Пепелище от жгучей ревности…

Закон - один для всех

Стаяў у маленькай вёсачцы Арцюшкі звычайны дачны домік, у якім жыла-не тужыла сям’я пенсіянераў. Не тужыла, бо сумаваць мужу і жонцы не прыходзілася, бо адносіны ў іх былі напружаныя. Мікалай Францавіч, які размяняў ужо восьмы дзесятак, любіў бавіць час за бутэлечкай у сардэчнай кампаніі аднавяскоўцаў, што не выклікала вялікага аптымізму ў яго жонкі Марыі Цімафееўны – жанчыны, трэба сказаць, цікавай, са шматлікімі знаёмствамі і разнастайнымі інтарэсамі. Таму не дзіўна, што пасля 16 год сумеснага жыцця гэты шлюбны карабель даў моцны крэн – яны развяліся. І калі для Марыі Цімафееўны падзея гэтая не стала асаблівым стрэсам, то якасць жыцця яе былога мужа значна пагоршылася. Па-першае, ён страціў каханую жанчыну, а па-другое, пазбавіўся месца жыхарства, бо былая жонка забараніла яму жыць у доме, які належаў ёй. Сама ж Марыя Цімафееўна перабралася ў сваю кватэру ў гарпасёлку, а домік у Арцюшках стала выкарыстоўваць у якасці дачы. А Мікалай Францавіч працягваў пахмельны стыль жыцця, блага цяпер у яго для гэтага была сур’ёзная прычына. Мужчына перабраўся ў суседнюю вёску Шчарбёнкі (адзін з сяброў дазволіў яму пажыць у сваёй хаце) і пачаў выношваць планы помсты. Да моцнай крыўды дадалася пякучая рэўнасць: былы муж быў упэўнены, што пакінутая без яго нагляду кабета вельмі хутка знойдзе яму замену.
Відаць, у рамантычную вясновую пару яго душэўныя пакуты абвастрыліся, бо ўвечары 12 мая Мікалай Францавіч, падсілкаваўшыся бутэлькай віна, рашуча накіраваўся да былога сямейнага ачага, каб ператварыць яго ў ачаг узгарання. Гаспадыні ў дачным доміку не было, яна нават не адказала на званок па мабільным тэлефоне, што яшчэ больш абразіла мужчыну. Зачыненыя дзверы не сталі для яго перашкодай, бо ў двары знайшлася сякера, з дапамогай якой зламыснік трапіў у дом праз акно. Павялічылі спакусу і запалкі, што ляжалі на бачным месцы. Пакрывалы на канапе і ложку заняліся хутка. Калі праз некалькі хвілін злодзей нетаропка крочыў па лесе, за яго плячыма ўжо чуліся “стрэлы” шыферу, што лопаўся ў агні…
Праз пару гадзін Мікалай Цімафеевіч патэлефанаваў у выратавальную службу і паведаміў пра пажар, пазваніў і былой жонцы, каб “парадаваць” яе “гарачай” навіной. Ён цалкам прызнаў сваю віну, ды і матэрыялы следства не пакідалі ніякіх сумненняў наконт асобы падпальшчыка. Дом, пабудовы і маёмасць былі знішчаны агнём.
У жніўні адбыўся суд, які прызнаў Мікалая Францавіча вінаватым у наўмысным знішчэнні маёмасці, здзейсненым небяспечным спосабам, пацягнуўшым нанясенне ўрону ў буйным памеры, і назначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады. Аднак суд, кіруючыся канцэпцыяй удасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.12.2010, рашыў не прыводзіць у выкананне пакаранне, калі грамадзянін на працягу двухгадовага выпрабавальнага тэрміну не здзейсніць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі. Акрамя таго, да мужчыны будуць прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэння па месцы жыхарства. Падпальшчык таксама павінен будзе кампенсаваць пацярпеўшай матэрыяльны (больш за 27 мільёнаў рублёў) і маральны (5 мільёнаў) урон.
Як далей будзе разгортвацца гэта “постсямейная” драма, пакуль невядома. Але хочацца спадзявацца, што ў ёй, нарэшце, будзе пастаўлена кропка.
С.БАБАШЫНСКІ,
пракурор Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *