“Напэўна, букеты на Дні нараджэння Вам не дораць?” – пацікавіліся ў жыхаркі Ільюшына Т.У.Марковіч, убачыўшы яе вялікую кветкавую аранжарэю ў доме і плантацыі такіх насаджэнняў у двары. “Наадварот, – усміхаецца жанчына, – ніякіх падарункаў не заказваю (усё ёсць), а вось кветкам рада заўсёды. Яны і настрой ствараюць, і справіцца з любымі хваробамі дапамагаюць”.
Знайсці па вуліцы Лясной аграгарадка дом Таццяны Уладзіміраўны не склала цяжкасцяў. Кветкі тут, здаецца, усюды: у падвясных кашпо перад уваходам, у вазончыках на вокнах, у альтанцы, ды і па ўсім перыметры двара, агарода. Плот, дарэчы, заўважылі не адразу: згубіўся на фоне трохузроўневай алеі квітнеючай прыгажосці.
“Нават прыблізна не ведаю, колькі соцень кветачак тут змясцілася, – прызнаецца гаспадыня. – Нямала гладыёлусаў, нават у мой рост (усяго 27 гатункаў), рознакаляровых вяргінь і петуній (па 20), цыній, непатрабавальных аксамітак… Штогод рассаджваю іх “па росце”, стараюся не парушыць і каляровае суседства. Пастаянна штосьці ўдасканальваю – на гэтых 20 метрах ёсць дзе душы разгуляцца!”.
Кветкі ў жыцці Таццяны Уладзіміраўны – з самага дзяцінства. З захапленнем назірала, як растуць у мамы “качаны” (так у вёсцы называлі гартэнзію), бальзамінкі, цікавілася асаблівасцямі догляду. Калі ж пайшла ў самастойнае жыццё, актыўна занялася кветкаводствам. Работа, выхаванне пецярых дзяцей, падсобная гаспадарка любімаму занятку ніколі не перашкаджалі.
У двары нашай гераіні ўбачылі нечаканы “экспанат” – жывога бусла. Абяссіленную птушку, якая завязла ў той дзень у балоце, жанчына прыкмеціла на шляху з лесу, дзе збірала брусніцы. Пакінуць у бядзе не змагла – выцягнула і прывезла на веласіпедзе дамоў. Нават цікава: набярэцца бусел сіл і зляціць ці застанецца ў гэтай клапатлівай, любячай усё жывое жанчыны?
“Гэта вельмі прыемныя клопаты, прычым, круглагадовыя, – кажа Т.У.Марковіч. – Узімку клубяні любімай бягоніі перасушваю (яе ў мяне 6 відаў), займаюся рассадай – усю веранду посудам з зямелькай застаўляю. Занята пад гэтыя мэты і цяпліца, у якой, дарэчы, асобныя кусцікі і застаюцца – выкінуць шкада, вось і цвітуць зараз паміж памідораў. З ранняй жа вясны радуюць на падворку цюльпаны і нарцысы (з першымі асабліва гарманіруюць салатавыя), пазней “падключаюцца” півоні, мальва, вяргіні, петуніі, некалькі разоў за сезон цвітуць ружы – і так да позняй восені, калі адыходзяць хрызантэмы”.
“Калі ў цябе ўжо пасяўная закончыцца: увесь час корпаешся?” – падсмейваюцца суседзі. Таццяна Уладзіміраўна ж на такое не звяртае ўвагі: можа і не паснедаць, а на праверку сваіх “гадаванцаў” выйдзе. Штосьці трэба паліць, недзе падвязаць, засохлыя суквецці абарваць. Да кветак жанчына адносіцца як да жывых істот. У ліпеньскія ўраганы, напрыклад, некалькі разоў да іх выбягала – укрывала, падпірала, усё ж заробленае летась на грыбах ды ягадах (лес – яшчэ адна яе прыхільнасць) уклала ў кветкі. “Яны такі клопат адчуваюць, таму і радуюць, – упэўнена гаспадыня. – І не было такога выпадку, каб штосьці не вырасла ці засохла, а парасткі, лісточкі нясу дамоў адусюль. Так, раслінкі, як і людзі, хварэюць – тады набываю для іх лекі, падкормку, мяняю зямлю. А потым і яны мяне лечаць – з сухацветаў той жа каляндры, якой у мяне 6 відаў, рамонкаў, аксамітак гатую вітамінізаваны чай, палашчу адварам горла”.
Узрост, вядома, дае пра сябе ведаць – на агародзе без дапамогі блізкіх было б ужо праблематычна. А вось на кветнікі ў Т.У.Марковіч сіл хапае, на наступны год мяркуе нават павялічыць іх плошчы. Дзеці, унукі і такая квітнеючая прыгажосць – галоўная радасць яе жыцця.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.