Сложности с электропроводкой: советы для жителей Ушачского района от специалистов

Общество

Разабрацца ў гэтай сітуацыі падштурхнула тэлефанаванне Галіны Васільеўны Сцяпанавай з Лутава Сяльца. Праблему маленькай не назавеш, хоць і датычылася яна толькі яе дома. Жанчына пачула непрыемны пах расплаўленай праводкі, спрацаваў і аўтаномны пажарны апавяшчальнік, напалохалася, але паколькі пры сіле, змагла ўзняцца да пробак і абясточыць дом. А потым патэлефанавала ў дыспетчарскую Ушацкага раёна электрасетак. Спецыялісты прыехалі, агледзелі ўвод, ён аказаўся спраўным, і паведамілі, што ў дом яны заходзіць не маюць права. “Куды трэба звяртацца ў такіх выпадках, што рабіць пажылым людзям, якія не ў стане самастойна нават адшукаць пробкі. Тэлефанаваць пажарным ці куды?”, – цікавілася жанчына.

За адказам мы найперш і звярнуліся да начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыя Віктаравіча Дахіна: “Пры ўзнікненні дыму, іскрэння і паху плаўлення, канечне, трэба тэлефанаваць па 101 ці 112. Выратавальнікі выедуць на месца, разбяруцца ў сітуацыі, прадухіляць узгаранне, прычына якога можа быць скрытай, і дадуць домаўладальніку далейшыя парады. Калі спрацаваў апавяшчальнік, а бачных прычын для гэтага няма (ён можа быць няспраўным), то тэлефанаваць у МНС не варта, як і пры іншых праблемах з пробкамі, лічыльнікамі, праводкай – трэба выклікаць спецыялістаў-энергетыкаў. Што датычыцца адзінокіх пажылых грамадзян, то ў выніку работы аглядавых камісій вызначаецца стан домаўладання, і людзі ведаюць, што трэба мяняць”.

А вось чаго не ведаюць – да каго канкрэтна трэба звяртацца. Кропкі над “і” расставіў начальнік Ушацкага вытворча-збытавога ўчастка філіяла энергазабеспячэння Максім Русланавіч Прашкевіч: “Варта зазірнуць у дагавор, дзе ўсё распісана. Калі праблемы з вулічнымі правадамі, да ўводу, то тэлефанаваць трэба ў раён электрычных сетак (5-88-51) і праблему ўхіляць бясплатна. Калі з лічыльнікам – да нас (5-73-63), а вось уся ўнутраная праводка, пробкі, каробкі, выключальнікі – уласнасць саміх гаспадароў. Хаця да нас звяртаюцца і калі прапала святло, і калі нешта закараціла ў доме. Па прыборах уліку насамрэч пытанняў менш за ўсё. У якім выпадку трэба выклікаць нашых спецыялістаў? Абавязкова, калі нешта мяняеце ў доме. Пломбы на лічыльніку будуць зняты, а па завяршэнні работ адноўлены. Па-другое, паколькі літаральна ва ўсіх абанентаў стаяць аўтаматычныя лічыльнікі, то пасля перабояў з электраэнергіяй можа патухнуць экран. Святло ў доме будзе, а вось прыбор хутчэй за ўсё спыніцца. Калі ўстаноўлена сістэма АСКуЭ (аўтаматызаваны ўлік паказанняў электраэнергіі), мы бачым няспраўнасць і выязджаем самі. Дарэчы, былі і ў прыгаданага абанента з Лутава Сяльца, праблемы аказаліся ў пробках. У многіх “узроставых” дамах праводка эксплуатуецца з моманту пабудовы. І не варта чакаць плаўлення ці ўзгарання, трэба своечасова мяняць на новую”.

Па Віцебскай вобласці з-за парушэння правілаў устройства, эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання за 11 месяцаў мінулага года адбылося 249 пажараў і ў параўнанні з 2023-м іх колькасць павялічылася на 22 працэнты. Ва Ушацкім раёне з 21 пажару 5 узнікла па гэтых жа прычынах.

80 працэнтаў тэлефанаванняў у энергазбыт паступае не па адрасе.

І вось тут паўстае новае пытанне, як гэта зрабіць. У раёне мы адшукалі толькі адну арганізацыю, якая можа аказваць падобныя паслугі – гэта камунгас. Галоўны энергетык прадпрыемства Аляксандр Фёдаравіч Булаўка патлумачыў: “Можам выехаць не толькі ў кватэры шматпавярховак, якія абслугоўваем, але і ў прыватны сектар. Заяўкі падавайце ў дыспетчарскую службу па нумарах 5-03-83 ці 8 (029) 370-45-83. Тэрмін выканання будзе залежыць ад загружанасці нашых электрыкаў на вырашэнні бягучых задач”. Падказку даў і начальнік Ушацкай энергагазінспекцыі Сяргей Леанідавіч Ярмош: “Шукайце арганізацыі з ліцэнзіямі на аказанне паслугі па замене праводкі ўнутры дома, іх дастаткова ў Полацку і рэгіёне. Ні ў якім разе не спрабуйце разабрацца самастойна. Можна прыбягаць да паслуг знаёмых электрыкаў з практычнымі і тэарэтычнымі ведамі – гэта не забараняецца, аднак, зразумела, што ў такім выпадку ў вас на руках не будзе дагавора, а значыць і гарантый. Аднак, на якім бы варыянце вы ні спыніліся, галоўнае, каб перыядычна запрашалі спецыялістаў і правяралі злучэнні, разеткі, выключальнікі. І яшчэ на адным важным аспекце хачу засяродзіць увагу ўшачан: раней выкарыстоўвалі мала электрапрыбораў і 3,5 кілавата на дом хапала, зараз з далучэннем мікрахвалевых печаў, пральных машын, воданагравальнікаў сячэнне праводкі не вытрымлівае, па гэтай прычыне і выбівае “пробкі”. Да таго ж, праводку ў савецкія часы пракладалі выключна з алюмініевых праваднікоў, як больш танных. У праектах на новыя дамы яна нават не разглядаецца – толькі медныя правады, якія маюць большую тока- і цеплаправоднасць (менш награваюцца, а медны кабель сячэннем 1,5 міліметра адпавядае алюмініеваму ў 2,5), амаль не акісляюцца і больш трывалыя на загібах. Таму, калі ў вас пры ўключэнні электрапрыбораў спрацоўвае ўстройства ахоўнага адключэння, плавяцца ці іскраць кантакты – абавязкова трэба поўнасцю ці часткова мяняць разеткі, выключальнікі, праводку”.

У раёне заключана 11 тысяч дагавораў на атрыманне электраэнергіі, на сістэму АСКуЭ пераведзена 9500 лічыльнікаў.

З-за нагрэву кантактных злучэнняў у размеркавальных каробках, разетках, выключальніках па вобласці летась адбылося 36 пажараў, па прычыне перагрузкі ўнутранай сеткі з-за неадпаведнасці сячэння – 16, з-за злучэння праваднікоў розных матэрыялаў – 5.

Звяртайце ўвагу на рэкламу ў нашай газеце. Некаторыя прадпрымальнікі ці прадпрыемствы, як фірма “Брыар”, даюць інфармацыю аб такіх паслугах.

Падрыхтавала Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *