Почему подростки употребляют алкоголь?

Выясняем ситуацию

Прааналізаваўшы правапарушэнні з удзелам непаўналетніх у нашым раёне за бягучы перыяд 2011 года, можна адзначыць, што большасць з іх здзейснена асобамі, якія знаходзіліся ў той момант у стане алкагольнага ап’янення. Відавочна, што спіртное – адзін з галоўных фактараў, які правакуе парушэнне закону. А што штурхае падлеткаў на ўжыванне алкаголю ў такім юным узросце?

Імкненне да даросласці

Для падлеткаў характэрна імкненне хутчэй стаць дарослымі, у вачах сваіх аднагодкаў выглядаць крутымі. Як гэта зрабіць? На жаль, сярод спосабаў дасягнення мэты лідзіруе ўжыванне алкаголю, які непаўналетнія лічаць пропускам у дарослае жыццё.
Часта парушальнікамі дысцыпліны становяцца навучэнцы вучылішчаў. Вырваўшыся з-пад нагляду бацькоў і педагогаў, яны акунаюцца ў “дарослае жыццё”: цягнуцца да чаркі, а потым дэманструюць “геройства” – здзяйсняюць злачынствы. Ведаю ўшацкага хлопца з добрай сям’і, які нядрэнна вучыўся ў школе, а вось калі паступіў у вучылішча (наўмысна не называю прозвішча і ўстанову), адразу кінуўся ва ўсе цяжкія: пачаў піць, прапускаць заняткі, мець зносіны з судзімымі асобамі. Як вынік, ужо праз год хлопца было не пазнаць: агрэсіўны, схуднелы і “сіні” ад пастаянных п’янак. Да таго ж яшчэ і праблемы з законам у яго “аднекуль” намаляваліся.
Ёсць і зусім іншыя прыклады. Малады чалавек пасля заканчэння дзевяці класаў у мінулым годзе паступіў у вучылішча. Там яго паводзіны характарызуюцца як станоўчыя. А вось калі хлопец прыязджае ва Ушачы і сустракаецца з сябрамі, пачынае рабіць абы-што. Толькі ў бягучым годзе ён двойчы трапляў пад увагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў за распіццё спіртных напіткаў. Усё ж такі многае залежыць ад асяроддзя, у якое трапляе чалавек, тым больш малады, у якога яшчэ не ўмацавалася псіхіка.
Смяротнасць ад ужывання алкаголю ў краіне з году ў год маладзее. Думаю, кожны можа назваць трагічныя прыклады, калі маладыя алкаголікі не дажылі нават да 30 гадоў. Сёння на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Ушацкага РАУС знаходзіцца 22 непаўналетнія правапарушальнікі. З іх чацвёра стаяць на ўліку за ўжыванне спіртнога. З пачатку года за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах затрымана восем падлеткаў.

Яблык ад яблыні…

Практыка паказвае, што супрацьпраўныя паводзіны дзяцей знаходзяцца ў непасрэднай залежнасці ад недахопаў сямейнага выхавання. Рэгулярныя рэйды-праверкі па вывучэнні сямейна-бытавых умоў пражывання дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, што стаяць на ўліку ў камісіі, інспекцыі па справах непаўналетніх, даказваюць гэты факт. Шанцаў, калі так можна сказаць, здзейсніць злачынства ў дзяцей з гэтых сямей намнога больш. На першае верасня на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Ушацкага РАУС знаходзілася 67 сямей сацыяльна небяспечнага становішча, у якіх выхоўваецца 107 непаўналетніх.
Даныя сістэмы аховы здароўя паказваюць: калі адзін з бацькоў злоўжывае спіртным, у дзіцяці верагоднасць стаць алкаголікам складае 45 працэнтаў. Калі ж і бацька, і маці знаходзяцца ў палоне “зялёнага змія”, то такая верагоднасць павышаецца амаль удвая. Так, напрыклад, Маша (імя зменена) выхоўвалася ў сем’і, дзе маці і яе сужыцель злоўжывалі спіртнымі напіткамі. Родныя не звярталі ўвагі на паводзіны падлетка і нават не забаранялі час ад часу выпіваць: ёсць факты, што за “нецвярозы” стол побач з дарослымі садзілася і дзяўчынка. Калі справа дайшла да пазбаўлення бацькоўскіх правоў у адносінах яе маці, тая знайшла ў сабе сілы, закадзіравалася. А вось у Машы, якой зараз толькі 16 гадоў, пазбавіцца ад згубнай звычкі самастойна ўжо не атрымліваецца. Падобная сітуацыя склалася і ў сям’і, дзе выпівоха-маці адна выхоўвае чацвярых дзетак. Дагледзець кожнага яна не тое што не можа, а, хутчэй, проста не хоча, а таму дзеці змалку былі прадстаўлены самі сабе. Зараз старэйшая дачка актыўна ўжывае алкаголь, а малодшая, якой толькі 14, бадзяецца з “сумніўнымі” асобамі. І такіх прыкладаў, на жаль, у раёне дастаткова.

У сям’і не без выключэння

Як паказваюць факты, ад здзяйснення злачынстваў не застрахаваны непаўналетнія з так званых добранадзейных сямей, у матэрыяльным плане забяспечаных. У большасці выпадкаў альбо бацькі вельмі занятыя сваімі справамі, альбо выхоўваюць адно дзіця, якое песцяць, аберагаючы ад жыццёвых праблем. Здавалася б, усё, што трэба, у гэтых дзяцей ёсць, у той жа час, дзеля забавы, ім хочацца паспрабаваць іншага, новага, забароненага. Пры разглядзе такіх спраў выяўляецца, што дарослыя правакуюць дзяцей на дрэнныя ўчынкі, а тыя лёгка на гэта паддаюцца. А ўсё адбываецца таму, што бацькі, спасылаючыся на вялікую занятасць на рабоце, мала ўдзяляюць увагі падлеткам. У той час, як тыя не начуюць дома, дарослыя не цікавяцца, дзе яны могуць быць. Без нагляду і здзяйсняюцца розныя правапарушэнні.
Заўважыць прыхільнасць маладога чалавека да алкаголю не так проста: звычайна яна праяўляецца крыху пазней. Аднак, як сцвярджаюць псіхолагі, вытокі закладваюцца менавіта ў падлеткавым узросце, калі фарміруюцца ідэалы маладых людзей.

Мая хата збоку?

Чамусьці далёка не кожны з нас адважваецца біць трывогу, калі пакутуюць чужыя, суседскія дзеці. У кожнай школе і сельсавеце такія сем’і імкнуцца трымаць на асаблівым уліку, але ж удаецца далёка не ўсё. Вось і расце падлеткавая злачыннасць.
А хто возьмецца сказаць, колькі ў нас незаўважаных, “ціхіх” п’яніц? Яны закон не парушаюць, п’юць сабе па хатах. I паступова трапляюць у залежнасць ад спіртнога, адкуль выбрацца немагчыма. А побач з імі растуць дзеці, штодня назіраюць такі “дарослы” жыццёвы малюнак і пераймаюць прыклад… Мы вінавацім маладых людзей за тое, што яны рана пачынаюць ужываць алкаголь, аднак, відаць, забываем, што самі разам са сваімі дзецьмі кожны раз усаджваемся за святочны стол са спіртнымі напіткамі. На жаль, зараз стала нормай наліць падлетку бакал віна ці шампанскага, а часам, наогул, даць у рукі пяці-шасцігадоваму сыну ці дачцэ чарку – хай сабе нават з кампотам – і прапанаваць чокнуцца і выпіць разам з дарослымі. Не задумваемся, што такімі паводзінамі самі правакуем першыя крокі сваіх жа дзяцей да развіцця ў іх згубнай звычкі.
Даўно даказана: у якое асяроддзе трапляе чалавек, такім, у большасці, ён і становіцца. Дык што, будзем і надалей займаць пазіцыю пасіўнага назіральніка?!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “Почему подростки употребляют алкоголь?

  1. Если ребенок раз в год под Новый год и выпьет бокал шампанского, ничего такого не случится…я считаю надо разбираться с теми, кто алкоголь им продает….Ведь в подворотне никто шампанское пить не будет…а выпьют пива, водки а то и «чернил»…а еще дети не заняты..их надо занимать спортом искусством учебой ….Даже взять в деревне кто-то ходит на волейбол каждый вечер, а кто-то слоняется по углам с сигаретой и бутылкой…Пусть бы детям показывали почаще фильмы с последствиями алкоголизма:для этого просто стоит взять камеру и провести несколько соц. опросов местных бомжей-алкашей….

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *