23 августа свой профессиональный праздник отмечают работники органов государственной статистики

Общество

Абсалютна ўсе супрацоўніцы раённага аддзела статыстыкі шчырыя і адкрытыя. Аднак, незалежна ад розніцы характараў і стажу, яны абавязкова абзаводзяцца агульнай прафесійнай рысай – давяраць, але пераправяраць. Літаральна ўсе лакацыі дамашняга жыцця таксама становяцца аб’ектамі вывучэння і параўнання, а апрацаваныя імі лічбы кіруюць эканомікай. Сотні табліц, зводак, бюлетэняў – гэта толькі бачная частка працы статыстыкаў, а нябачная – штодзённая карпатлівая праца і велізарная асабістая адказнасць, бо ад якасці інфармацыі, глыбіні яе аналізу і дакладнасці высноў залежыць правільнасць кіраўніцкіх рашэнняў.

С.Ядрэўская, К.Кучаронак, Н.Машчонак, Н.Кудраўцава.

“Раней, калі апрацоўвалі даныя па сельсаветах, пад рукамі заўсёды былі рулетка, вагі, каб падлічыць і параўнаць ураджай буракоў, морквы, цыбулі. А як інакш? Каб праверыць атрыманую інфармацыю, мне хацелася разумець сутнасць паняццяў, мець базавыя веды, вось і даводзілася ўнікаць у тое, з чым раней не сутыкаўся”, – прыгадвае начальнік аддзела Святлана Пятроўна Ядрэўская. Сама яна, інжынер-сістэматэхнік з дыпломам радыётэхнічнага інстытута, хоць і цікаўная па натуры, ды і вырасла ў Віцебску ў прыватным доме і нават адрознівала пшаніцу ад ячменю, ўсё ж не пераводзіла ў кілаграмы выспелыя на дрэвах яблыкі. А давялося, бо апынулася на ўчастку аддзела, які курыраваў нарыхтоўкі – ад дзяржзаказаў да здачы насельніцтвам лішкаў садавіны і агародніны.

“Мы не проста лічбы абагульнялі, а і ўказвалі прычыны нізкай ці высокай ураджайнасці ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Бывае, і фотаздымкі прыкладалі, і на газету “Патрыёт” з рубрыкай “Дзіва на градцы” спасылаемся, дзе нашы землякі вырашчанымі веліканамі хваляцца. Гэта датычыцца абследавання асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія жывуць у сельскай мясцовасці. Хаця гэта зусім не асноўныя нашы абавязкі”, – Святлана Пятроўна расказвае пра будзённыя справы статыстыкаў, а ўражвае службовай рознабаковасцю. І раней у аддзеле на адным чалавеку была вялікая нагрузка, а цяпер ўвогуле толькі чатыры супрацоўнікі, а начальніку даводзіцца разбірацца ва ўсіх галінах: ад будаўніцтва да жывёлагадоўлі.

Архіўнае фота: верхні рад: Т.Каваленка. С.Долгі, В.Апёнак; ніжні – С. Ядрэўская, Л.Храпавіцкая, Г.Носік, Л.Усцінава.

Хоць свой адлік беларуская статыстыка бярэ з 1920-га, насамрэч, існавала і раней і ў асноўным займалася перапісам насельніцтва (1914-1917 гады).

– Зараз вельмі многае змянілася. У 1998-м я застала яшчэ тэлетайп, калі справаздачы ўручную “выбівалі” спецыяльным апаратам на паперы, а потым гэтыя “дзіравыя” стужкі расшыфроўваліся. Наогул было вельмі многа ручной работы: кіраўніцтву раёна зводкі перадавалі, аналітычныя бюлетэні выпускалі. Спачатку стаяў адзін на ўсіх камп’ютар, а потым пайшоў пераход на электронны збор даных, вывучэнне праграм”.

І тэхнічная спецыяльнасць С.Ядрэўскай прыйшлася як нельга дарэчы. Зразумела, што яна лёгка асвоілася з тэхнічнымі навінкамі і дапамагала калегам. Ды і бухгалтары з іншых арганізацый за парадамі звярталіся. Менавіта па той прычыне, што ў новым тысячагоддзі работа статыстычнай галіны стала шчыльна пераплятацца з ІТ-сферай, Святлану Пятроўну зацвердзілі ў 2005 годзе начальнікам аддзела. А ўвогуле яна не першая, хто на справе пацвярджае, што не дыплом красіць чалавека, а адносіны да справы і вопыт. А яна яго набывала яшчэ на папярэдняй рабоце – у дырэкцыі ўзводзімага санаторыя “Вечалле”, які на той час выпускаў і аднайменную брэндавую мінералку. Як скрупулёзны спецыяліст маркетынгу, яна вяла ўлік і кантактаў, і кожнай бутэлькі. Таму калі тагачасны начальнік аддзела статыстыкі Галіна Міхайлаўна Носік правярала кандыдатуру будучага работніка, атрымала вычарпальную характарыстыку – “ніводная лічба не прападзе”.

Тэлетайп.

Так, было сур’ёзнае стаўленне да абавязкаў, а таксама выдатная школа настаўніцтва. Навічкоў ва Ушацкім аддзеле не пакідалі сам-насам з непазбежнай сотняй пытанняў. У любы час на іх адказвалі ці начальнік, ці старэйшыя калегі Сяргей Пятровіч Долгі і Вольга Данілаўна Апёнак. І вось ужо дваццаць гадоў яна сама, пераняўшы стыль тактоўнасці і павагі, узначальвае невялікі калектыў, адказвае на ўсе пытанні, так жа ветліва прымае моладзь і не забываецца на тых, хто мае статус ветэрана галіны. Чатыры святочныя паштоўкі, якія ў час нашай размовы ляжалі на стале, канечне, ужо прачытаны адрасатамі. У іх шчырыя словы ўдзячнасці і пажаданні ўсяго найлепшага.

Людміла Васільеўна Усцінава:
“Я скончыла фінансава-эканамічны тэхнікум па спецыяльнасці “статыстыка” і аказалася адзіным супрацоўнікам аддзела (ад рэдакцыі: за ўсю яго гісторыю) са спецыяльнай адукацыяй. Так, мы вывучалі базавыя эканамічныя паняцці абсалютна ўсіх сфер, ведалі, як абагульняць даныя, аднак да практыкі ў Рагачове я ўяўлення не мела пра саму работу. І ва Ушачах у першы час давялося вельмі цяжка: не ведала ні населеных пунктаў, ні прадпрыемстваў і іх кіраўнікоў, ад якіх і прымалі справаздачы. Дапамагала знаёміцца з абавязкамі і раёнам, у якім ў 1977-м годзе пражывала каля 30 тысяч чалавек, начальнік аддзела Лізавета Фёдараўна Кухарава і Вольга Данілаўна Апёнак. Добра памятаю Галіну Маёрнікаву, Антаніну Крывёнак, наогул у статыстыцы было вельмі многа людзей. Зарплаты ў нас увесь час былі сярэднімі, як у многіх галінах, калі ў сельскай гаспадарцы ці нашай ПМК-66 атрымлівалі добра. Памятаю гэта, паколькі і курыравала якраз усю зарплату, будаўніцтва, дэмаграфію, інвестыцыі. Мы ўручную абагульнялі атрыманыя даныя, запаўнялі пустаграфкі, напрыклад, па кожнай з 21 гаспадарак з мноствам параўнальнай інфармацыі: выкананнем планаў і папярэднімі гадамі. Гэта быў аналіз, якім карысталася кіраўніцтва раёна. Памятаю, што сельскагаспадарчую зводку здавалі штодня, прычым да пэўнага часу. А ў дзень справаздач кабінеты статыстыкі наогул нагадвалі вуллі”.

Алена Шасцярэнь:
“У 1981-м годзе я размеркавалася інжынерам ва Ушацкую раённую вылікова-інфармацыйную станцыю. Гэта было падраздзяленне статыстыкі з адзіным кіраўніком – на той момант Іванам Пятровічам Кабяком. Мы з’яўляліся дзяржразліковай арганізацыяй і акрамя агульнага збору інфармацыі аказвалі і платныя паслугі многім прадпрыемствам. Напрыклад, налічалі заработную плату камбінату бытавога абслугоўвання, апрацоўвалі абарачальныя ведамасці для гандлёвай размеркавальнай базы, выводзілі астаткі тавараў. Прычым, працоўныя месцы часткі нашых аператараў знаходзіліся ў будынках і населеных пунктах тых гаспадарак ці прадпрыемстваў, якім мы аказвалі паслугі.
Два з трох паверхаў сучаснага будынка займалі цэхі, застаўленыя ці буйнымі шафамі-машынамі, ці сталамі з машынкамі, падобнымі на павялічаныя друкарскія, за якімі працавалі аператары. Акрамя трох інжынераў, адзін з іх галоўны, было яшчэ і два механікі. Наогул я трапіла ў вялікі дружны калектыў, мы часта ездзілі ў турыстычныя падарожжы. Праз 10 гадоў маю пасаду скарацілі, а паступова, з укараненнем камп’ютараў, наогул адпала патрэба ў вылічальнай станцыі”.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *