак кропкава ліквідуе праблемы, калі ж колькасць заяўнікаў значна перавышае магчымасці ліній, ствараюцца спісы патэнцыйных вёсак на іх рэканструкцыю.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *