Гонки, лепка и шуточный керлинг. Как в Ушачах прошёл спортивный праздник «День снега»

Главное

У суботу на традыцыйны “Дзень снегу” сабралася шэсць каманд. Прадстаўнікоў жа арганізацый было яшчэ больш, бо раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях падмацаваўся прадстаўніцай з Ушацкага ўчастка аблспажыўтаварыства (забягаючы наперад скажам, што менавіта гэта зборная і стала пераможцай), райвыканкам аб’яднаўся з камунгасаўцамі, ну а лясгас, бальніца, аддзел па адукацыі і газавікі знайшлі кім са сваіх работнікаў закрыць абсалютна ўсе віды.

Першым з іх былі лыжныя гонкі. Трэба сказаць, траса ў гэты дзень аказалася нялепшай – з ледзяной коркай і лужамі, таму аб цяжкасці праходжання сцвярджалі літаральна ўсе. Галоўны суддзя Сяргей Кіслы яшчэ на старце абсалютна верна зрабіў стаўкі, расстаўляючы ўдзельнікаў: “Першымі усё роўна будуць Міхаіл Ярмош і Васіль Бяльковіч”. Так яно і аказалася. Малады прадстаўнік РАНС хутка пераадолеў свой кіламетр, а 62-гадовы Васіль Фаміч зусім нямногім адстаў ад яго і нават раней перадаў эстафету Наталлі Селявёнак. Атрымалася гэта па чыста тэхнічнай прычыне – Насця Кузняцова са спажыўтаварыства пераабувалася ў бацінкі Міхаіла, што і заняло час. Але ўжо ў пачатку 500-метровага адрэзку абышла канкурэнтку – і прынесла зборнай першае месца. Выкладалася на раённых спаборніцтвах былая выпускніца Вялікадолецкай школы – як некалі на рэспубліканскіх у Раўбічах. “З пятага класа ў “Снежным снайперы” ўдзельнічала, а сёння там бягуць мае стрыечныя сёстры Ксюша і Аня Бука”, – зазначыла Насця. Трэба сказаць, што яна праявіла дзіўную трываласць. На трасе ўпала на адрэзку з вадой, але нягледзячы на мокры касцюм і надзвычай золкі дзень, закрывала яшчэ два віды. Трэцяе ж месца ў лыжнай гонцы камандзе ЦРБ прынеслі Рыгор Жаваранак і Святлана Захарава.

Пакуль лыжнікі прыходзілі ў сябе, на другой пляцоўцы мужчыны саграваліся ў самым энергазатратным відзе – колцы дроў. Вялізныя калодкі разляцеліся на паленцы за 42 секунды ў Арцёма Баяронка з каманды райвыканкама і ЖКГ. Фаварытам жа ў гэтым відовішчным відзе зноў стаў выратавальнік Сяргей Собаль – 39 секунд. Зноў, таму што з часоў, як у раёне праходзяць спаборніцтвы, ён амаль нікому не пакідае шанцаў. Хаця інтрыга на гэты раз тым не менш была. Вельмі ўпэўнена, па сваёй сістэме паралельна 4 калодкі рассякаў Сяргей Філімонаў з ЦРБ і паказваў зайздросную хуткасць. Але, як і ў любым відзе спорту – удача адвярнулася – трапілася сукаватае палена, якое і адарвала яго на 1 секунду ад Андрэя Лодзіса з лясгаса і, адпаведна, ад “бронзы”.

Хакей, на гэты раз без канькоў, аказаўся не столькі відовішчным, колькі забаўным. Мячык паміж фішкамі пракатвалі лоўка ўсе, а вось накіраваць яго клюшкай у вароты аказвалася вельмі няпроста. Бывала, што за ім бегалі далёка за межы ледзяной пляцоўкі… Удзельнікі нерваваліся, аднак не маглі перадаць эстафету другому партнёру па камандзе, пакуль не выканаюць заданне. На бронзавай прыступцы аказаліся Анастасія Кузняцова і Віталь Карэйша (1,03 мінуты) са зборнай выратавальнікаў і кааператараў, якія толькі тры секунды саступілі газавікам Раману Салаўю і Юліі Казак. Самымі трапнымі і хуткімі сталі Аляксандр Сапега і Юлія Мамонава з бальніцы – 45 секунд. Яна ж, а таксама Рыгор Жаваранак і Уладзімір Шах прынеслі камандзе “срэбра” ў жартоўным кёрлінгу – ватрушкамі трэба было збіць расстаўленыя кеглі-бутэлькі. Бронза – ва Уладзіміра Хамёнка, Андрэя Бутоўскага і Анастасіі Рамашэўскай з аддзела па адукацыі, золата – у Генадзя Ягорава, Дзмітрыя Спірыдзёнка і Надзеі Касарэнкі са зборнай райвыканкама і камунгаса.

Ну а самы азартны від – перацягванне каната – “дзякуючы” надвор’ю праходзіў надзвычай хутка, бо значна спрашчаў задачу мацнейшым – праціўнік проста “ехаў паравозікам” па лёдзе да чырвонай фішкі. Ніводнага паражэння не дапусцілі выратавальнікі, якія ў выніковым паядынку сустрэліся з лясгасаўцамі. А ў барацьбе за трэцяе месца дайшло нават да аспрэчвання паміж камандай бальніцы і зборнай райвыканкама і камунальнікаў.

Гэтыя ж праціўнікі “сутыкнуліся” і за выніковыя “срэбра” і “бронзу”, набраўшы аднолькавыя 18 балаў. На трэцюю прыступку п’едэстала і ў перацягванні каната, і ва ўсіх спаборніцтвах “Дня снегу” ўзняліся прадстаўнікі бальніцы, а зборнай прысудзілі другое дзякуючы лепшым суадносінам прызавых месцаў.

Засталося прыгадаць толькі традыцыйны конкурс снежных фігур, аддаўшы даніну павагі за мужнасць скульптарам, якія ўсе тры гадзіны знаходзіліся на вуліцы. Вельмі актуальнай аказалася “Хата бацькоў” камунальнікаў, у якой сапраўды можна было схавацца ад пранізлівага ветру – ім прысудзілі другое месца. Аддзел па адукацыі выляпіў сімвал свята

“Снягурыка”, які іграў на гармоні. Лясгасу трэцяе месца прынесла кампазіцыя з лесавіком. Медработнікі прадставілі сімвал 2026 года – беларускую жанчыну, а газавікі – усёй краіны – зубра. Гэтая скульптура прызнана самай складанай тэхнічна і заваявала адпаведна першае месца. Выратавальнікі з кааператарамі свой нечаканы выбар – чарапаху, патлумачылі як сімвал мудрасці, разважлівасці і няспешнасці ў прыняцці рашэнняў.

“Дзень снегу” даў старт штогадоваму агляду-конкурсу па арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы. А намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў, вітаючы ўдзельнікаў, уручыў дыпломы тым прадпрыемствам і ўстановам, што прызнаны лепшымі за 2025 год. Імі казаліся цэнтральная раённая бальніца (І месца), аддзел па надзвычайных сітуацыях (ІІ) і Ушацкі лясгас (ІІІ).

Ну а дзятва фатаграфавалася літаральна ля ўсіх фігур, а то і дапамагала дарослым у іх размалёўцы. У поўным складзе прыйшлі на “Дзень снегу” сем’і Міхаіла Ярмоша, Дзмітрыя Карэйшы, Надзеі Касарэнкі. Наогул у кожнай каманды было і шмат балельшчыкаў. Свята ж і ладзілася, каб як мага больш людзей станавілася на лыжы і канькі, не баялася маразоў, радавалася любому надвор’ю. Дарэчы, Васіль Бяльковіч і пасля спаборніцтваў кружыў на лыжах вакол комплексу – ужо не на хуткасць, а ў сваё задавальненне, як неаднойчы робіць гэта і каля дома, і ля “Юнацтва-Ушачы” на пракладзенай трасе. Сапраўды, умовы для актыўнага ладу жыцця на Ушаччыне створаны выдатныя, і спадзяёмся, што наведваць комплекс, як і прымаць удзел у спаборніцтвах будзе намнога больш каманд.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *