На ЧУП «Сорочино» работают в привычном режиме

Зваротная сувязь

Сустрэча на прыватным унітарным прадпрыемстве “Сарочына” была шостай па ліку на працягу двух апошніх месяцаў, калі старшыня райвыканкама адказваў на пытанні працаўнікоў буйных прадпрыемстваў, расказваў пра становішча ў раёне, канечне, увязваючы яго з сітуацыяй у краіне. І хоць работнікаў свінагадоўчага комплексу не датыкнулася скарачэнне аб’ёмаў вытворчасці, адсутнасць заказаў і збыту, наогул, калектыў застаецца стабільным па высокіх паказчыках, заробках і адсутнасці цякучасці кадраў, аднак яны таксама жывуць не на востраве і адчуваюць як пазітыўныя, так і негатыўныя перамены часу.

Урадам прымаюцца меры па стабілізацыі эканомікі. Усталяваўся адзіны курс долара. Скарачаюцца аб’ёмы будаўніцтва, аднак для тых, хто сапраўды мае патрэбу ва ўчастках пад забудову, у паляпшэнні жыллёвых умоў, яны захаваюцца, таксама як і для мнагадзетных сямей, тых, хто падоўгу жыве ў інтэрнатах, каменціраваў сітуацыю ў рэспубліцы Алег Анатольевіч Кавалёнак. Адпускаюцца цэны на сельгаспрадукцыю, з пачатку года на свініну яны падняліся на 60-80 працэнтаў. Выгадна прадаваць на Расію.
Павышэнне адпускных цэн на мяса, канечне, станоўча ўспрынялі ў калектыве, гэта дазволіла палепшыць фінансавае становішча, ад якога залежыць зарплата работнікаў і ўвесь іншы сацыяльны пакет, вельмі неблагі на прадпрыемстве. Канечне, павышаецца кошт на электраэнергію, паліва — усё гэта, як і раней, прымушае лічыць і эканоміць. Дарэчы, каб павысіць вытворчасць мяса, амаль не павялічыўшы пры гэтым затрат, комплексу проста неабходна пашыраць вытворчыя плошчы. Пакуль што прыпынена будаўніцтва новых свінарнікаў. Гэта адно з самых злабадзённых для комплексу пытанняў, якое не проста ведае кіраўнік раёна, але і падымае на самых розных узроўнях.
І калі не было ў працаўнікоў значных сацыяльных пытанняў, то, як высветлілася, хапае прыватных. І сустрэча ў калектыве перарасла ў прыём па асабістых пытаннях. Асвятленне вёскі Сарочына, ля магазіна і на пераходзе шашы, непакоіла Л.Д.Ільюшэвіч. Алег Анатольевіч запэўніў, што калі справа не датычыцца ўстаноўкі новых слупоў, за што па трасе адказваюць не раённыя службы, то асвятленне будзе наладжана. Таксама гэтай вёсцы было прысвечана пытанне, якое ад імя працаўнікоў комплексу задавала старшыня прафкама прадпрыемства Г.С.Карабань. Яно датычылася закрыцця аддзялення “Беларусбанка”. Сапраўды, па цэнтры банкаўскіх паслуг №221 чакаецца аптымізацыя кропак на вёсках, прычына відавочная – іх стратнасць. З укладчыкамі вёскі Сарочына адбудзецца сустрэча кіраўніцтва ЦБП, падобныя праходзяць і ў іншых населеных пунктах. Больш падрабязна газета асветліць гэта пытанне ў наступных нумарах. Таксама наша чытачка прасіла друкаваць інфармацыю аб цэнах на самыя хадавыя тавары, што мы, канечне, будзем працягваць рабіць.
Мясцовым, а дакладней – кватэрным, было пытанне маладой сям’і, якая купіла дом і цяпер жадае ўстанавіць прыборы ўліку вады. Таксама іх цікавіла, на якія льготы яны могуць разлічваць яшчэ. Зноў задавалі арэхаўцы пытанне па газіфікацыі іх прыватнага сектара і пачулі ранейшы адказ: паралельна робіцца праект на ўсе чатыры кааператывы, тры, што не ўключаны ў праграму, будуць уключаны на наступны год. Прагніў масток праз раку, што раздзяляе Ціханяты і Ваўчо, таму і прасіла старэйшына першай вёскі дапамагчы аднавіць патрэбны людзям пераход. Пытанні, якія не былі зняты ў ходзе сустрэчы, узяты на кантроль.
* * *
Незадоўга да сустрэчы ў ПУП “Сарочына” асабісты прыём грамадзян у вёсцы Сарочына правёў першы намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ягоравіч Вайцянкоў. Паступіла толькі адно пытанне ад жыхароў вёскі Пятніцы наконт рамонту дарогі да могілак, якое дамовіліся выправіць сумеснымі сіламі ДРБУ-105 і КУСГП “Арэхаўна”.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *