Хроника происшествий за неделю

Закон - один для всех

Па матэрыялах РАУС за мінулы тыдзень аддзелам міліцыі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства быў прыцягнуты адзін чалавек, за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – пяць. Узбуджана пяць крымінальных спраў.

Няпрошаны госць

Жыхарка Вялікіх Долец заявіла ў міліцыю аб крадзяжы. Ноччу невядомая асоба, збіўшы дзвярны замок, пранікла ў нежылы дом, які належыць жанчыне, і выкрала газавую пліту, духоўку. Урон, які панесла грамадзянка, склаў 350 тысяч рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа, праводзіцца праверка.

“Эканаміст”

Крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах жыхара гарпасёлка, які на працягу дзесяці месяцаў злосна не выплачваў аліменты на ўтрыманне сваіх дзяцей. У выніку запазычанасць склала больш за два мільёны. Мужчыну за такую “эканомію” на асабістых дзецях пагражае да шасці месяцаў арышту.

“Адпачынак” працягнецца

Жыхарка вёскі Ліпавец – абавязаная асоба – час ад часу дазваляла сабе не выходзіць на работу без уважлівых на тое прычын. Колькасць прагулаў грамадзянкі дасягнула 32-х. У адносінах яе ўзбуджана крымінальная справа, жанчыне пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

“Чыстка” аўтамабіляў

З аўтамашыны жыхара гарпасёлка злодзей выкраў магнітолу і некаторыя іншыя рэчы на агульную суму 1,5 мільёна рублёў. Злачынства было ўчынена пад покрывам ночы. Не спыніла зламысніка і тое, што аўтамабіль стаяў у двары дома. Узбуджана крымінальная справа, праводзіцца праверка.
* * *
Аналагічнае злачынства было ўчынена ў вёсцы Двор Пліна. Жыхар Валожына прыехаў на Ушаччыну на адпачынак да сваіх родных. Машыну не палічыў патрэбным закрываць, за што і паплаціўся. Невядомая асоба, скарыстаўшыся момантам, выкрала з аўтамабіля маёмасць на суму 180 тысяч рублёў.
* * *
Апошнім часам міліцэйская зводка стракаціць выпадкамі крадзяжоў з аўтамабіляў грамадзян. Калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй па такіх фактах, паведаміце аб гэтым у раённы аддзел унутраных спраў па тэлефонах: 2-17-74 або 102.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *