Вопросы торговли обсудили на «прямой линии»

Зваротная сувязь

Гандаль заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, таму ажыўлена прайшла і “прамая лінія”, звязаная з работай гэтай сферы жыццядзейнасці. На пытанні чытачоў адказаў намеснік старшыні Ушацкага райспажыўтаварыства Юрый Феадасеевіч ХОМІЧ. 

Жыхар вёскі Глыбачка пытаўся, ці ёсць магчымасць завозу ў мясцовы магазін ці непасрэдна заказчыку насеннай бульбы першай, другой рэпрадукцыі позніх або сярэдняспелых сартоў беларускай селекцыі. За прымальны кошт бульбу новага сорту для развядзення на сваім прысядзібным участку, пэўна, купілі б і іншыя жыхары вёскі.
– Пытанне вырашальнае, бо з інстытута бульбаводства мы пастаянна завозім розныя сарты, у тым ліку і беларускай селекцыі. Па заяўцы зможам выканаць падыходзячы для пакупніка заказ.
– Чаму ў нашых магазінах раптоўна знікла сметанковае масла? – гэта пытанне цікавіла многіх чытачоў.
– Хачу сказаць, што людзі самі ствараюць ажыятаж вакол гэтага тавару, як было нядаўна з цукрам і соллю. Аднаму пазваніў сябар з Віцебска і сказаў, што там масла падаражэла ў два разы, той расказаў родным, суседзям, калегам, і ўсе з думкамі, што заўтра такая ж цана будзе і ў нас, паспяшаліся ў магазін і куплялі столькі, колькі маглі знесці або на колькі хапала грошай у кашальку. Попыт пачаў расці, як снежны ком, заводы проста не паспявалі выпускаць такую колькасць масла, а мы – завозіць яго ў гандлёвыя кропкі раёна. Навошта закладваць свае маразільныя камеры маслам, калі можна пайсці ў магазін і купіць свежы прадукт? Сметанковае масла ўжо зноў з’явілася на прылаўках магазінаў, толькі ў меншай колькасці, але паступова яго пастаўкі вяртаюцца ў папярэднія межы. Прычым, як, напэўна, заўважылі пакупнікі, чуткі аб тым, што тавар моцна падаражэе, аказаліся неапраўданымі.
– Чаму ў магазінах раёна зніклі запалкі, і калі яны зноў з’явяцца ў продажы?
– У нашых магазінах прадаюцца запалкі, якія вырабляюцца на Барысаўскім заводзе. Пэўны час быў перабой з пастаўкамі запалак па прычыне яго рамонту. Адпаведна папярэдне завезеныя партыі былі раскуплены, а новых паступленняў не было. Сёння запалкі ўжо пастаўляюцца ў патрэбным аб’ёме і ёсць на прылаўках магазінаў. Дарэчы, некаторыя пакупнікі нават і не заўважылі адсутнасць гэтага тавару.
– Чаму малако, смятана лепельскай вытворчасці ў магазінах у дастатку, а вось марожанае пад маркай “Лепелька” не заўсёды знойдзеш?
– Сапраўды, “Лепелька” – вядомы брэнд і малочная прадукцыя гэтага вытворцы даўно палюбілася нават самым патрабавальным пакупнікам. Лепельскае марожанае не толькі вельмі смачнае, але і даволі таннае, да таго ж у апошні час пашырыўся яго асартымент. У продажы яно ёсць не заўсёды, бо за суткі завод выпускае адносна невялікую колькасць марожанага, намнога меншую, чым, скажам, Аршанскі завод, прадукцыя якога пастаянна маецца ў магазінах.
– Раней у гарпасёлку была адна кропка па продажы кветак, цяпер яе няма. А як быць, калі патрэбны кветкі на дзень нараджэння, юбілей, вяселле ці іншае мерапрыемства? Чаму б райспажыўтаварыству не вырашыць гэтую праблему?
– Згодны з вамі, такая гандлёвая кропка сапраўды патрэбна ва Ушачах, таму ў бліжэйшы час мы разгледзім шляхі вырашэння дадзенага пытання.
Два тэлефонныя званкі датычыліся работы аўтамагазінаў. Жыхары вёсак Цялічына і Кугоні выказалі свае пажаданні наконт абслугоўвання і асартыменту тавараў. Ю.Ф. Хоміч паабяцаў улічыць усе заўвагі і пажаданні пакупнікоў.
Падчас “прамой лініі” ў адрас работнікаў райспажыўтаварыства паступіла і ўдзячнасць ад жыхара аграгарадка Вялікія Дольцы А.Шчэрбіка. Калі пажылому чалавеку спатрэбілася бульба, яе прывезлі прама дамоў. Мужчына шчыра дзякаваў за добрыя адносіны і ўвагу, за тое, што работнікі гандлю арыентуюцца на пакупніка і гатовы ўсё зрабіць, каб задаволіць патрэбы спажыўцоў.
В.ПОЛАЗАВА.



2 комментария по теме “Вопросы торговли обсудили на «прямой линии»

  1. много нужного узнала из статьи. и правда, зачем было раскупать соль, сахар, а теперь ещё и масло? Сегодня в «Центральном» масло предостаточно было)

  2. Вот на самом деле, цветочного магазина в Ушачах не хватает…знакомые приезжали в гости из Глубокого и на мой ответ,что живых цветов у нас купить негде только изумленно пожали плечами, мол «колхоз да и только»….А еще неплохо бы если бы в Центральном начали закрываться шкафчики, а то замков нету))))

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *