Дарья Литвинова о профессии врача невролога и заведующей поликлиникой

Общество

Прозвішча Д.В.Літвінавай пазначана адразу на двух кабінетах Ушацкай ЦРБ. Памылкі ў гэтым ніякай: да функцый урача-неўролага, з якіх пачынала прафесійную дзейнасць, з нядаўняга часу дадаліся кіраўнічыя – на пасадзе загадчыка паліклінікі.

Дзяўчыну памятаю яшчэ з таго моманту, калі яна падчас урачыстага ўшанавання маладых медыкаў давала невялікае інтэрв’ю. Па тым, з якім захапленнем расказвала пра сваю прафесію, з якой добразычлівасцю рэагавала на каверзныя пытанні, было зразумела: са спецыяліста будзе толк!

Доктарам наша зямлячка марыла стаць з дзяцінства – па прыкладзе вопытнага педыятра, а зараз (пасля замужжа) і аднафаміліцы Ніны Васільеўны Літвінавай, да якой нярэдка трапляла на прыём. З захапленнем назірала, як тая кантактуе з маленькімі пацыентамі, і хацела гэтак жа лячыць, дапамагаць. Мара спраўдзілася. Праўда, у Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце, куды паступіла па мэтавым накіраванні, замест педыятрыі абрала неўралогію – спецыяліст такога профілю якраз патрабаваўся ва Ушацкай ЦРБ.
– У калектыве райбальніцы было лёгка асвоіцца, – расказвае Дар’я. – Усе добразычлівыя, адукаваныя, пры неабходнасці штосьці раілі, падказвалі, што напачатку кар’еры вельмі важна.

Хутка знайшла агульную мову і з пацыентамі, якіх у яе як ва ўрача-неўролага нямала: з неўрытамі, радзікулітамі, інсультамі, эпілепсіяй, дэменцыяй і іншымі, звязанымі з парушэннем работы нервовай сістэмы. Спіну скруціла, пальцы на руках не гнуцца – на прыём звяртаюцца неабавязкова людзі пажылыя, усё часцей падобныя паталогіі сустракаюцца і ў маладых.

– Нельга заплюшчваць вочы на пагаршэнне самаадчування! – адзначае Дар’я Васільеўна. – Тры гадзіны – так званае тэрапеўтычнае акно пры інсультах, калі можна аказаць дапамогу і пазбегнуць незваротных наступстваў. Вось чаму так важна пры першых жа сімптомах – парушэнні маўлення, асіметрыі твару, аняменні частак цела – неадкладна звярнуцца за меддапамогай. Быў у маёй практыцы выпадак, калі пасля інсульту хутка дастаўлены ў бальніцу мужчына, у якога перастаў працаваць увесь бок, паправіўся літаральна на вачах – здагадацца пра перанесеную хваробу цяпер амаль немагчыма.

Да неўролага людзі прыходзяць за кансультацыяй, абследаваннем, прызначэннем лекаў, рэабілітацыяй. Улічваючы цяжар захворванняў, даводзіцца быць у пэўным сэнсе яшчэ і псіхолагам: знайсці патрэбныя словы, падтрымаць. Катэгарычнага “ніколі” для Д.В.Літвінавай проста не існуе – пастаянна нагадвае пацыентам, што пры адказным падыходзе да свайго здароўя функцыі арганізму аднаўляюцца. Многія неўралагічныя хваробы ўзнікаюць з-за гіпадынаміі, раіць прадугледзець хаця б невялікую штодзённую нагрузку: бег, плаванне ці хадзьбу, асабліва скандынаўскую.

– Усё прыходзіць з вопытам, – прызнаецца Дар’я. – Спачатку не паспявала ўкласціся ў вызначаныя на прыём аднаго пацыента 12-13 хвілін – гісторыі хвароб пісала па вечарах, падчас дзяжурстваў. Цяпер прасцей, многія паталогіі бачу ўжо пры першым поглядзе на чалавека. Наладжана і ўзаемадзеянне з віцебскімі медустановамі, куды пры патрэбе спецабследавання даю накіраванні.

– Дар’я Васільеўна – спецыяліст сваёй справы і чалавек выдатны! Заўсёды ўсмешлівая, тактоўная ў зносінах, – кажа медыцынская сястра неўралагічнага кабінета, правая рука доктара Таццяна Уладзіміраўна Шалак.

– Гэта наша актывістка, наша надзея, – дадае намеснік галоўнага ўрача Наталія Васільеўна Дрозд. – Дар’я пастаянна павышае сваю кваліфікацыю, знаходзіцца ў рэзерве кіруючых кадраў. Калі ва ўстанове з’явілася вакансія загадчыка паліклінікі, канечне прапанавалі ёй.

Так, прафесійных задач у Д.В.Літвінавай цяпер, як кажуць, вышэй даху. Аднак з усімі ўшачанка спраўляецца – з 9 да 11 гадзін прымае “неўралагічных” пацыентаў, у астатні час вырашае агульнапаліклінічныя пытанні. У любым выпадку займаецца такой патрэбнай і, што вельмі важна, любімай справай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *