Первый раз в первый класс: советы психолога

Общество

Праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей існавала ва ўсе часы. І зараз, у сучасным свеце, гэта адна з самых хвалюючых для многіх тэм. А колькі іншых “невырашальных” жыццёвых пытанняў паўстае, бадай, у кожнага. Таму, пачынаючы з гэтага нумара, у нашай газеце будзе выходзіць новая рубрыка “Парады псіхолага”, дзе кожны чытач зможа знайсці карысную інфармацыю ад кваліфікаваных педагогаў, псіхолагаў, дэфектолагаў, а таксама нашых чытачоў, якія могуць падзяліцца асабістым вопытам. Калі ў вас ёсць такія пытанні, заходзьце або тэлефануйце ў рэдакцыю, дасылайце лісты, пішыце на наш сайт у інтэрнэце.
Першая публікацыя, якую мы прапануем у рамках новай рубрыкі, павінна зацікавіць маладых бацькоў, чые дзеці ўжо зусім хутка стануць першакласнікамі. Каб падрыхтоўка да заняткаў у школе не стала для дзіця стрэсам, парады бацькам дае педагог-псіхолаг Ушацкай сярэдняй школы Вольга Дзмітрыеўна СІДАРЧУК.

У хуткім часе для першакласнікаў пачнецца цікавае і ў той жа час даволі няпростае падарожжа ў нязведаную  краіну – школу. Чым больш ваш маленькі школьнік будзе ведаць пра навучальную ўстанову, тым лягчэй ён пераступіць яе парог. Успомніце, як вы самі калісьці ішлі “першы раз у першы клас”, раскажыце пра гэта свайму сыну або дачушцы. Ні ў якім разе не палохайце дзіця, бо страх – не лепшая матывацыя для малыша пры любых абставінах, а боязь школьнага жыцця ўвогуле недапушчальная.
Дзіця ў гэтым узросце адчувае біялагічную патрэбнасць у дадатковых ведах. Не адказвайце на яго пытанні  жорсткім “потым даведаешся” або “ў школе раскажуць”, а вось пачаць знаёміць дзіця з пэўнай інфармацыяй і сказаць, што “больш падрабязна ты абавязкова даведаешся пра гэта  ў школе”, трэба.
Галоўнае адрозненне школы ад дзіцячага сада заключаецца ў тым, што тут дзіця значна больш часу прадастаўлена само сабе. Таму варта развіваць у яго ўменне займаць самога сябе. Для гэтага ўжо зараз не пазбаўляйце малыша магчымасці праяўляць самастойнасць. Не навязвайце яму ўвесь час сваю кампанію. Калі збіраецеся ў госці ці ў магазін, не цягніце яго з сабой і не пакідайце ў прыказным парадку дома. Навучыце дашкольніка не проста імкнуцца да самастойнасці, але і правільна ёю карыстацца. Вы павінны быць упэўнены, што малыш зможа застацца дома адзін, з’есці прыгатаваны абед, заняць сябе гульнямі або кніжкамі. Дайце яму магчымасць зрабіць штосьці самастойна. Пры гэтым не забывайцеся, што ўсё добра ў меру.
Многія бацькі ведаюць, што іх дашкольнік пакуль што не можа канцэнтраваць увагу на адной справе. Замест дамінуючай у дзіцячым садзе гульнявой дзейнасці ў школе вядучай становіцца вучэбная, якая патрабуе адвольнай увагі малыша. А яна ў дзіця, улічваючы яго ўзроставыя асаблівасці, яшчэ слаба развіта. Але гэта не падстава для хваляванняў. Не павышайце голас на першакласніка за тое, што ён не можа доўгі час сядзець на месцы і ўважліва слухаць. Не трэба палохацца, калі ваш малыш будзе залічаны на карэкцыйныя заняткі да настаўніка-дэфектолага або педагога-псіхолага. Такія заняткі дапамогуць развіваць вусную і пісьмовую  мову дзіця, яго  ўвагу, памяць і мысленне, а значыць першакласнік зможа хутчэй авалодаць школьнай праграмай.
Для прафілактыкі празмернай фізічнай і разумовай перагрузкі, недахопу сну і адпачынку, стрэсавых сітуацый неабходна прадумаць у дэталях распарадак дня маленькага вучня і строга кантраляваць яго выкананне.
Рыхтуючыся стаць бацькамі школьніка, не перакладвайце свае абавязкі толькі на школу. Мэта навучальнай установы, у першую чаргу, – даць веды ў рамках школьнай праграмы, а ў выхаванні адначасова ўдзельнічаюць і сям’я, і школа, і тое асяроддзе, якое акружае дзіця.
Падрыхтавала
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *