О качестве хлеба, автомагазинах и кафе «Улыбка». На вопросы читателей во время «прямой линии» ответила председатель правления Ушачского райпо Л.А.Долгая

Зваротная сувязь

Тэма гандлёвага абслугоўвання ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Гэта пацвердзіла і чарговая “прамая лінія”, якую праводзіла з чытачамі нашай газеты старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.ДОЛГАЯ. Ліліі Альбінаўне паступіла некалькі  пытанняў, адказы на якія будуць цікавымі для многіх ушачан.

Наконт якасці хлеба паступілі адразу два тэлефанаванні.

– Што здарылася? Чаму мякіш прыліпае да нажа, корка адвальваецца, зусім не той прывычны смак!

– Наша печ 1956 года выпуску, на якой выпякаецца хлеб, патрабуе капітальнага рамонту. Такога абсталявання ў рэспубліцы засталіся лічаныя адзін­кі. А ў апошнія месяцы мы вымушаны былі дапамагаць суседзям і пастаўлялі хлеб у Глыбокае і Шуміліна, толькі ў лютым гэта лічба дасягнула 40 тон! Такія аб’ёмы і нагрузка на абсталяванне, магчыма, паўплывалі на якасць. Ужо гэтай вясной будзе зроблены капітальны рамонт печы. Якасць хлеба, безумоўна, залежыць і ад якасці мукі, тэхналагічных працэсаў прыгатавання цеста, за якімі мы ўзмоцнім кантроль, каб наш хлеб быў смачным і задавольваў спажыўцоў.

– Часта купляю палову хлеба, прадаўцы магазіна калі ўпакоўваюць яе, а калі-небудзь не. А як павінна быць і ў які пакет – платны ці бясплатны – яны павінны яе класці?

– Рэзаны хлеб – той тавар, які па санітарных нормах трэба ўпакоўваць і рабіць гэта прадаўцы павінны ў бясплатныя пакеты, а па жаданні пакупніка ў платныя – яны больш трывалыя. Бясплатныя пакеты, пазначаны адпаведным надпісам, маюцца ва ўсіх гандлёвых кропках, а таму вы маеце права патрабаваць, каб палову хлеба паклалі менавіта ў такі пакет.

– Памяшканне ў самым цэнтры Ушач, дзе размяшчалася дзіцячае кафэ “Усмешка”, зараз пустуе. Цікава, які аб’ект у перспектыве плануецца тут размясціць?

– Разглядалі розныя варыянты задзейнічання гэтай кропкі, але так склалася, што мы вымушаны перанесці ў названае памяшканне “Піражковую”. Пасля рамонту зрабіць гэта плануем ужо сёлета. Дзіцячая ж зона, як і агаворвалася раней, размесціцца ў кафэ хуткага абслугоўвання “Папараць-кветка”.

Жыхар Мірнага цікавіўся, чаму вось ужо на працягу чатырох месяцаў у населены пункт не прыязджае аўтамагазін з прамысловымі таварамі.

Лілія Альбінаўна патлумачыла, што ў зімовы час рэйсы аўтамагазінаў з прамысловымі таварамі былі адменены з-за вельмі нізкага пакупніцкага попыту. Але неабходны вяскоўцам тавар прывязе па заяўках звычайны аўтамагазін. Калі ж гэта якая-небудзь буйнагабарытная рэч, то яе даставяць спецыяльнай машынай, трэба толькі пакінуць заказ ці ў аўталаўшчыкаў, ці патэлефанаваўшы ў гандлёвы аддзел райспажыўтаварыства па тэлефоне 2-03-63. Таксама Лілія Альбінаўна нагадала, што любы габарытны тавар кшталту шыферу ці бытавой тэхнікі, можна заказаць у любым вясковым магазіне, для гэтага там ёсць журналы папярэдніх заказаў. Што да аўтамагазінаў з прамысловымі таварамі, то аднавіць іх рэйсы ў сельскія населеныя пункты плануецца ўжо з першага красавіка.

Трэба адзначыць, што падчас “прамой лініі” паступалі і тэлефанаванні з удзячнасцямі.

Адна з іх – ад жыхароў Старога Сяла Жарскага сельсавета, якія летам агучвалі праблему аб тым, што ў мясцовым магазіне даўно не было рамонту, у дажджлівае надвор’е цёк дах, а ад вільготнасці зніжалася якасць некаторых тавараў. Крыху пазней, як і абяцала Л.А.Долгая, у магазіне быў адрамантаваны дах, заменена гандлёвае абсталяванне, перароблена і сістэма ацяплення. Як вынік – станоўчыя водгукі пакупнікоў: “Дзякуй за рамонт, зараз у магазін прыемна зайсці!”

Жыхарка вёскі Лагі Надзея Аляхновіч дзякавала за добрае абслугоўванне як у гарпасёлку, так і на раёне: “Калі па справах бываю ў райцэнтры, заходжу ў магазіны, там заўсёды вялікі выбар тавараў, добрыя прадаўцы. Дзякуй за тое, што рэгулярна прыязджае да нас аўтамагазін. Хоць наша вёска ў канцы яго маршрута, але ўсяго хапае, без праблем выконваюць і любую заяўку. Наш вадзіцель-прадавец Віктар Мынчынскі сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Высокі ўзровень нашага райспажыўтаварыства не раз падкрэслівалі і мае родныя, якія прыязджаюць да мяне з суседняга раёна. Жадаю кіраўніцтву і ўсяму калектыву райспажыўтаварыства поспехаў і здароўя”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *