На сессии районного Совета депутатов подведены итоги социально-экономического развития района за год

Общество

На апошняй сесіі раённага Савета дэпутатаў традыцыйна былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за прайшоўшы год і акрэслены планы на наступны. Якім стаў 2025-ы? Захавана стабільная сацыяльная абстаноўка, прырост паказчыкаў забяспечаны ў прамысловасці, гандлі, нарошчваліся аб’ёмы экспарту паслуг, інвестыцый у асноўны капітал. Раён выканаў 10 з 16 асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку ўсе чатыры мэтавыя, даведзеныя аблвыканкамам і Урадам: па зарплаце, даходах бюджэту, інвестыцыях у асноўны капітал і сукупных даходах кансалідаванага бюджэту.

На працягу года мы пастаянна расказвалі аб справах ва ўсіх сферах, зараз прывядзём толькі некаторыя лічбы і факты.

Эфектыўнасць работы арганізацый, рост прыбытковасці продажаў дазволілі забяспечыць павелічэнне намінальнай зарплаты на 19,7%, сукупных паступленняў даходаў бюджэту раёна – на 18,5%.

Забяспечанасць жыллём у раёне зараз складае 41,7 кв.м. на чалавека, што амаль на 2% больш прадугледжанага Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2021-2025 гады і на 12% вышэй за паказчык 2020 года. У 2021-2024-м уведзена 12 тысяч кв.метраў індывідуальнага жылля, у 2025-м – ужо больш за 4,4 тысячы кв.м. За пяцігодку пабудаваны два шматкватэрныя жылыя дамы.

Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, колькасць вакансій па-ранейшаму застаецца высокай – 155. Дэфіцыт кадраў адчуваецца ў сельскай і лясной гаспадарках, будаўніцтве, ахове здароўя і гандлі.

2025 год завершаны з тэмпам росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі 87%, за пяцігодку – 90,7 пры планаваных 154%. Сярод аб’ектыўных прычын сітуацыі, якая склалася ў сельгасарганізацыях – недахоп кадраў, састарэлая інфраструктура, тэхналагічнае адставанне, суб’ектыўных – недастатковая дысцыпліна, незахаванне тэхналогіі.

Прамысловыя прадпрыемствы ў 2025 годзе працавалі стабільна, без прастояў. Вытворчасць павялічылася на 4,5% у супастаўных цэнах. За 5 гадоў – на 36,3% пры запланаваных 12,5.

У рамках праграмы “Адзін раён – адзін праект” філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” завяршыў рэалізацыю праекта па пашырэнні і тэхнічным перааснашчэнні вытворчасці бялкова-вітамінных дабавак.

На наступную пяцігодку запланаваны праект таварыства з абмежаванай адказнасцю “ПитПро” па арганізацыі здабычы і будаўніцтве завода па перапрацоўцы торфу. Працягнуць развіццё і ўжо існуючыя прамысловыя прадпрыемствы.

Актывізуецца і развіццё сферы паслуг – галоўным чынам турызму. Планы ў гэтым кірунку амбіцыйныя. Распрацавана асобная канцэпцыя стварэння турыстычнага кластара, якая прадугледжвае на двух этапах яе рэалізацыі стварэнне 43 аб’ектаў размяшчэння на 2941 месца.

У 2025-м для Ушацкага ўчастка АТП №6 набыта 2 аўтобусы. Забяспечаны прырост па пасажыраабароце і грузаабароце.

Працягваецца рэканструкцыя аўтадарогі Р-46, кошт выкананых работ – 44 млн. рублёў, а гэта больш за палову ўсяго аб’ёму інвестыцый 2025 года.

Праведзена шмат работ па асфальтаванні дарог і вуліц. Выкананы бягучы рамонт мясцовых і рэспубліканскіх аўтамабільных дарог агульнай плошчай 31 км і коштам 7 мільёнаў рублёў. Узведзены дзве новыя пасадачныя пляцоўкі.

Традыцыйна павышаным попытам карыстаюцца паслугі санаторыя “Лясныя азёры”, дзе 100-працэнтная запаўняльнасць практычна круглы год. Улічваючы запатрабаванасць санаторна-аздараўленчых паслуг здраўніцай вызначаны планы да 2030 года па мадэрнізацыі існуючых аб’ектаў і будаўніцтве новых.

У 12 населеных пунктах раёна ўведзены ў эксплуатацыю водаачышчальныя міні-станцыі (Кублічы, Белюкоўшчына, Баброва, Баравыя, Воцькавічы, Заполле (Машчоны), Папоўка, Глыбачка, Казімірова, Жары, Жывалака, Навасёлкі). Праведзена замена старых сетак водазабеспячэння працягласцю 8,2 км.

У 2025 годзе прадпрыемствам ЖКГ выкананы капітальны рамонт двух жылых дамоў у гарпасёлку па Садовай і Фрунзэ. У снежні распачаты капрамонт жылога дома па вуліцы Дзяржынскага. На гэтыя мэты было накіравана 1,3 мільёна рублёў, з якіх амаль 77% – бюджэтныя сродкі.

У 2025 годзе лясгасам створана экасцяжына. На тэрыторыі населеных пунктаў высаджана 1630 дрэў і 1800 кустоў. У гарпасёлку зроблена ўладкаванне, рамонт газонаў на агульнай плошчы амаль у 2 гектары.

На развіццё аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту за 11 месяцаў накіравана 28 мільёнаў рублёў або больш за палову бюджэту раёна.

На рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека” накіравана больш за 10 мільёнаў рублёў. У асноўным на бягучае ўтрыманне ЦРБ, медыкаменты, прадукты харчавання, камунальныя і іншыя эксплуатацыйныя выдаткі.

У 2025-м атрыманы перасоўны ФАП, што дазволіла павысіць даступнасць меддапамогі для вяскоўцаў. Набывалася і новае абсталяванне для паліклінікі, клініка-дыягнастычнай лабараторыі.

Захавана сетка ўстаноў адукацыі. У рамках дзяржпраграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” асвоена амаль 14 мільёнаў рублёў.

Для прыцягнення жыхароў да актыўных заняткаў спортам працягваецца развіццё сучаснай спартыўнай інфраструктуры. У 2025 годзе 228 тысяч рублёў накіравана на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Асаблівая ўвага надаецца сацыяльнай падтрымцы непрацаздольных грамадзян. У цяперашні час на комплексным сацыяльным абслугоўванні знаходзіцца 670 чалавек. У параўнанні з 2024 годам іх колькасць павялічылася на 31. Летась заключана 93 новыя дагаворы і 75 скасавана.

Штогод у раёне праходзіць звыш трох тысяч культурных мерапрыемстваў. Самай наведваемай установай стаў музей народнай славы, супрацоўнікамі якога праведзена больш за тысячу экскурсій, арганізавана 23 выставы.

Дэпутатамі адобраны праект бюджэту на 2026 год, па-ранейшаму ён будзе мець сацыяльную накіраванасць – каля 70% расходаў запланавана на гэтую сферу.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *