Юные сердца: как школьники Ушачской школы оживили историю на конкурсе военно-патриотических номеров

Образование и молодежь

Такой “жывой”, эмацыянальнай аўдыторыі, гатовай суперажываць, пахвілінна апладзіраваць, падхопліваць кожную песню, пазайздросцілі б, напэўна, і многія эстрадныя зоркі. Але ж гэткая атмасфера панавала на звычайным канцэрце ва Ушацкай школе. Зрэшты, не такім ужо і звычайным: напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны тут вырашылі ўпершыню правесці конкурс ваенна-патрыятычных нумароў, прычым да песень і вершаў юным артыстам трэба было прыдумаць харэаграфічнае, тэатралізаванае аздабленне.

Як падкрэсліў адзін з членаў журы, ветэран Узброеных Сіл Уладзімір Васільевіч Зыранаў, у справе патрыятычнага выхавання моладзі вельмі важна шукаць новыя цікавыя формы – і арганізатарам гэта ўдалося. Тэму Вялікай Айчыннай вайны, гераізма і мужнасці абаронцаў Айчыны дзеці раскрывалі яскрава і шчымліва, было бачна, што кожную адлюстраваную на сцэне падзею яны прапускаюць праз сэрца. Зала разам з юнымі артыстамі суперажывала маці, якой прынеслі “пахаванку” на сына (на здымку), а выканаўца гэтай ролі Аня Качко атрымала прыз за лепшае акцёрскае майстэрства. Цяжка было стрымаць слёзы, калі Яна Сакалова чытала пранізлівы верш “Галубка” пра забітых фашыстамі дзяцей. Атмасферу ўзнёсласці стварыў прыгожы “Майскі вальс”, а тэмбр Аляксандра Калясінскага (на здымку) нават даў журы нагоду ўзгадаць Мусліма Магамаева. Больш малодшыя школьнікі прадставілі вобраз Васіля Цёркіна, які “згодны на медаль”, па-заліхвацку выканалі партызанскія прыпеўкі і савецкі хіт пра салдацкі выхадны. Калі ж са сцэны загучала “Кацюша”, спяваць яе пачалі ўсе дзеці ў зале – і зусім не таму, што гэта прадугледжваў сцэнарый…

Усе канкурсанты былі настолькі яркімі і пераканаўчымі, што выбраць лепшых аказалася немагчыма, таму кожнаму нумару журы прысудзіла перамогу ў пэўнай намінацыі, а старшыня раённай арганізацыі “Беларускага саюза афіцэраў” Уладзімір Пальчэх уручыў школьнікам салодкія падарункі ад грамадскага аб’яднання.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *