25 лет на связи: рассказываем об электромеханике Ушачского участка Сергее Лукашевиче

Общество

На старонках нашай газеты электрамеханіку Ушацкага ўчастка электрасувязі С.В.Лукашэвічу дзякавала жыхарка вуліцы Юбілейнай. Не нараканні, а цёплы верш-пажаданне ў адрас Сяргея Віктаравіча, яго калег пакінула ў кнізе скаргаў прадпрыемства жанчына з Калінінскай. А яшчэ адна – з Ленінскай, 19 – для ўхілення праблем з “Залай” прасіла накіраваць да яе менавіта “надзейнага хлопца з Дошкі гонару”. Для сувязіста ў другім пакаленні ўсё гэта – лепшая ацэнка штодзённай работы.

“Калі ў сёмым класе спыталі, кім хачу стаць, упэўнена адказаў – электрамеханікам, хаця ў той час не разумеў, што гэта значыць, – усміхаецца ўшачанін. – Сувязістам быў тата, і я любіў назіраць, як ён “чаруе” з каляровымі правадкамі. Ды і сам, бывала, разбіраў няспраўную тэхніку, глядзеў, што ўнутры”.

Да незнарок пастаўленай мэты, праўда, Сяргею Віктаравічу было яшчэ далёка. Пасля школы паспеў адслужыць, а з прыходам на ўчастак (тады – вузел) электрасувязі – з дапамогай бацькі Віктара Уладзіміравіча асвоіў прафесіі электраманцёра і кабельшчыка-спайшчыка, завочна скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі.

Свой першы рабочы дзень, хаця і прайшло ўжо 25 гадоў, С.В.Лукашэвіч памятае выдатна. Яго ў складзе брыгады з сямі чалавек прывезлі ў Чарсцвяды, далі рыдлёўку і сказалі “Капай!”. Траншэі для пракладкі кабелю тады, сапраўды, рабілі ўручную – нямала часу ды фізічных сіл спатрэбілася, каб адолець вызначаныя дзесяць метраў. Прыгадвае Сяргей Віктаравіч і самы складаны момант у кар’еры, калі з-за моцнай завеі, працяглых снегападаў без сувязі пад Кублічамі засталіся многія абаненты. Некалькі дзён лазілі па слупах, ліквідавалі непаладкі пад зямлёй – і ўсё гэта ў мароз пад 30 градусаў.

Ёсць і іншыя цяжкасці – даводзіцца, напрыклад, і ў шахты спускацца, і пашкоджаныя ўчасткі кабелю на дахах мяняць. Цяпер жа – у статусе электрамеханіка, якім стаў у 2016-м пасля праходжання спецыяльных курсаў павышэння кваліфікацыі актыўна кантактуе з абанентамі: выязджае на выклікі для ліквідацыі непаладак, звязаных з тэлефоннай сувяззю, інтэрнэтам, трансляцыяй інтэрактыўнага і эфірнага тэлебачання ZALA, іх устаноўкай. За дзень наведвае каля 10 аб’ектаў – і з кожнага вяртаецца з выкананай на ўсе сто працэнтаў задачай.

“Гэта наша палачка-выручалачка, – кажа пра С.В.Лукашэвіча начальнік участка электрасувязі А.У.Шакута. – Калі трэба, і дапазна затрымаецца, і ў выхадныя на працу выйдзе”. Дарэчы, было такое і напярэдадні нашай сустрэчы. У 17.10 паступіла інфармацыя, што ў жыхара Кубліч не працуе тэлефон. Паколькі ж той мае інваліднасць і ў любы момант можа спатрэбіцца сувязь, адкладваць выезд Сяргей Віктаравіч не стаў.

“Бываюць і нестандартныя выпадкі, – расказвае ён. – Прыязджаю неяк да абанента, які паскардзіўся, што тэлебачанне не працуе. Падыходжу да тэлевізара, а вілка не ў разетцы. Пытаюся: “А не спрабавалі ў сетку ўключаць?”, а на мяне глядзяць са здзіўленнем: “А трэба было? Раней проста на пульце кнопку націскаў”. Пажылыя людзі, сапраўды, часта забываюцца, як штосьці ўключыць, – тады некалькі разоў паказваю, разам усё запісваем на лісток”.

Зараз, калі РУП “Белтэлекам” актыўна працуе над пераключэннем медных правадных ліній сувязі на оптыка-валаконныя, спраў у электраманцёра прыбаўляецца. Так, адышло ў нябыт правадное радыё, але з’явілася шмат новых тэхналогій атрымання інфармацыі. Кожны раз даводзіцца знаёміцца з навінкамі сучаснага абсталявання, што нашаму герою вельмі цікава.

“У аснове паспяховай работы – скрупулёзнасць і ўважлівасць, –  адзначае Сяргей Віктаравіч. – На любым выкліку ўсё пераправяраю, каб абаненты засталіся задаволены. Інакш не магу”. Пасядзець над электронікай любіць і ў вольны час, таму праблем са спраўнасцю прыбораў у яго доме не ўзнікае. Зрэшты, не без цікаўнасці назірае за гэтым яго сын-дзевяцікласнік – магчыма, добрая змена тату і дзядулю вырасце.

У нашага земляка нямала прафесійных дасягненняў. Неаднаразова ён аказваўся ў ліку лепшых сувязістаў Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”, адзначаўся Ушацкім раённым Саветам дэпутатаў. Нагода павіншаваць Сяргея Віктаравіча ў яго блізкіх, калег была і сёлета: як ужо прыгадвалі, па выніках 2023-га яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

…На жаль, з нядаўняга часу герой нашага аповеду вымушаны адзін гадаваць дваіх дзяцей-школьнікаў. Сяргей Віктаравіч заўсёды быў клапатлівым бацькам, хадзіў з сынам і дачкой у басейн, гуляў з імі па лесе, катаўся на веласіпедах, цяпер жа прыбавілася і шмат бытавых абавязкаў. Зараз у іх няпросты этап жыцця, аднак з дапамогай блізкіх і сяброў, падтрымкай калег, упэўнены, яны абавязкова з усім справяцца. Адметна, што на 21 кастрычніка, калі ў краіне адзначаецца Дзень бацькі, прыпадае і Дзень нараджэння Сяргея Віктаравіча, і мы шчыра жадаем, каб у гэтага цудоўнага таты і яго дзяцей усё было добра.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *