За последние полтора года в Ушачском районе совершено три коррупционных преступления

Общество

Людзям з невысокімі маральнымі прынцыпамі няпроста ўстаяць перад спакусай скарыстацца сваім службовым становішчам для ўласнай выгоды. І невыпадкова лацінскі тэрмін “corruptio” паходзіць ад слоў cor (сэрца, душа, дух) і ruptum (разбураць, разбэшчваць). Сусветны вопыт антыкарупцыйных кампаній сведчыць, што іх плён у многім залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва.

У Беларусі барацьба з гэтай ганебнай з’явай знаходзіцца пад пільным кантролем Прэзідэнта. “Карупцыя – гэта пагроза палітычнай і эканамічнай бяспецы краіны, поўнае разлажэнне дзяржаўнага апарата, абсалютная страта кіравання эканамічным сектарам і тормаз на шляху станаўлення прававой сацыяльнай дэмакратычнай дзяржавы”, – падкрэслівае Аляксандр Лукашэнка. І зазначае, што ад карупцыі мы будзем чысціць нашу краіну бязлітасна.

Зрабіць гэта можна толькі комплекснай сістэмай мер і аб’яднанымі намаганнямі. У краіне прыняты закон “Аб барацьбе з карупцыяй”, дзейничае адпаведная дзяржаўная праграма, значны ўклад у справу ўносіць Міжведамасная камісія па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй і наркаманіяй пры Савеце Бяспекі Рэспублікі Беларусь. Функцыя галоўнага арганізатара ў супрацьдзеянні ганебнай з’яве даручана Генпракуратуры.

Карупцыя – праблема глабальная: яна прысутнічае ва ўсіх краінах і лічыцца адной з асноўных прычын сусветнага крызісу.

У кожным раёне дзейнічаюць антыкарупцыйныя камісіі, любы чалавек можа прыйсці на выязны прыём ці патэлефанаваць на “прамую лінію” да работнікаў пракуратуры, дзяржкантролю і паведаміць пра негатыўныя факты.

Па даных Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, у агульнай структуры злачынстваў карупцыйныя складаюць зараз 2 працэнты. Пры гэтым у апошнія 15 год найбольшымі тэмпамі павялічвалася колькасць выпадкаў хабарніцтва (зараз іх удзельная вага сярод прыгаданых правапарушэнняў – каля 40%) і крадзяжоў шляхам прысваення, растраты ці злоўжывання службовым становішчам (12%).

Да слова, менавіта да апошняга разраду належалі тры карупцыйныя злачынствы, што былі здзейснены ў нашым раёне за апошнія паўтара года. Пра гэта расказвае намеснік пракурора Ушацкага раёна Раман Гурчонак:

– Мінулай вясной спецыяліст адной з арганізацый выкраў цеплаізаляцыйныя пліты і піламатэрыялы, якія на службовым аўтамабілі даставіў на ўласны падворак. Адпаведна часткі 1 артыкула 210 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, яго дзеянні былі кваліфікаваны як завалоданне маёмасцю, здзейсненае пасаднай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў – грамадзянін атрымаў штраф 4000 рублёў і пазбавіўся права на працягу 4 год займаць пасады, звязаныя з ажыццяўленнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Яшчэ больш суровае пакаранне па прыгаданым артыкуле суд прызначыў работніку другой арганізацыі, які летась даў двум падначаленым указанне пагрузіць і перавезці на яго сядзібу тры тоны дзяржаўнага цэменту. Апроч такога ж штрафу і 5-гадовага пазбаўлення права займаць прыгаданыя пасады мужчына атрымаў тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. А нядаўна ўступіў у сілу прыгавор суда ў адносінах спецыяліста сельгасарганізацыі за спробу незаконна вывезці і здаць металічны лом прадпрыемства.

Хачу падкрэсліць, што падобныя справы як правіла разглядаюцца на выязных судовых пасяджэннях – працоўныя калектывы павінны ведаць сваіх “герояў”, горкі вопыт якіх можа перасцерагчы іншых ад падобных учынкаў. Сапраўды, людзі не заўсёды ўсведамляюць, што, здавалася б, несур’ёзны праступак мае карупцыйную аснову.

Існуе рэйтынг краін па паспяховасці супрацьдзеяння карупцыі. Беларусь знаходзіцца ў яго сярэдзіне, пры гэтым апярэджвае такія постсавецкія дзяржавы, як Расія, Азербайджан, Узбекістан і іншыя.

Праблема не губляе вастрыні, але ёсць пазітыўныя зрухі. Так, у пракуратуры Віцебскай вобласці канстатуюць, што на працягу апошніх чатырох год на тэрыторыі рэгіёна колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў і асоб, прыцягнутых да адказнасці за іх здзяйсненне, зніжаецца. Пераважная большасць такіх правапарушэнняў рэгіструецца ў сферах АПК, ЖКГ і будаўніцтва. Так, у апошнія месяцы на Віцебшчыне выяўлены шэраг злачынстваў карупцыйнай накіраванасці ў сельскай гаспадарцы. Калі ж вылучаць самыя “праблемныя” накірункі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, то гэта сфера закупак, дзе ёсць значныя магчымасці для атрымання незаконнай выгады. Відавочна, што трэба зрабіць так, каб у нячыстых на руку дзеячаў было як мага менш шансаў палепшыць свой дабрабыт за кошт іншых, парушыць тое, што створана нястомнай працай сумленных людзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *