В Ушачском районе масштабно прошёл Единый день озеленения

Год благоустройства

Маштабная экалагічная акцыя па азеляненні тэрыторый праходзіць у кастрычніку ва ўсіх куточках нашай краіны. Яе мэта – палепшыць экалагічную абстаноўку, зрабіць беларускія гарады і вёскі больш камфортнымі і добраўпарадкаванымі. Стартам мерапрыемстваў стаў Адзіны дзень азелянення, які традыцыйна згуртаваў вакол годнай мэты прадстаўнікоў улады і эколагаў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый, студэнтаў і школьнікаў, неабыякавах гараджан і вяскоўцаў. З пачатку акцыі беларусы высадзілі ў населеных пунктах дзясяткі тысяч дрэў і кустоў.

На здымках: пасадка дрэў у Селішчы і Вялікіх Дольцах.

Не засталіся ў баку і ўшачане. Так, у парку аграгарадка Вялікія Дольцы будуць расці паўсотні новых бярозак і елачак, 180 кустоў самшыту – у працоўны дэсант па іх высадцы аб’ядналіся работнікі раённага і сельскага выканаўчых камітэтаў, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, педагогі і вучні мясцовай школы.
А каб пасаджанае захавалася – яго трэба даглядаць. У Селішчы гэта прадумалі яшчэ вясной – заклалі сямейную алею, таму дарослыя з дзецьмі палівалі свае маладыя дрэўцы, абкошвалі ўлетку тэрыторыю, а сёлета ўстанавілі шыльду, на якой калектыўны партрэт добраахвотных азеляніцеляў. На вясковым сходзе вырашылі заказаць таблічку і вылучылі на гэтыя мэты сродкі самаабкладання, а на мінулым тыдні ўстанавілі – таксама грамадой, якая ўсё прырастае. Восенню да пасадкі дубоў, бярозак і клёнаў далучыліся сем’і Быкавых, Свірко, Бухалка з Рыбакоў… Дрэвы вырастуць, а памяць застанецца.

З’явіліся зялёныя насаджэнні і ў іншых кутках нашага раёна.

Больш тысячы маладых дрэў і дэкаратыўных кустоў у час акцыі высаджаны ў райцэнтры.
80 маленькіх туй будуць расці ў скверы ля помніка воінам і партызанам, яшчэ адна алейка з’явілася ля фантана ў скверы ля цэнтральнага перакрыжавання, больш зялёнымі стануць участкі вуліц Калінінскай і Савецкай у раёнах райбальніцы і ПМК-66.

Прырос новымі раслінамі і парк ля галоўнага ўездзу ў гарпасёлак. “Тут будуць укараняцца саджанцы клёна гінала – гэты сорт зараз папулярны ў ландшафтных дызайнераў, бо вылучаецца не толькі прыгажосцю, а і непатрабавальнасцю ў доглядзе, устойлівасцю да неспрыяльных умоў гарадского асяроддзя”, – патлумачыла нам азеляніцель УП ЖКГ Аксана Бародзіч. Камунгасаўцы традыцыйна ўнеслі асабліва значную лепту ў экалагічную акцыю. Зрэшты, планамерную работу па азеляненні яны вядуць пастаянна і ўкладаюць шмат сіл у тое, каб пейзажы гарпасёлка радавалі наша вока.

На здымках: акцыя у Вялікіх Дольцах; брыгада камунгаса садзіць дрэвы ў райцэнтры.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *