1 октября — День пожилых людей

Главное

Дзе знаходзіцца самы актыўны ветэранскі рэгіён? Пытанне неадназначнае. Безумоўна, у кожным кутку Ушаччыны хапае камунікабельных, лёгкіх на пад’ём ініцыятыўных людзей залатога ўзросту, якія на гады ўвагі не звяртаюць. А ў Двор Пліне іх столькі, што “зарэгістравана” нават аднайменная суполка. Уваход вольны – прымаюць усіх жадаючых. А збор – па першым закліку! Ва ўсялякім разе праз 10 хвілін пасля нашай нечаканай прапановы завітаць у госці загадчык мясцовага клуба Юлія Крыжэўская паведаміла, што на незапланаваны збор прыйдуць усе запрошаныя.

Гэта зараз іх “штаб” знаходзіцца ў ачагу культуры, але нават калі СДК не працаваў, маладыя пенсіянеры таксама збіраліся і даказвалі перш за ўсё сабе, што ў 55 жыццё толькі пачынаецца! Пераважна гэта былі настаўнікі зачыненай у 2017 годзе Плінскай школы, якія прыходзілі на аматарскія аб’яднанні ў бібліятэку да былой калегі Ірыны Генадзьеўны Марковіч ці дадому да “культурнага здабытку” Сяргея Захаравіча Яцкевіча – менавіта такі статус прысвоілі сябры незаменнаму кампазітару, акампаніятару, гукарэжысёру і спецыялісту ў ІТ-сферы ў адной асобе. “У нашай кампаніі не п’юць, а танчаць і пяюць, – кажа яго жонка Вольга Мікалаеўна. – У час масавых народных святаў, выбараў прыгадвалі старадаўнія песні, абменьваліся парадамі па хатняй гаспадарцы – цікава жылі і жывём, хоць склад пакрысе мяняецца, а рады педагогаў папаўняюцца работнікамі іншых галін”.

Так, чатыры гады таму да іх далучыліся былыя кааператары – сямейная пара Парашкіных. “Жылі ў адной вёсцы, а толькі зараз адкрылі для сябе Генадзя Васільевіча – гэта душа кампаніі, што дэкламуе вершы, імправізуе, весяліць нас смешнымі гісторыямі. Вера Васільеўна спявае ў вакальнай групе, не лянуецца накруціць для ўсіх папяровых стужак да заняткаў рукадзеллем, якія праводзяць супрацоўнікі ТЦСАН. Мы і раней былі вельмі дружным калектывам, таму не парывалі сувязяў. У такім узросце патрэбна падтрымка, чым мы і з’яўляемся адзін для аднаго. Дарэчы, калі наш гурт “Сяброўкі” ўдзельнічае ў конкурсах, абавязкова едзе і група балельшчыкаў. Мы наогул любім падарожнічаць”, – кажа былы дырэктар Плінскай школы Кацярына Фёдараўна Касцюковіч.

Лёгкія на пад’ём, яны бываюць на тэатральных прадстаўленнях у гарадах, канцэртах у раённым цэнтры культуры і школе мастацтваў, наведваюць практычна ўсе выставы музея і гэтак жа лёгка мяняюць модныя ўборы на рабочую вопратку: выходзяць на ўборку вясковага парка, пасадку лесу, трымаюць шэфства над помнікам загінуўшым землякам, а па просьбе сельвыканкама накіроўваюцца ў суседняе Забораўна. Конкурс букетаў – усе з кветкамі. Пасяджэнне “Прыродная аптэка” – і на стале шэсць чайнікаў з рознымі адварамі і шмат парад ад іх аўтараў. І справа не ў тэме мерапрыемства – яны заўсёды праходзяць удала, бо ўдзельнічаюць – усе.

“Мне зайздросцяць сяброўкі з іншых месцаў, якім расказваю, як у нас весела, – дзеліцца Валянціна Васільеўна Пашкевіч. – У нас вельмі многа адораных цікавых людзей. Я пастаянна наведвала бібліятэку, а калі ў ёй стала працаваць Ірына Генадзьеўна, навучылася вышываць крыжыкам, плесці палавікі. Яна прывучыла нас да “пасядзелак”, якія працягваюцца цяпер у клубе. Але самае галоўнае для мяне, чалавека непублічнага – я навучылася падтрымліваць зносіны, не замыкацца ў сваіх праблемах, а адпускаць іх”.
Віцябчанка Людміла Андрэеўна таксама перамагла сарамлівасць і пачала саліраваць падчас масавых мерапрыемстваў перад землякамі. Яна магла жыць у абласной сталіцы, аднак вярнулася на малую радзіму і актыўна бавіць тут вольны час. Тамара Уладзіміраўна Бабянок неаднойчы раскрывала душу ў сваіх глыбокіх лірычных вершах. А вакальны калектыў “Сяброўкі” нарадзіўся можна сказаць выпадкова дзякуючы Сяргею Захаравічу. “Неяк аднойчы зацягнула, а ён падтрымаў, далучыў астатніх галасістых. З ім вельмі спакойна і зладжана ўсё атрымліваецца, а зараз у нашым рэпертуары каля 40 песень, – прыгадвае Вера Васільеўна Парашкіна. – Мне вельмі камфортна было працаваць і ў райспажыўтаварыстве, аднак ні дня ні пашкадавала, што пайшла на адпачынак і знайшла новы дружны калектыў”.

Пра кожнага з гэтай шматграннай суполкі можна расказваць гадзінамі. Яны здзяйсняюць пешыя прагулкі, каб падтрымліваць форму, чытаюць і дзеляцца навінкамі. Ім заўсёды ёсць што абмеркаваць і на бытавым узроўні – падчас апошняй сустрэчы Алена Антонаўна Леановіч, напрыклад, дзялілася парадамі барацьбы са смаўжамі. А завяршыць кароткі і няпоўны аповед пры плінскіх актывістаў я хацела б Тамарай Міхайлаўнай Ксянджук. І раней ветурач па спецыяльнасці выходзіла на раённую сцэну, выступала перад калегамі на комплексе “Сарочына”. Яна актыўны ўдзельнік пасядзелак і гурта “Сяброўкі”, а яшчэ жанчына ўхітраецца падпрацоўваць, а таксама выступаць на канцэртах за межамі раёна. Яны самі ствараюць свой камфорт, самі забаўляюць сябе і адчуваюць на 18. “Нам не варта зайздросціць. А вось збірацца і стваральна займаць свой вольны час, канечне, трэба. Ды і да нас далучацца. Мы навучым заўсёды быць маладымі”, – рэзюмавалі мае суразмоўцы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *