Белгосстраху — 90 лет!

К профессиональному празднику

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня страхавых работнікаў, а таксама ў рамках правядзення сустрэч кіраўніцтва раёна з працоўнымі калектывамі ў аддзеле па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лепельскім раёне на гэтым тыдні адбылося святочнае пасяджэнне. На ім выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В. Пашковіч, якая расказала аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў раёне, адзначыла, што нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў гэтым годзе многае зроблена для карысці і камфорту ўшачан. Алена Васільеўна павіншавала работнікаў страхавой сістэмы раёна з надыходзячым святам, уручыла страхавому агенту Таццяне Станіславаўне Данішэўскай Ганаровую грамату Ушацкага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё страхавой справы і ў сувязі з 90-годдзем Белдзяржстраха. За актыўны ўдзел у рабоце грамадскага аб’яднання падарунак ад “Белай Русі” атрымаў супрацоўнік арганізацыі Іван Дзмітрыевіч Пугачоў. Да юбілейнай даты калектыву аддзела па аказанні страхавых паслуг таксама быў уручаны памятны падарунак. 

Гістарычны  экскурс

Карані ўзнікнення страхавой справы на тэрыторыі нашай краіны цягнуцца ў далёкае мінулае. 3 снежня 1921 года быў падпісаны дэкрэт Саўнаркама Беларускай ССР “Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання”. З гэтага і пачалася гісторыя Белдзяржстраха – асноўнай рэспубліканскай страхавой арганізацыі, лідара на страхавым рынку краіны.
Гісторыя страхавання на Ушаччыне пачынаецца з моманту паўторнага ўтварэння Ушацкага раёна ў ліпені 1966 года. Тады ж была створана і мясцовая інспекцыя дзяржстраха. І хаця яе калектыў быў зусім невялікі – усяго шэсць чалавек (начальнік, галоўны бухгалтар, інспектар і тры страхавыя агенты), але кампетэнтнасць і прафесіяналізм кожнага работніка ў гармоніі з суперажываннем і нераўнадушшам заўсёды дазвалялі атрымліваць добрыя вынікі, дасягаць поспехаў у працы.

Гонар калектыву

Адной з першых у інспекцыю дзяржстраха па Ушацкім раёне прыйшла Альбіна Макараўна Казіцкая. Некаторы час працавала бухгалтарам, а ў 1977-м была пераведзена на пасаду страхавога агента. Усе задачы – здавалася б, нават невырашальныя – заўсёды былі “па плячы” гэтай мудрай і актыўнай жанчыне. Агульны стаж працоўнай дзейнасці Альбіны Макараўны ў сістэме страхавання склаў 26,5 года. У 1993-м жанчына выйшла на заслужаны адпачынак.
Як вядома, поспех любой кампаніі залежыць не толькі ад зладжанай работы калектыву, але і ад прафесіяналізму кіраўніцтва. З гэтым у мясцовай інспекцыі дзяржстраха праблем не было. У кастрычніку 1972 года ўзначаліў арганізацыю Мікалай Афанасьевіч Дук, які адказна, самааддана працаваў на кіруючай пасадзе ажно 36 гадоў. Увага і добразычлівасць у адносінах да калег і шматлікіх кліентаў інспекцыі з’яўляліся пастаяннымі спадарожнікамі М.А.Дука. Дарэчы, гэты спецыяліст падрыхтаваў сабе дастойную пераемніцу – цяперашні начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лепельскім раёне Тамара Васільеўна Зімніцкая, якая, зрэшты, сама ўжо прысвяціла страхавой справе 27 гадоў, прызнаецца, што асновам і тонкасцям кіраўніцтва навучылася менавіта ў свайго папярэдніка.
Доўгі час адпрацавалі на ніве страхавання Валянціна Пятроўна Мялешка, Людміла Уладзіміраўна Касяк, Антаніна Кірылаўна Крывёнак, Марыя Антонаўна Карабань, Ніна Фядосаўна Мароз, Ганна Майсееўна Васільева. Не забывае кіраўніцтва арганізацыі сваіх ветэранаў. Штогод гэтыя дастойныя людзі атрымліваюць ад аддзялення напярэдадні прафесійнага свята не толькі віншаванні, але і грашовыя падарункі.
Значны ўклад у развіццё страхавой справы ва Ушацкім раёне ўнеслі таксама Іван Харытонавіч Басуеў, Марыя Канстанцінаўна і Анатоль Савельевіч Здановічы, Наталля Лукінічна Лёля.
У гэты юбілейны год хочацца ўспомніць таксама і тых, каго ўжо няма з намі. Гэта інспектары Васіль Андрэевіч Шнітко і Ала Іванаўна Мароз, страхавыя агенты Марыя Андрэеўна Полазава, Васіль Канстанцінавіч Ладыгін, Леанід Паўлавіч Канькоў, Людміла Васільеўна Первянёнак.
Эстафету старэйшых дастойна пераймае моладзь. Як прызнаецца Т.В.Зімніцкая, іх арганізацыі, напэўна, шанцуе: літаральна ўсе новыя работнікі, што прыходзяць сюды працаваць, арганічна ўліваюцца ў калектыў, хутка авалодваюць неабходнымі навыкамі і, увогуле, вызначаюцца выдатнымі чалавечымі якасцямі.

Якасць – галоўны крытэрый

Сёння Белдзяржстрах займае вядучыя пазіцыі па асноўных паказчыках на страхавым рынку краіны. За гады існавання былі ўзлёты і падзенні, аднак пастаянным было адно: страхоўшчык заўсёды служыў інтарэсам дзяржавы і народа.
Дынамічна працуе, пастаянна нарошчвае патэнцыял і наш аддзел па аказанні страхавых паслуг прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Лепельскім раёне. Страхоўшчыкі дапамагаюць кліентам кансультацыямі па шырокім спектры пытанняў страхавой дзейнасці, аказанні страхавых паслуг, фінансаванні папераджальных мерапрыемстваў. Пералік паслуг, якія аказваюцца насельніцтву, велізарны, а тарыфы з’яўляюцца ўзаемавыгаднымі як для страхавой арганізацыі, так і для кліентаў.
За 11 месяцаў бягучага года ў аддзел па аказанні страхавых паслуг па Ушацкім раёне звярнулася за выплатай страхавога пакрыцця 680 страхавальнікаў, якім выплачана 820 мільёнаў рублёў, з іх па добраахвотным страхаванні транспартных сродкаў – на суму 81 мільён (43 выпадкі), ад няшчасных выпадкаў і захворванняў – 71 (220), па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці – 338 мільёнаў (43) і інш.
Надзейнасць і якасць работы страхавой кампаніі пацвярджаецца не пры заключэнні дагавору страхавання, а тады, калі страхавы выпадак ужо адбыўся і трэба хутка выплаціць страхавое пакрыццё. Для юрыдычных асоб, у якіх пацярпела маёмасць, своечасовая выплата дазваляе забяспечыць нармальны ход вытворчага працэсу. Для фізічнай асобы аператыўная выплата страхаўкі або гарантыя пакрыцця выдаткаў не менш важныя.
Трэба адзначыць, што сума страхавога пакрыцця залежыць не ад страхавога агента, а ад самога страхавальніка. На якіх умовах складаць дагавор страхавання і на якую суму – выбіраць вам!

МНЕНИЯ ЖИТЕЛЕЙ РАЙОНА:

Водгукі кліентаў – што можа лепш характарызаваць дзейнасць любой арганізацыі? Дадзім слова тым, хто непасрэдна сутыкнуўся з работай Белдзяржстраха, стаўшы дзеючай асобай так званых страхавых выпадкаў.

Валерыя Васільеўна Правада, в.Малыя Дольцы:
— Бяда навалілася на мяне знянацку. Пайшла ў краму, а калі вярнулася, убачыла, што мой дом ахоплены агнём. Як потым высветлілася, прычынай пажару была няспраўнасць электраправодкі. Безумоўна, гэтае здарэнне стала б для мяне зусім катастрафічным, калі б дом, які, дарэчы, згарэў цалкам, не быў застрахаваны і па добраахвотным страхаванні. Ужо наступным ранкам да мяне наведаліся адпаведныя спецыялісты, дапамаглі аформіць патрэбныя паперы, і я вельмі хутка атрымала даволі значную грашовую суму – зараз вось нагледжваю сабе які-небудзь сціплы, але прывабны вясковы домік… Аб адным шкадую: не здагадалася своечасова застрахаваць хатнюю маёмасць, так што абстаўляць новае жыллё прыйдзецца за ўласны кошт.
Галіна Мікалаеўна Шараева, г.п.Ушачы:
Шматпавярхоўка, у якой жыву, пабудавана ў 1983 годзе, таму на прапанову набыць поліс добраахвотнага страхавання кватэры згадзілася без ваганняў. Не забылася застрахаваць таксама маёмасць і грамадзянскую адказнасць карыстальніка кватэры. Маю празорлівасць неўзабаве пацвердзіла жыццё – аднойчы раніцай лопнула водаправодная труба, у лічаныя хвіліны мая кватэра ператварылася ў басейн, вада сцякала нават па сцяне дома. Вядома ж, наступствы аварыі адчулі на сабе і суседзі з ніжэйшага паверха, кватэра якіх, дарэчы, не была застрахавана. Вось тут і спатрэбіўся поліс страхавання грамадзянскай адказнасці – за атрыманыя грошы суседзі цалкам аднавілі ранейшы стан кватэры. Прывяла ў парадак сваё жыллё і я, таму маю ўсе падставы лічыць: супрацоўніцтва з “Белдзяржстрахам” – справа карысная.
Андрэй Іванавіч Аноп, г.п.Ушачы:
Мінулай восенню набыў аўтамабіль “Шкода-Актавія”, застрахаваў яго на 12 месяцаў па добраахвотным страхаванні транспартных сродкаў “Аўтакаска”. У хуткім часе паехаў у лес за грыбамі і трывала “засеў” у лужыне. Аўтааматары зразумеюць усю глыбіню маёй роспачы: вынікам гэтага падарожжа сталі пашкоджанае кола, зламанае люстэрка, драпіна на баку. Але мой настрой значна палепшыўся, калі літаральна праз 4-5 дзён я атрымаў 2 мільёны 300 тысяч – у такую суму быў ацэнены ўрон. Прызнаюся шчыра: выплаты хапіла не толькі на аднаўленне пашкоджанага, але і на “падарунак” для маёй машыны – новы акумулятар. Быў вельмі ўражаны хуткасцю, уважлівасцю, добразычлівасцю, з якімі да мяне аднесліся страхоўшчыкі.
Андрэй Васільевіч Катушонак, г.п.Ушачы:
Рамантаваў у гаражы машыну, спатыкнуўся, зваліўся ў яму і зламаў два рабры. Каля месяца знаходзіўся на бальнічным. Зразумела, што мільён рублёў, які мне налічылі па страхоўцы ад няшчасных выпадкаў, аказаўся зусім не лішнім. Да таго ж гэтыя грошы сталі нечаканым падарункам для мяне і маёй жонкі Вікторыі ад “Белдзяржстраха”, бо былі атрыманы літаральна за тыдзень да нашага вяселля. Дарэчы, у снежні зыходзіць тэрмін маёй страхоўкі – планую заключыць новы дагавор.
Павел Уладзіміравіч і Святлана Рычардаўна Каваленкі, в.Сарочына:
Нас можна назваць пастаяннымі кліентамі і перакананымі прыхільнікамі “Белдзяржстраха”, бо полісы мы маем літаральна на ўсё: на дом, на машыну, на дзяцей і нават на сабаку. І, як паказвае жыццё, паступаем правільна, бо неаднаразова ўжо атрымлівалі выплаты – у прыватнасці, за пашкоджаную машыну, за акно, якое нечакана вылецела з праёма і пабілася. А нядаўна адбыўся кур’ёзны выпадак: абліцаваную сайдынгам сцяну нашага дома моцна падзяўбла нейкая неразумная птушка (як потым паведамілі ў мясцовым лясніцтве, гэта быў рэдкі, знікаючы від дзятла). Шчыра кажучы, сумняваліся, што страхоўшчыкі прымуць да разгляду такую справу. І дарэмна! Прыбыўшая да нас камісія прызнала страхавы выпадак пашкоджання жылога памяшкання, і мы атрымалі выплату. Вялікі дзякуй усім спецыялістам гэтай патрэбнай сферы!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *