Сёння ў Чашніках ушаноўваюць хлебаробаў з розных рэгіёнаў Віцебшчыны, якія дасягнулі адметных паказчыкаў на сёлетняй уборачнай. Шансы аказацца ў ліку перадавікоў жніва меў і работнік “Сафійскіх дароў” Андрэй Яфрэмаў (на здымку), які на экватары жніўня падбіраўся да паўтысячнага намалоту і, верагодна, стварыў бы канкурэнцыю лепшым камбайнерам раёна, аднак, як раней гаварылі, “партыя сказала – трэба!” – і механізатар перасеў у кабіну свайго магутнага МТЗ-3522 і зачапіў за яго сеялку.
Так, сяўба азімых – не менш важны працэс, які закладае аснову будучых намалотаў, таму давяраюць яго адказным і ўмелым. Андрэй належыць менавіта да гэтай кагорты. Калі ў сераду мы патэлефанавалі яму а пятай гадзіне вечара і запыталіся, ці не позна дамовіцца пра сустрэчу на палетках, той усміхнуўся: “Канечне, не! Мы так рана справу не заканчваем – цямнее ж толькі каля сямі, так што пад’язджайце”. Сустрэў жа нас механізатар сваёй фірменнай усмешкай – яна пры ім і ў найгоршае надвор’е, і ў самы няўдалы дзень, і пад канец напружанай восеньскай змены вельмі складанага сезона. Андрэй якраз спыніў трактар на ўскрайку поля ля Загор’я: з хвіліны на хвіліну Дзмітрый Дзегцяроў павінен быў падвезці насенне, а пакуль якраз было крыху часу на размову.
“Разумеем, як важна ўкласціся ў спрыяльныя тэрміны. Спачатку, як і належыць, з рапсам справіліся, потым азімы ячмень пасеялі – у нас яго сёлета 250 гектараў, вылучылі пад культуру годныя палеткі – на ўчастку ля Гамылёва, напрыклад, за дзень пад 35 га запрацоўваў. Асноўны клін – пшанічны, 1000 гектараў, ну а зараз і да жыта чарга дайшла. На тутэйшых дробнаконтурных кавалках з 6-метровым агрэгатам круціцца не надта зручна, дзённую норму цяжкавата выканаць, але мы, канечне, стараемся”, – даў “агранамічную раскладку” малады аграрый.
Разам з калегам Артурам Карабанём, які ўжо трэці восеньскі сезон выводзіць на палеткі прадукцыйны пасяўны комплекс Horsch, яны ўтварылі моцны дуэт сейбітаў. На ўзворванні шчыруюць вопытныя Мікалай Яловік, Аляксандр Баратынскі і Міхаіл Цыбульскі – своеасаблівая механізатарская зборная раёна, бо ў “Сафійскія дары” яны прыйшлі з “Дземенца”, “Глыбачан” і ПМС. Хоць і менш вопыту, але дастаткова майстэрства ў Ільі Шалонькі, які заняты на падрыхтоўцы глебы. Ну а за якасць насення адказвае брыгада работнікаў сушыльнай гаспадаркі на чале з кладаўшчыком Таісай Чарняўскай. І факт, што сельгаспрадпрыемства ўжо правяло сяўбу азімых зерневых на 65-х працэнтах запланаваных плошчаў і па тэмпах апярэджвае сярэднераённы паказчык, сведчыць пра тое, што ў яго “пасяўным ланцугу” слабых звёнаў няма.
Наталля БАГДАНОВІЧ