Ушачане на «Славянском базаре в Витебске»

Общество

Юбілейны ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” завершаны. Асаблівая дата прадугледжвала і непаўторны сцэнарый. У рамках яго праходзіла шмат цікавага кожны дзень работы песеннага форума. У тым ліку ўдзел у свяце на розных пляцоўках горада прымалі прадстаўнікі раёнаў вобласці.  
– Вытрымаць фармат штодзённага выступлення было няпроста, – расказалі работнікі раённага метадычнага цэнтра, – кожны раз трэба было здзіўляць публіку нечым асаблівым.
Яны прыгадалі аб некаторых днях. Перш за ўсё прайшоў конкурс падворкаў гарадоў і раёнаў “Віцебшчына хлебасольная”. Быў прадстаўлены гандаль, культура (акрамя самадзейных артыстаў у нас гэта былі майстры раёна).
Яшчэ адзін дзень. Першым блокам ішла літаратурна-музычная кампазіцыя “Мы з ушацкай зямлі” па творчасці паэтаў-землякоў. На мясцовым матэрыяле грунтаваліся выступленні Іны Клімавай, Ганны Краўчонак, Сяргея Мядзведзева, Вольгі Жукавай. Другі блок складаўся з эстрадных песень у выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці калектыву ПУП “Сарочына”. Паспяхова выступілі як дарослыя, так і пяцікласніца Эвеліна Мядзведзева. Ушачане наладзілі і гульнявую праграму “Вясёлая печка”. Асабліва ахвотна ў ёй удзельнічалі, па словах нашых арганізатараў, госці Віцебска – расіяне.
– Хочацца аддаць належнае ўдзельнікам нашага сцэнічнага калектыву, – расказала кіраўнік народнага клуба “Ветэран” РДК І. Клімава. – Дзесятага ліпеня мы паехалі ў Віцебск, дзе на пляцоўцы па вуліцы Суворава прадставілі шырокую праграму. Сцэнарый быў вельмі змястоўны. Наш хор выконваў ад дзяржаўнага гімна да песень ваенных гадоў, у тым ліку аб нашым мемарыяльным комплексе “Прарыў”. 

Паказалі сябе ў праграме свята і ўдзельнікі народнага ансамбля “Дальчаначка” Вялікадолецкага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Пятра Алексяёнка.
Была таксама прадстаўлена канцэртная праграма раённага Дома культуры.
– Наш творчы калектыў у асноўным маладзёжны, патэнцыяльна здольны прадстаўляць раён абласному гледачу і не толькі, – расказала мастацкі кіраўнік РДК Д.Пенкальская. – Песні, танцы адпавядаюць сучаснаму патрабаванню. На ўзроўні і выканаўчае майстэрства ўдзельнікаў.
Нашы культработнікі ў час фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” яшчэ раз пацвердзілі сваю здольнасць працаваць мабільна, на прафесійным узроўні, з поўнай аддачай.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *