Неделя родительской любви: рассказываем о многодетной семье Гирсёнок

Общество

ок“Я для мамы зрабіла прыгожую паштоўку да свята! А яшчэ мы ёй дапамагалі з дамашнімі справамі. Цяпер трэба і для таты сюрпрыз падрыхтаваць. Толькі пакуль гэта сакрэт!” – наперабой задаволена расказваюць Віка і Мікіта па дарозе ў парк. Здаецца, так і хочацца далучыцца да жвавых браціка і сястрычкі, пабегчы разам з імі маленькай Дарыне. Але пакуль ёй толькі дзевяць месяцаў і назіраць за ўсім даводзіцца на руках таты ці мамы. Вось такія сумесныя прагулкі ў мнагадзетнай сям’і Дзмітрыя і Веранікі Гірсёнак – адзін з любімых заняткаў, хоць і не так часта з-за шматлікіх спраў удаецца сабрацца ўсім разам.

Іх сямейнаму саюзу неўзабаве споўніцца 10 гадоў. Маладыя людзі абое родам з Ушацкага раёна, а знайшлі адзін аднаго… у інтэрнэце. Віртуальнае знаёмства перарасло ў рэальнае, а праз два гады ажаніліся. У адрозненне ад многіх сваіх равеснікаў не шукалі магчымасці падацца ў вялікі горад і засталіся на малой радзіме.

“Не адношуся да той катэгорыі, для каго на першым плане кар’ера, выгоды, а толькі потым можна і пра дзяцей падумаць. Канечне, нялёгка быць мнагадзетнай мамай, гэта праца без выхадных, але яно таго каштуе. Якія мы шчаслівыя дзякуючы дзецям!”, – прыкмячае Вераніка.

Мікіта вучыцца ўжо ў трэцім класе, асвойвае ігру на гітары ў школе мастацтваў, а ў вольны час любіць паганяць на веласіпедзе ці скейце. Падрастае маміна памочніца, пяцігадовая Віка, пазабаўляць маленькую сястрычку ёй за радасць.

Сто разоў за дзень гучыць у іх кватэры слова “мама”, а Вераніка ўсім паспявае ўдзяліць увагу. Колькі спраў паспяваюць зрабіць яе рукі, колькі крокаў за суткі намотвае… Але ўсе гэтыя клопаты жанчыне не ў цяжар. Калі дзеці захварэлі – не панікуе: медыцынская сястра па адукацыі, яна ведае, як аказаць дапамогу, вельмі любіць сваю прафесію. Нават у дэкрэтных адпачынках доўга не заседжвалася і выходзіла раней на работу ў паліклініку. Дарэчы, завочна паспела атрымаць і вышэйшую адукацыю ў БДУ, стаўшы дыпламаваным псіхолагам. Упэўнена, што такія веды спатрэбяцца як у жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці.

Хінуцца дзеці не толькі да мамы, непахісны аўтарытэт для іх і тата. Заўсёды з нецярпеннем чакаюць яго з дзяжурстваў. Дзмітрый ужо 15 гадоў працуе міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы. Стаміўшыся пасля начной ці дзённай змены, якая заканчваецца ўжо пасля васьмі вечара, ніколі не адмаўляецца праверыць урокі ў Мікіты ці пагуляць з дачушкамі, дапамагчы па доме ці адправіцца за пакупкамі.

Ёсць ва ўсіх членаў сям’і агульная мара – хутчэй пераехаць з аднапакаёвай кватэры ў прасторны дом, дзе б у кожнага быў свой асобны пакой, а на вялікай кухні можна было б частаваць гасцей мамінымі смачнымі пірагамі. Дом ва Ушачах Гірсёнкі набылі яшчэ пяць гадоў таму, калі нарадзілася Віка. Жыллё патрабавала грунтоўнага рамонту і ўкладанняў, а таму і зацягнулася яго ўладкаванне. Вераніка і Дзмітрый выраслі на вёсцы і з дзяцінства не баяцца ніякай работы, змалку прывучаюць да гэтага і сваіх дзетак.

Практычна ўсё ў доме і на сядзібе робяць самі і разам, нават падлогу залівалі – кожны рабіў, што па сілах. Дом яшчэ не гатовы для пражывання, а вось на ўчастку тым часам ужо бачна рука гаспадароў: на градках і ў цяпліцы сёлета вырас добры ўраджай агародніны, у садзе прыжыліся вішні ды чарэшні.

Любыя цяжкасці і непрыемнасці можна пераадолець, калі ва ўсім падтрымліваць адзін аднаго, жыць у дружбе і згодзе. Такога прынцыпу прытрымліваецца прыгожая пара. Дык няхай любоў і згода заўсёды пануюць у іх доме!

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *