На участке дороги от улицы Калининской до ушачского лесничества будет сделан капитальный ремонт

Зваротная сувязь

Некалькі тэлефанаванняў паступіла выконваючаму абавязкі начальніка філіяла Ушацкага ДРБУ №105 КУП “Віцебскаблдарбуд”  Дзмітрыю Пятровічу Цімафееву падчас “прамой лініі”, якая прайшла ў рэдакцыі на гэтым тыдні.

Так, жыхар Кавалеўшчыны скар­дзіўся на тое, што апошнім часам не грэйдзіруецца дарога да населенага пункта, якая знаходзіцца не ў самым лепшым стане: “Дарожная тэхніка, калі працуе на дарозе ў напрамку Завячэлля, праязджае міма павароту на наш населены пункт. Мы, канечне, разумеем, што дарог шмат і не настойваем, каб тэхніка спецыяльна ішла прагрэйдзіраваць нашых паўтара кіламетра. Проста хацелася б, каб падчас работ на завячэльскай дарозе не забывалі завярнуць і да нас”. Дзмітрый Пятровіч адзначыў, што згодна графіка дарога на Завячэлле грэйдзіруецца два разы ў месяц і паабяцаў высветліць і пракантраляваць выкананне работ на дарозе да Кавалеўшчыны.

Аб тым, што ўчастак вуліцы Калінінскай да ўшацкага лясніцтва пакідае жадаць лепшага вядома ўсім, хто па ім перамяшчаецца: ямкі на ім перавышаюць нарматыўныя паказчыкі. Прагучала гэтае пытанне і падчас “прамой лініі”. Д.П.Цімафееў паведаміў, што гэты ўчастак дарогі, які знаходзіцца на іх балансе, канечне, даўно патрабуе рамонту і работы запланаваны на бягучы год: 605 метраў хутка “апрануцца” ў новы асфальт. Паколькі зараз работнікі ДРБУ-105 задзейнічаны на работах у Копысі Аршанскага раёна, капітальны рамонт названага ўчастка будзе зроблены ў другім паўгоддзі.

Яшчэ адзін тэлефонны званок паступіў ад мнагадзетнай сям’і з вёскі Ляхі Сарочынскага сельсавета. Не так даўно жыхары населенага пункта прасілі падсыпаць дарогу. “Падсыпка была зроблена, але атрымалася, што месцамі дарога ў здавальняючым стане, а на асобных участках замест гравійнага пяску аказаўся дробны, без камення, яго толькі на пляж! На веласіпедах мы часта ездзім у Сарочына ў магазін і буксуем, не едуць па такім пяску і колы дзіцячай каляскі”, – казала маладая жанчына.

Дзмітрый Пятровіч паабяцаў высветліць сітуацыю, выехаўшы на месца, і пры неабходнасці падсыпаць дарогу гравіем.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *