Тыдзень бацькоўскай любові, які зараз праходзіць па ўсёй краіне, асабліва адметны для сям’і Клачок з райцэнтра. З Днём бацькі ўжо рыхтуюцца віншаваць Аляксандра сынок і дачушкі. У аўторак жа цёплыя словы гучалі ў адрас Наталлі, бо для яе гэта трайное свята: і Дзень маці, і Пакроў Прасвятой Багародзіцы, і дата нараджэння. А яшчэ так склалася, што ў гэты час 15 гадоў таму пачалася гісторыя іх кахання.
– Пазнаёміліся мы на дыскатэцы ў Матырыне. Я ўжо працавала ў салоне сувязі МТС, а Саша вучыўся ў Лепелі, сюды ж на выхадныя прыехаў да блізкіх, – расказвае Наталля. – Каля года сустракаліся, а ў мой Дзень нараджэння каханы прыйшоў з заручальным пярсцёнкам і кветкамі. Раздумваць я, канечне, не стала – такі ж хлопец ладны – прыняла прапанову рукі і сэрца.
Зладзілі вяселле, а там і першая дачушка на свет з’явілася. Дар’і зараз 13 гадоў. Спакойная, разважлівая, па прыкладзе маці займаецца рукадзеллем – пляце з бісеру, а яшчэ захапляецца музыкай і ўжо шосты год наведвае дзіцячую школу мастацтваў па класе домры. Самастойна асвойвае і гітару – назбірала грошы на інструмент і праз інтэрнэт прайшла адпаведныя ўрокі. Дзяўчынка марыць паступіць пасля дзявятага класа ў музычны каледж.
Інтарэс да музыкі праяўляе і дзевяцігадовы Павел, знешне – копія таты. Як і сястра, на домру ў ДШМ запісаўся і гітару з рук не выпускае – рок-кампазіцыі развучвае. Вельмі камунікабельны – пакуль гутарыла з дарослымі, паспеў і міні-канцэрт зладзіць, і фотаздымкі любімага сабакі паказаць, і з кошкай Феяй пазнаёміць. Добра, што хоць прыёмы па самба, якім займаецца, не стаў на нас дэманстраваць!
Такая ж актыўная і малодшая Насця, якой зараз шэсць. У садку яна любіць заняцца лепкай, маляваннем, дома ж і музычныя імправізацыі наладжвае, і на роліках праехаць спрабуе. “У нас пяць веласіпедаў і столькі ж самакатаў – якраз на ўсю сям’ю, – пахвалілася дзяўчынка. – А на дачы – батут, нядаўна і басейн з’явіўся!”.
Мнагадзетная сям’я жыве на Віцебскай. Двухпакаёўку пабудавалі на льготных умовах як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жылля, тады іх было толькі чацвёра, а са з’яўленням Насці атрымалі сямейны капітал, за сродкі якога набылі дом па вуліцы Е.Лось. Зараз там робяць рамонт, пашыраюць плошчы – каб у кожнага з дзяцей быў асобны пакой. Завялі і невялікую падсобную гаспадарку, таму жывуць па-сутнасці на два адрасы.
Абсалютна за любую справу муж і жонка бяруцца разам. Трэба абед ці вячэру прыгатаваць – на кухню спяшаецца не толькі гаспадыня. Аляксандр навучыўся ўжо і бліны рабіць (дарэчы, гэта любімая страва сям’і), і выпечку. А Наташа праяўляе сябе ў час рамонту: лепшага “брыгадзіра” мужчынам і шукаць не трэба! А калі проста ўборка намячаецца – далучаюцца і дзеці.
Дружна праводзіць сям’я і вольны час. Улетку любяць на возера з’ездзіць, у Бярэзінскі запаведнік ці заапарк выбрацца, зімой разам з горкі катаюцца.
Хапала ў іх і выпрабаванняў. Так, у час эпідэміі кранавірусу Саша працаваў дэзінфектарам у РЦГЭ, пастаянна быў у эпіцэнтры каварнай інфекцыі. Хоць і стараліся меры бяспекі выконваць, але не захварэў толькі Паша, астатнія ж дзеці і сам Аляксандр перанеслі каранавірус. У Наталлі хвароба складвалася цяжка – трапіла ў інфекцыйнае аддзяленне, ляжала пад кіслародам. Ці страшна было? Адназначна! Але, як зараз прызнаецца, хвалявалася не столькі за сябе – за родных. Муж тым часам адзін спраўляўся з трыма малымі.
Зараз ва ўшачаніна іншая работа – ён вартаўнік у дзіцячым садзе №1. Змяніла месцы працы і Наталля, якая 10 гадоў была дазорцам у музеі народнай славы, а цяпер – страхавы агент (урэшце атрыманая ў Полацкім прафтэхвучылішчы спецыяльнасць спатрэбілася), абслугоўвае жыхароў вуліцы Віцебскай, Калінінскай, вёсак Градзянец, Матырына, Салонец.
– Нам вельмі пашанцавала знайсці адзін аднаго! – усміхаюцца муж і жонка. – Нават не ўспомнім, ці сварыліся калі-небудзь. У любым пытанні знаходзім кампраміс!
Спраў у мнагадзетных бацькоў нямала, але яны знаходзяць час і на ўласныя захапленні. Наталля, напрыклад, з атласных стужак, бісеру вырабляе ўпрыгожанні для сваіх дзяўчат. Аляксандр захапляецца футболам, любіць на рыбалку з’ездзіць. Дарэчы, апошняе звычайна робіць не адзін – юныя рыбачкі побач аказваюцца.
– Мы вельмі любім святы. Збіраемся разам, рыхтуем падарункі і пачастункі, з радасцю назіраем, як весяляцца дзеці, – кажа сямейная пара. – Жадаем усім нашым землякам стаць мамамі і татамі. Мнагадзетная сям’я – гэта вялікае шчасце!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

