Ушачане, напэўна, ужо ацанілі навагодні антураж цэнтральнай плошчы гарпасёлка, якая ва ўсю зіхаціць каляровымі агеньчыкамі. Сёлета яе ўбранства дапоўнілася новымі арт-аб’ектамі: над пешаходнымі пераходамі прыгожа пераліваюцца расцяжкі, а на кветніках ля будынка райвыканкама заззялі штучныя дрэўцы і парасоны.
На святочнае аздабленне гарпасёлка штогод вылучаюцца бюджэтныя сродкі, а яго ўстаноўкай займаюцца работнікі камунгаса. “Працэс гэты адказны – як і ўсё, што звязана з электраабсталяваннем, таму работы па мантажы выконвалі нашы прафесіяналы: электрыкі Аляксей Кашко, Дзмітрый Спірыдзёнак, Аляксандр Гераеўскі, не абыходзіцца падобная справа і без аўтавышкі, якой кіруе Сяргей Манецкі”, – расказаў нам інжынер-энергетык УП ЖКГ Аляксандр Булаўка.
А вось які каментарый даў дырэктар камунальнага прадпрыемства Сяргей Герасімёнак: “Ад таго, як выглядае галоўная плошча, залежыць атмасфера свята, настрой ушачан і гасцей гарпасёлка і, канечне, нам хочацца, каб людзі атрымлівалі пазітыўныя ўражанні, маглі зрабіць прыгожыя здымкі на фоне святочных дэкарацый. Мяркую, што новыя арт-аб’екты гарманічна ўпісаліся ў агульную панараму і зрабілі святочныя Ушачы яшчэ больш прыгожымі”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


