В Ушачах по улице Советской и Ленинской обновляются тротуары

Благоустройство Общество

Тратуар па Савецкай патрабаваў рамонту даўно. Уласнымі сіламі клалі раней асфальт камунальнікі на ўчастку ў напрамку да дзіцячага сада №2, бо быў разбіты ўшчэнт. Таксама па няроўным, у выбоінах старым пакрыцці ішлі штодня людзі ў бальніцу. І вось летам пачалі рамонт гэтай запатрабаванай пешаходнай зоны.

Спачатку рухаўся бульдозер, падымаў разбітыя рэшткі, выкарчоўваў карані, рабіў заглыбленне, у якое потым клаліся слаі гравію, пяску, паміж пліткамі засыпаўся цэмент. Ужо ў завяршэнні рабочы рамонтна-будаўнічай брыгады С.Даніленка стукаў гумавым малатком па толькі што ўкладзеных “брусочках” і нарэшце завадзіў вібратар, марудна рухаўся па новенькім тратуары. “Гэты слой усядзецца, дабаўляем новую порцыю цэменту з пяском і паўтараем працэс”, – тлумачыў Сяргей Іванавіч, трамбуючы плітку каля помніка ў скверы. На жаль, на сёлета менавіта на гэтым месцы закончыцца рамонт пешаходнай зоны па гэтай вуліцы.

Дарэчы, на наступны день работнікаў гэтай брыгады сустрэла ў другім канцы гарпасёлка. У верасні пачалі мяняць тратуар па вуліцы Ленінскай, што асабліва ўзрадавала, бо загадзя пра асфальтаванне гэтай працяглай пешаходнай зоны не паведамлялася. Спроба адрамантаваць яе была некалькі дзесяцігоддзяў таму, ды так і не давялі справу да канца. Хадзіць па ўздыбленым асфальце было праблематычна, а пры размеркаванні невялікіх сродкаў на добраўпарадкаванне знаходзіліся больш прыярытэтныя напрамкі.

На тратуар па вуліцы Савецкай з мясцовага бюджэту выдзелена 120 тысяч рублёў, па Ленінскай – 64.

І нарэшце ляжыць новы роўны асфальт, апаясаны бардзюрам. Пры ўстаноўцы апошніх С.Даніленка быў узброены ўжо нівелірам, а яго калегі Кірыл Крывенак і Дзмітрый Аўдочанка раўнялі “падушку”, закладалі бетон. Такім жа працэсам займаліся некалькімі метрамі далей Іван Падгол і два Віктары – Грыцаў і Кабакоў – зборная брыгада з розных участкаў камунгаса. Да пачатку ацяпляльнага сезона тут шчыравалі і ільюшынцы. Наогул за гэтае лета УП ЖКГ выканала шмат рамонтна-будаўнічых работ: качагары сельскіх участкаў, а не толькі рамонтна-будаўнічага, мянялі дах, тынкавалі сцены, клалі адмостку дамоў па Віцебскай, Садовай і смела могуць называць сябе будаўнікамі. Мы ж кажам ім дзякуй і будзем чакаць працягу тратуараў па дзвюх цэнтральных вуліцах, тым больш што ў канцы Ленінскай – бойкай трасы, яго няма зусім, а сёлета работы спыняцца на скрыжаванні з Данукалава.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *