Завочнае знаёмства з земляком, выставы фотаработ і маляўнічых палотнаў, батлейка, дэфіле мод, гучанне дуды – вельмі разнастайным і насычаным атрымаўся фестываль “Лёд і Ліра”, а адначасова і дэбют ТАА “Мантэкорыс”. У суботу ва Ушачах прайшло першае мерапрыемства з асветніцкага праекта Наталлі Міхайлаўны Жаўнерык, якая зарэгістравала таварыства, каб знаёміць з мастакамі, музыкамі, акцёрамі Беларусі. У наступным годзе, напрыклад, спаўняецца 40 год выхаду на экраны фільма “Знак бяды”, і фестываль мяркуюць прысвяціць “галоўнаму герою”, нашаму Генадзю Гарбуку. Ну а старт праекту даў Юзэф Чаховіч, невядомы да гэтага часу ў Беларусі фотамастак, якога хрысцілі ва Ушацкім касцёле.
Новае зоркавае імя
Так, мы абсалютна нічога не ведалі пра земляка, які нарадзіўся паблізу Ушач у 1818 годзе. І не толькі мы. Фатограф заставаўся невядомым нават для калег па цэху, хоць зрабіў тысячы здымкаў краявідаў Віцебска, дзе трымаў фотаатэлье, наваколля Вільнюса, куды перасяліўся пасля 1865 года. Выстава работ Чаховіча, што разгарнулася ў музеі, атрымалася таксама невялікай і ў ёй не аказалася ніводнай рэпрадукцыі з ушацкімі краявідамі. Ці мог мастак, які вельмі часта фатаграфаваў храмы, не адлюстраваць касцёл, у якім яго хрысцілі?
Аглядальнік газеты “Культура і мастацтва” Дзмітрый Юркевіч, які і адкрыў для беларусаў новую зорку, тлумачыць гэта так: “Мы бачым толькі маленькую частку работ, якія алічбаваў літоўскі даследчык. Творчасць Чаховіча на самым пачатку раскрыцця, упэўнены, што ў архівах захоўваюцца выявы і з краявідамі Радзімы, якія з цягам часу стануць даступнымі”.
Юзэф Чаховіч належаў да старадаўняга шляхецкага, аднак збяднелага роду. Гэтым тлумачыцца той факт, што скончыўшы Віцебскую гімназію, ён разам з братам пачаў службу ў самым нізкім чыноўніцкім рангу – калегіяльным рэгістратарам у ваенным ведамстве. Пазней зарабляў фатаграфіяй, адбіткі якой у пазамінулым веку рабіліся не на плёнцы, а на шкле, пакрытым спецыяльнай фарбай. Падчас адкрыцця выставы фатограф, мастак, музыкант і стваральнік музычных інструментаў Алесь Лось паказаў прысутным аўстрыйскі апарат, якім і рабіў здымкі наш зямляк.
Дарэчы, аб тым, што род Чаховічаў меў землі ў нашым раёне, ускосна сведчыць такі факт: старэйшыя ўшачане памятаюць поўнага цёзку фотамастака каваля Юзэфа Чаховіча з вёскі Ліпавец.
З ушацкай “прапіскай”
“Я вельмі палюбіла вашу Ушаччыну і праводжу тут нават больш часу, чым у Мінску”, – патлумачыла Н.М.Жаўнерык рэгістрацыю таварыства менавіта ў нашым раёне. Расказала яна і аб нараджэнні ідэі асветніцкіх фестываляў: калі пэўны час даглядала дачку знаёмай, убачыла, што дзяўчынка не мае рэальных зносін з равеснікамі. Сваёй мэты дырэктар “Мантэкорыса” дасягнула – падчас адкрыцця ў музеі па сутнасці дзвюх выстаў гледачы актыўна абмяркоўвалі ўбачанае. “Расшыфроўвалі” палотны Алеся Родзіна, а ля любой з яго абстракцый людзі затрымліваюцца на гадзіны. Задавалі пытанні Валерыю Вядрэнку, які з дапамогай лічбавых праграм стварыў “фотапластыку”, так назваў жанр, у якім здымкі паўразбураных храмаў Беларусі атрымалі аблічча карцін. Сярод іх і селішчанскі касцёл святой Веранікі, дарэчы, заступніцы ўсіх фатографаў. Да слова сказаць, абсалютна ўсе арганізатары фестывалю – людзі з багатым мастацкім багажом, якія неаднойчы былі на Ушаччыне, а мастак Ігар Ермакоў нават набыў дачу ў вёсцы Лозы.
Рэзанатары душы
Пра тое, што батлейка – старажытны беларускі лялечны тэатр, ведаюць, напэўна, усе. А вось убачыць такое прадстаўленне многім давялося ўпершыню. Гэты від народнай культуры прыйшоў да нас з 16-га стагоддзя і спачатку ў двух’яруснай скрыні з дапамогай лялек дэманстраваліся біблейскія сюжэты (сама назва дзейства паходзіць ад горада Віфлеем (Бэтлеем), дзе нарадзіўся Хрыстос). Пазней у батлейцы пачалі разыгрываць і бытавыя п’есы. Зараз гэтае мастацтва перажывае адраджэнне. Акцёры лялечнага тэатра “Дом з марамі” пагрузілі ўсіх у атмасферу чарадзейства – і адразу знайшлі кантакт з залай: гледачы дапамагалі дэкламаваць класічную байку пра бязглуздага барана, суперажывалі “халоднаму чалавеку”, што жыў без кахання, і радаваліся за Алеся-беларуса, які падмануў смерць. А яшчэ з захапленнем глядзелі фокусы і… абдымалі адзін аднаго, каб падзяліцца цеплынёй. Вось такая яна – утульная і шчырая народная батлейка!
У тым жа, што сапраўдным творам мастацтва можа стаць і вопратка, удзельнікі фестывалю ўпэўніліся падчас паказу дызайнерскай калекцыі брэнда “Цуды”. Эксклюзіўныя курткі, паліто, хусткі, сумкі з прынтамі работ Ігара Ермакова і іншых беларускіх мастакоў распрацоўвае Наталля Жаўнерык, а прадставілі іх падчас дэфіле ўшацкія прыгажуні. “Калі вучылася ў віцебскім каледжы, даводзілася не толькі шыць моднае адзенне, а і дэманстраваць яго на паказах, так што гэта быў не першы мой выхад на подыум. Лічу, што мы з дзяўчатамі справіліся добра, ды і аўтар калекцыі выказала спадзяванне на працяг нашага супрацоўніцтва”, – падзялілася ўражаннямі культработнік Ірына Байрамава. Дарэчы, офіс брэнда “Цуды” будзе размяшчацца ва Ушачах, і нашы модніцы змогуць першымі заказваць сабе эксклюзіўныя рэчы.
Ну а шыкоўным завяршэннем праграмы фэсту стаў канцэрт, падчас якога Алесь Лось і яго калега Алеся Сівохіна паказалі ўшачанам інструменты нашых далёкіх продкаў. Прысутныя пачулі, як гучыць ліра, на якой беларусы гралі 500 год таму, дуда, якую выкарыстоўвалі на Ушаччыне ў народным абрадзе “Жаніцьба Цярэшкі”, даведаліся, што загадкавая віёла да гамба была вельмі моднай у 17-м стагоддзі, а яе выявы ёсць на старажытных беларускіх абразах. Калі ж дагучалі апошнія акорды, слухачы зразумелі, чаму маэстра Алесь называе гэтыя інструменты рэзанатарамі душы.
“Вялікі дзякуй за сустрэчу з цудоўным! Прыяздждайце да нас яшчэ!” – казалі нашы землякі арганізатарам фестывалю і апладзіравалі ім стоячы.
Вольга Караленка, Наталья БАГДАНОВІЧ.


