Аграрии «Сафийских даров» активно работают на полях

Сельское хозяйство

Мы прывыклі да таго, што сейбіты “Сафійскіх дароў” ужо з пачатку аграрнага года замацоўваюцца на лідарскіх пазіцыях.

Але сёлета яны не бралі з месца ў кар’ер і тэмпы пасяўной разгортвалі паступова. У сярэдзіне ж гэтага тыдня, калі слупок тэрмометра падскочыў да абсалютна летніх лічбаў, мы засталі на палетках ля Баброва даволі масавы пасяўны дэсант.

Шпарка бегала па полі чатырохметровая сеялка Міхаіла Ражноўскага. “Стартаваў я сёлета 16 сакавіка пад Крыжамі – за сваю немалую кар’еру так рана сеяць ніколі не пачынаў”, – зазначыў механізатар, калі спыніўся, каб загрузіць у бункер насенне. Хоць тэхніка з грунтоўным прабегам, але перад сезонам штатны сейбіт гаспадаркі прывёў яе ў парадак, “падшаманіў” і ў дні прастою з-за дажджоў, так што падвесці не павінна. Асноўную ж баявую адзінку – пасяўны комплекс HORSCH – мы ўбачылі на ўскрайку суседняга поля. Галоўны аграном Антон Юльянавіч Анецька даваў указанні Артуру Карабаню, якому сёлета даручаны прадукцыйны агрэгат, і падвозчыку Сяргею Шчэрбіку. “У кабіне гэтай сеялкі я не ўпершыню: восенню сеяў на ёй азімыя”, – патлумачыў нам Артур. Як аказалася, пад’ехалі мы ва ўдалы момант: у хлопца якраз было некалькі вольных хвілін, бо ён сеў на хвост апрацоўкі ці, у перакладзе з механізатарскага слэнгу, дагнаў сваіх калег, якія рыхтуюць для яго фронт работ.

На ўчарашнюю раніцу ў раёне было засеяна 35,3 працэнта запланаваных пад зерневыя і зернебабовыя культуры плошчаў. Высокія тэмпы ўтрымліваюць аграрыі “Глыбачан” (40,2%), “Сафійскіх дароў” (38,3) і “Ільюшынскага” (37,8), а “Віцебскагра-прадукт” ужо засеяў амаль палову вылучаных пад зерневыя ўчасткаў.

Толькі за адзін дзень, 11 красавіка, аграрыі “Сафійскіх дароў” засеялі зернавымі 50 гектар.

Глеба на гэтых землях яшчэ добра не прасохла, цяжкая, са шматлікімі вымачкамі, і каб давесці яе да прымальнай тэхналагічнай кандыцыі, трэба прайсціся не з адным агрэгатам, так што “хвост” расцягваецца. Пасля плугоў Андрэя Яфрэмава, Міхаіла Цыбульскага і Дзмітрыя Магеркі на палеткі выязджаюць з культыватарамі Ілья Шалонька, Аляксей Атрашкевіч і Міхаіл Куцэнка. Якраз апошняга мы і ўбачылі за рулём “Кіраўца” з КГП. У “Сафійскіх дарах” ён першы сезон, аднак аграрны вопыт мае немалы: больш 20 год шчыраваў у суседніх полацкіх гаспадарках.

“Вы ж не прамініце і нашага Феліксавіча, ён з правага боку дарогі палеткі сушыць!” – падказалі нам клапатлівыя калегі. Ветэран сельгасвытворчасці Пётр Караткевіч губляць час на зносіны з журналістамі не надта любіць, ды ўсё ж прыпыніў трактар з чызелем, каб з намі павітацца. На вільготным участку без агрэгата, “лапы” якога ўзрыхляюць глебу, ніяк не абысціся. На полі ж, дзе збіраўся сеяць авёс HORSCH, спатрэбілася і апрацоўка фразой, так што давялося пазнаёміцца нам і з яшчэ адным работнікам. Дзмітрый Купцоў родам з Аршанскага раёна, але ўжо даволі даўно жыве ва Ушацкім. У апошнія гады развозіў кармы на комплексах гаспадаркі і нават станавіўся прызёрам раённага спаборніцтва па колькасці выпрацаваных умоўных эталонных гектараў. Зараз жа кіраўніцтва перавяло Дзмітрыя на палявыя работы. Пасля “клыкоў” фразы, якія “ўзбіваюць” глебу, у ёй будзе менш камякоў і загартачы пасяўнога агрэгата змогуць якасна закрыць насенне.

Запрацаваўшы ўчасткі з аўсом, сеялкі пераехалі на палі, дзе будзе расці пшаніца, а потым адправяцца ў бок Турасполля, дзе плануюць пасеяць ячмень-эліту. Мяркуецца, што зерневыя і зернебабовыя сёлета зоймуць у гаспадарцы 2615 гектараў – тут традыцыйна самы вялікі клін сярод ушацкіх прадпрыемстваў. Адметна, што амаль дзве трэці аб’ёму складаюць азімыя і, адпаведна, пад яравую сяўбу вылучана толькі 915 гектараў. Ёсць добрая магчымасць справіцца ў аптымальныя тэрміны, але для гэтага, канечне, трэба рацыянальна выкарыстоўваць кожны спрыяльны дзень. Што і стараюцца рабіць работнікі “Сафійскіх дароў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *