У апошні час адразу некалькі прадпрыемстваў і ўстаноў нашага раёна ўзначалілі маладыя перспектыўныя кіраўнікі і, што вельмі прыемна, іх работа атрымлівае станоўчыя водгукі. Аказваецца, давяраць маладым не толькі можна, але і трэба: недахоп вопыту яны кампенсуюць жаданнем працаваць, энергічнасцю, прагай да наватарства. Сярод такіх кіраўнікоў – А.В.Бародзіч, які зусім нядаўна ўзначаліў філіял Ушачы ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №6 г.Наваполацк”, аднак ужо паспеў заваяваць аўтарытэт у работнікаў, многія з якіх удвая старэйшыя за яго. Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі Аляксея Васільевіча падзяліцца сваімі ўражаннямі аб стане спраў на прадпрыемстве, выказаць меркаванні аб шляхах удасканалення яго дзейнасці.
Укараненне інавацыйных тэхналогій – рэальная прыкмета сучаснасці. Не збіраемся заставацца ў баку ад прагрэсу і мы. Зараз, напрыклад, займаемся ўсталяваннем на аўтастанцыі сістэмы СКС, якая дазволіць ажыццяўляць цэнтралізаваны продаж аўтобусных білетаў на любыя рэспубліканскія рэйсы. Такім чынам, у недалёкім будучым ушачане змогуць у нашай касе набыць білет, скажам, на рэйс Мінск-Брэст. З укараненнем новай сістэмы спросціцца і работа касіраў.
Праблем хапае на любым прадпрыемстве, асабліва ў цяперашні няпросты час. Зрэшты, пасажырскія перавозкі заўсёды былі справай малапрыбытковай. Падаражанне паліва, з аднаго боку, абумовіла некаторае павелічэнне колькасці пасажыраў, аднак гэта не пакрывае страт на яго набыццё па новых цэнах. Моцна б’е нас па кішэні і кошт запасных частак, які ў апошні час павялічыўся ў разы. Не дзіўна, што зараз акупляюць сябе толькі лічаныя маршруты – рэйсы на Полацк, Наваполацк, Лепель. Выкананне сацыяльных стандартаў цягне за сабой значныя страты. Ёсць маршруты, па якіх аўтобус перавозіць за рэйс аднаго-двух пасажыраў, а іншы раз і ўвогуле “вязе паветра”. Паўстае заканамернае пытанне аб неабходнасці сур’ёзнай аптымізацыі маршрутнай сеткі. Праводзіцца яна можа па трох накірунках. Самы радыкальны – скарачэнне колькасці маршрутаў, аднак ісці такім шляхам не хацелася б ні нам, ні, канечне, пасажырам. Больш прымальныя варыянты – сумяшчэнне маршрутаў або скарачэнне абаротных рэйсаў па іх. Безумоўна, і да гэтых змен насельніцтва трэба рыхтаваць. Калі, напрыклад, планавалася сумяшчэнне маршрутаў Ушачы-Пораўна і Ушачы-Пад’язна, давялося асабіста наведвацца ў гэтыя вёскі, тлумачыць жыхарам непазбежнасць сумяшчэння, падкрэсліваць пэўныя выгоды, якія яно дае. У выніку, замест двух маршрутаў зараз існуе адзін – Ушачы-Пораўна з заездам у Пад’язна, і нараканняў ад насельніцтва няма. Скарочана колькасць абаротных рэйсаў па маршрутах Ушачы-Глыбачка, Ушачы-Старое Сяло (праз Пліна). І да гэтых змен людзі ў асноўным аднесліся з разуменнем.
Акрамя 20 аўтобусаў у склад нашага аўтапарка ўваходзяць 6 грузавых аўтамабіляў, якія можна выкарыстоўваць для перавозкі сыпучых грузаў, на будаўнічых работах. Гэта прыбытковая сфера дзейнасці, на якую мы ўскладаем вялікія надзеі ў павышэнні рэнтабельнасці прадпрыемства. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць да нас на работу вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў. Увогуле я лічу, што галоўнае багацце нашага прадпрыемства – выдатны згуртаваны калектыў, асноўны касцяк якога складаюць вопытныя вадзіцелі, сапраўдныя майстры сваёй справы. Адказна і сумленна працуюць нашы механікі, кантралёры тэхнічнага стану транспартных сродкаў, касіры. Вельмі цяжка вылучыць кагосьці асабіста, тым больш кіраўніку, які нядаўна ўзначальвае калектыў. Назаву толькі вадзіцеляў, якія з нагоды прафесійнага свята ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Ушацкага райвыканкама – гэта В.В.Федарэнка, А.М.Малочка. Адзначу таксама В.М. Асіповіча, які атрымаў сёлета ганаровае званне “Ветэран працы”. Усіх работнікаў нашага прадпрыемства віншую з прафесійным святам і жадаю, каб і на дарогах, па якіх яны едуць, і на іх жыццёвых шляхах было як мага менш перашкод і выпрабаванняў.
Падрыхтавала Н.БАГДАНОВІЧ.
Может все-таки возобновят движение по маршруту Полоцк-Кубличи?Хотя бы если бы утром он приходил в нашу деревню….А то все равно он впустую на автовокзале простаивает…А что бы выручка была…. конролеров пустите пару раз для острастки…