Вместе24 сям’і з розных куткоў Беларусі прынялі ўдзел у другім рэспубліканскім сямейным фестывалі “Разам”, які прайшоў у Валожынскім раёне. У кожнай свая гісторыя, традыцыі і сакрэт шчасця. Але агульныя прынцыпы – любоў да блізкіх, сваёй справы і роднай краіны. Незвычайнае мерапрыемства – ініцыятыва Беларускага саюза жанчын, накіраваная на папулярызацыю інстытута сям’і і захаванне традыцыйных каштоўнасцей. Ушаччыну на фестывалі прадставіла сям’я Сакаловых. Вячаслава і Наталлю, іх дружных дзяцей у нашым раёне ведаюць многія – лёгкія на пад’ём, яны заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці як сваіх калектываў, так і рэгіёну ў цэлым.
“Хоць і няпроста з чатырма дзецьмі адпраўляцца ў падобныя паездкі, а мерапрыемства было двухдзённым, над прапановай старшыні раённай арганізацыі БСЖ Дзіны Міхайлаўны Садоўскай доўга не раздумвалі, – расказвае Наталля. – Хутка падрыхтавалі сямейны відэаролік-візітоўку і творчы нумар”.
Першы дзень фестывалю быў вельмі насычаным – знаёмства сямей, работа інтэрактыўных пляцовак, гульні з дзецьмі, дыскатэка. І адразу ж нашы землякі праявілі сябе, заняўшы першае месца ў эстафеце. Асноўную ролю ў ёй узялі на сябе бацькі і другакласніца Аня, а старэйшыя Яна і Назар разам з самай маленькай Марыйкай былі актыўнымі балельшчыкамі.
Вольга Шпілеўская, старшыня Беларускага саюза жанчын: “На гэтым фестывалі мы хочам паказаць, што такое беларуская сям’я. Не абавязкова трэба быць мнагадзетным, але галоўнае быць разам, адчуваць, што такое дух сям’і”.
Адметна, што падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю Сакаловы атрымалі ганаровае права ўзняць беларускі сцяг.
У другі дзень удзельнікаў і гасцей чакаў вялікі гала-канцэрт, дзе сем’і дэманстравалі свае таленты. Не раз Яна станавілася пераможцай на раённых конкурсах чытальнікаў, а таму смела прадэкламавала перад залай верш, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Сакаловы разам праспявалі песню пра сям’ю, і хоць зусім не прафесіяналы ў музыкальным накірунку, атрымалі гучныя апладысменты і порцыю кампліментаў. Адметна, што на мерапрыемстве не было прайграўшых, не вызначалі лепшых – усе без выключэння ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад спонсараў. А яшчэ кожны атрымаў мноства эмоцый і ўражанняў. “Атрымалася незвычайнае мерапрыемства, нягледзячы на дажджлівае надвор’е. У дамашняй абстаноўцы часта кожны заняты сваёй справай, хтосьці з дзяцей хоча спаць, а хтосьці гуляць, а тут мы абсалютна ўсё рабілі разам і лавілі сябе на думцы, як гэта прыемна і цэнна! Увогуле фестываль цалкам апраўдвае сваю назву”, – дзеляцца ўражаннямі нашы ўдзельнікі, якія ўпэўнены, што шчаслівымі можна быць толькі ў сям’і!
Сям’і Сакаловых сёлета спаўняецца 14 гадоў. Вячаслаў паспяхова спраўляецца з абавязкамі камандзіра аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы, а Наталля – галоўнага інжынера “Юнацтва-Ушачы”. Яна, Назар і Аня радуюць бацькоў добрай вучобай, а таксама сваімі дасягненнямі ў спорце і музыцы. Маленькая ж Маша пакуль наведвае дзіцячы садок. Маладыя людзі не толькі клапатлівыя бацькі, а і добрыя гаспадары, якія старанна добраўпарадкоўваюць сваю сядзібу на вуліцы Лабанка ў гарпасёлку.
Вольга КАМАРКОВА.