В Ушачском районе приступили к заготовке кормов

Сельское хозяйство

У нашым раёне нарэшце распачалася нарыхтоўка кармоў. “Вялікадолецкае” закрыла першую сянажную траншэю ля вёскі Сорзава.

У сёлетняй касавіцы – вельмі складаны пачатак. Яна зноў супала з сяўбой. І калі два гады таму гэта адбылося з-за анамальнай сухаты, калі перасявалі палеткі і на карані ўбіралі лічы што сена, то цяпер наадварот – з-за зямлі, насычанай як губка вадой. Толькі ў канцы мінулага тыдня гаспадаркі раёна паспрабавалі вывесці на палеткі трактары, шукаючы сушэйшыя ўчасткі.

Каля Судзілавіч мы заспелі ўсю неабходную для нарыхтоўкі сенажу тэхніку. Энерганасычаны МТЗ-3032, якім кіраваў Мікалай Хамёнак, выглядаў на ўскрайку 150-гектарнага поля як цацачны, ды і тое дзякуючы ярка-жоўтай дзевяціметровай касілцы. З Віталем Букам яны стартавалі на некалькі дзён раней, таму і значна адарваліся, тады як астатнія трактары падбіралі правяленую зялёнку ў самым пачатку вялікага масіву. Менавіта для такіх плошчаў і падыходзяць 9-метровыя граблі, якімі Рыгор Філімонаў аб’ядноўваў валкі. Вельмі прадукцыйны агрэгат, які пры патрэбе складаецца. Рыгор Аркадзьевіч прыгадаў, што летась на дробнаконтурных участках даводзілася памяншаць яго памер і да шасці.

Пра ўніверсальнасць і ўзаемазамяняльнасць работнікаў сведчыць здымак, зроблены на мехдвары “Вялікадолецкага” напярэдадні корманарыхтоўкі. З чацвёркі, што нарошчвала барты і наогул рыхтавала для перавозкі зялёнкі Пімы, гэтым займаецца цяпер толькі Юрый Альбіновіч. Іван Гоман зноў на хімпраполцы, Аляксей Рэут абслугоўвае статкі, а Васіль Лабэцкі выйшаў на заслужаны адпачынак. Але за працяглы час корманарыхтоўкі механізатары яшчэ не раз памяняюцца ролямі.

М.Хамёнак.

У аўторак пасля абеду праходзіла абкатка тэхнікі і рэпетыцыя працэсу, галоўнае ў якім – працэнт вільготнасці сенажу і тэмпература пры трамбоўцы. Праверыць выкананне тэхналогіі прыехалі дырэктар Антон Сафонаў і галоўны аграном Аляксандр Зянюк. Прыбор, аднак, “забракаваў” першыя валкі. Ураджайнасць на гэтых бабова-злакавых травах аказалася невысокай – каля 60 цэнтнераў з гектара, і травы, скошаныя першымі, перасохлі, фактычна адпавядалі сену, якое і накіравалі на падкормку малым цялятам. Ідэальна перад закладкай пракосы патрымаць на сонцы да 40 працэнтаў вільгаці. А вось убіраць травы “напрамую” катэгарычна забаронена незалежна ад таго, у траншэю або ў плёнку закансервуецца сянаж.

А.Сафонаў, А.Зянюк.

Галоўны інжынер Юрый Стрыжонак кантраляваў працэс знутры. Малады спецыяліст зноў аказаўся ў гушчыні падзей – за штурвалам КВК, які і рыхтаваў сёлета разам з іншай тэхнікай да корманарыхтоўкі. Ён выдатна ведае, як адрэгуляваць памер “шынкоўкі”, затачыць зубы камбайна і наколькі часта гэта рабіць. Ды і калі што здараецца на полі, зможа дапамагчы.

Да корманарыхтоўкі на 6 чэрвеня прыступілі ўсе гаспадаркі. “Вялікадолецкае”, “Сафійскія дары” заклалі 250 і 190 тон сенажу адпаведна, “Глыбачаны” распачалі працэс з сена.

Ю.Стрыжонак.

А гладка ўсё не бывае. На чацвёрты дзень касьбы без аўралаў Мікалай усё ж заграз, так што давялося выцягваць такім жа магутным трактарам. З кабіны вымачку не ўбачыць – звычайнае зялёнае поле, а насамрэч стаяла сантыметры з тры вады.

І, канечне, не толькі там. Менавіта таму лічбы ў раённай зводцы застылі на некалькі тыдняў: недасеяна аказалася каля 20 працэнтаў кукурузы і столькі ж да дажджоў паспелі закрыць адналетнікаў. Таксама для закладкі сіласу ў раёне 2 тысячы гектараў адведзена пад маслянічную рэдзьку з падсевам шматгадовых траў. Гэту крыжакветную культуру не позна сеяць і ў чэрвені. Ну а люцэрна між тым ужо завязала бутоны – гэта самы спрыяльны час для таго, каб атрымаць пажыўныя пратэінавыя кансервы. Ды і сабраць на ўзорным полі за Царкавішчам мяркуецца 120-150 цэнтнераў з круга.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *