Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі выкарыстоўваецца ў краіне не першы год. Да камер відэаназірання, прымацаваных да будынкаў, ліхтароў, прывыклі і ўшачане. Прычым, многія паспелі ўжо і ў “кадр трапіць”. Прывядзём некалькі фактаў па тэме.
На ўнівермагу і аўтастанцыі, на АЗС і рэдакцыі, ля загса і “Санты”… Зараз у райцэнтры і яго наваколлі 123 відэакамеры, падключаныя да сістэмы маніторынгу. У перспектыве з’явяцца яны на ўсіх перакрыжаваннях Ушач, на кальцавой развязцы ў Сарочыне, у іншых буйных вёсках.
Сёлета з дапамогай відэакамер у раёне выяўлена звыш 400 парушэнняў па лініі ДАІ. У ліку самых распаўсюджаных – няпропуск пешахода (150 фактаў) і паркоўка ў неналежным месцы. Часцей за ўсё вабіла пляцоўка ля райвыканкама: за два месяцы каля 60 вадзіцеляў праігнаравалі забараняльныя знакі. Адгаворваліся аднолькава: усе заязджаюць – і я таксама.
У 11 выпадках да адказнасці былі прыцягнуты бяспраўнікі. Дарэчы, гэтая катэгорыя – на асаблівым кантролі. Як толькі аўто, якое належыць пазбаўленаму права кіравання чалавеку, трапляе пад камеры – сістэма аўтаматычна апавяшчае пра гэта праваахоўнікаў.
На рахунку пешаходаў і веласіпедыстаў – 30 парушэнняў. Распаўсюджаная сітуацыя (асабліва ля рынка, аўтастанцыі, загса): аўто спыняецца для высадкі пасажыра, а той, хоць “зебра” непадалёк, адразу выходзіць на праезную частку.
Пераважная большасць парушэнняў рэгіструецца ў выхадныя дні і перад імі, а таксама ў гадзіны пік: прыблізна з 7.00 да 8.00 і з 16.30 да 18.00.
У ДАІ падкрэсліваюць: прыярытэтная мэта дыстанцыйнага маніторынгу – не пакараць, а дысцыплінаваць удзельнікаў дарожнага руху.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

