Благодарность за хороший футбол. В Ушачах чествовали футбольную команду «Партизан»

Cпорт

На гэтым тыдні ў райвыканкаме адбылося ўшанаванне футбольнай каманды “Партызан”, якая па праве можа занесці сёлетні сезон у свой актыў.

Яшчэ ў пачатку года ўшачане парадавалі балельшчыкаў упэўненым выхадам у лепшую васьмёрку на міні-футбольным першынстве вобласці. Выдатна стартавалі і ў чэмпіянце Рэспублікі Беларусь сярод футбольных каманд другой лігі – пасля першага круга ўзначальвалі табліцу ў групе “С”, а па выніках турніру ўвайшлі ў прызавую тройку. І хоць “бронза” для дружыны, якая ледзь не дацягнулася да “золата”, стала даволі крыўдным вынікам, але ў любым выпадку ўзнагароды атрымліваць прыемна. Медалі ігракам “Партызана” ўручыў старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч. Ён падзякаваў футбалістам за тое, што яны знаходзяць час, сілы і жаданне ўпарта трэніравацца, дастойна прадстаўляць раён на спаборніцтвах. Пад апладысменты кубак прызёраў узняў над галавой гуляючы трэнер каманды Ігар Коршун. Атрымалі футбалісты і карысны падарунак – сертыфікат на наведванне сауны ў новым інтэрнаце для спартсменаў.

На імпрэзу прыбылі не ўсе героі сёлетняга сезона. На поле ў складзе каманды ў розных матчах выходзілі амаль тры дзясяткі ігракоў, і многія з іх працуюць або вучацца ў гарадах. У ліку такіх і Мацвей Федарэнка, які стаў лепшым бамбардзірам групы “С” (12 забітых мячоў, 18 ачкоў па сістэме “гол плюс пас”). А ўвогуле наш “Партызан” правёў у вароты сапернікаў 35 галоў і стаў самай рэзультатыўнай камандай групы.

Каб прыгадаць яркія моманты сезона, мы правялі сярод футбалістаў бліц-апытанне.

  • Самым феерычным матчам года яны прызналі паядынак у Браславе, калі моцны клуб “Дрывяціч” быў разгромлены нашай камандай з лікам 6:0. Запомнілася гэта падзея і рэакцыяй мясцовых балельшчыкаў, якія пасля пятага прапушчанага гола заспявалі хіт “Аргенціна-Ямайка”, а пад канец матча пачалі… хварэць за ўшачан.
  • Найбольш драматычнай гульнёй хлопцы назвалі апошні паядынак чэмпіянату з докшыцкай камандай, у якім вырашаўся лёс узнагарод. Перамога давала шанс нават на “золата”, а ў першым тайме за грубы фол быў выдалены з поля ігрок “Докшыц”… Ды ўсё ж удача адвярнулася ад ушачан, і менавіта іх апаненты ў выніку заваявалі галоўны трафей.
    Самымі дастойнымі сапернікамі, на думку нашых ігракоў, былі якраз докшыцкія футбалісты, якія не дазвалялі сабе неспартыўных паводзін. Прыемнае ўражанне пакінулі і шаркаўшчынскія хлопцы. А вось самымі гарачымі і неўтаймаванымі былі лёзненцы.
  • У намінацыі “самы смелы ўчынак” перамог Мікалай Зімніцкі. Наш асноўны варатар Міхаіл Ярмош з-за атрыманай напярэдадні карткі вымушаны быў прапусціць матч з бешанковіцкай камандай, і так сталася, што галкіпера на замену не знайшлося. Стаць на вароты рызыкнуў Мікалай – хоць ён і палявы ігрок, але з задачай справіўся дастойна!
    Самымі адданымі балельшчыкамі футбалісты прызналі Руслана і Мікалая Басуевых, якія яшчэ нядаўна выступалі за зборную, а цяпер актыўна падтрымліваюць каманду на трыбунах. А ўвогуле за перыпетыямі чэмпіянату сачыў увесь калектыў “Юнацтва-Ушачы”, праглядаючы прамыя трансляцыі ў YouTube. “Не паспявалі мы дзверы адчыніць пасля вяртання з гульні, як тут жа адміністратары, прыбіральшчыкі сустракалі нас або віншаваннямі, або аналізам нерэалізаваных момантаў”, – з усмешкай прыгадалі футбалісты. А яшчэ папрасілі адзначыць работнікаў спартыўнай сферы, якія своечасова вырашалі ўсе арганізацыйныя пытанні.
  • Канечне, пры падвядзенні вынікаў заўсёды заходзіць размова пра планы на наступны сезон. “Будзем гуляць у футбол!”, – лаканічна акрэслілі іх героі імпрэзы і паспяшаліся на вячэрнюю трэніроўку.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *