У адрозненне ад прадстаўнікоў іншых сфер, банкіры сваё прафесійнае свята адзначаюць на мяжы года – і гэта ў пэўным сэнсе зручна для падрыхтоўкі нашых традыцыйных артыкулаў, бо якраз падводзяцца вынікі, аналізуюцца паказчыкі, падсумоўваюцца лічбы… Зрэшты, апошнімі ў гэтым святочным матэрыяле мы пастараемся не злоўжываць, але некалькі красамоўных, што характарызуюць дзейнасць Цэнтра банкаўскіх паслуг №237 у г.п.Ушачы рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк”, канечне, прывядзём.
І пачнём з колькасці работнікаў ЦБП: іх зараз 8, і што адметна, новы год тут сустрэлі ў тым жа складзе, як і мінулы – прыемная стабільнасць! З абслугоўваннем юрыдычных асоб бездакорна спраўляюцца прадстаўніцы службы карпаратыўнага бізнесу Наталля Дзямешка і Наталля Баратынская, якія працуюць у сістэме адпаведна 17 і 13 год.
“Зараз у нас на абслугоўванні 132 юрыдычныя асобы, і за апошнія часы гэтая лічба прырасла. Банкаў у краіне шмат, але літаральна ўсе нашы кліенты застаюцца нам вернымі, за што хачу ім шчыра падзякаваць! Як і нашаму кіраўніцтву – за правільны, дасканала прадуманы курс”, – зазначае Н.Дзямешка.
Аддзел жа рознічных продажаў абслугоўвае каля 7 тысяч кліентаў, і менавіта па яго дзейнасці ў большасці з нас складаецца ўражанне пра “Белаграпрамбанк”. Кіруе ім Святлана Казакевіч – спецыяліст з 20-гадовым стажам работы ў банкаўскай сферы. “У аддзеле нас пяцёра, як пальцаў на руцэ – і ў гэтым ёсць сімвалізм, бо кожны знаходзіцца на сваім месцы, выконвае пэўную функцыю, і ў той жа час мы аб’яднаны агульнай мэтай: зрабіць так, каб усе кліенты былі задаволенымі, – разважае Святлана Рыгораўна. – З падначаленымі мне пашанцавала: усе правільна разумеюць пастаўленыя задачы і прыкладаюць максімум намаганняў для іх выканання!”
А спраў у работнікаў шмат. Як вядома, “Белаграпрамбанк” – адзін з галоўных праваднікоў дзяржаўнай палітыкі, менавіта тут аказваюць крэдытную дапамогу прадпрыемствам АПК, падтрымліваюць фермерства, аграэкатурызм і іншыя важныя напрамкі. Так, летась у ЦБП дапамаглі разгарнуць справу прадстаўнікам сялянска-фермерскай гаспадаркі, а ў гэтым месяцы жыхар сталіцы будзе праходзіць камісію для атрымання крэдыту на развіццё аграэкасядзібы, якую ён адкрывае на Ушаччыне.
У мінулым годзе з’явіўся новы банкаўскі прадукт “Рэгіянальная ініцыятыва”, які скіраваны на тых, хто плануе развіваць прыярытэтныя напрамкі бізнесу ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці. Для нашага раёна крэдытная стаўка па ім складае усяго 6,5 працэнта. І гэта толькі невялікая колькасць цікавых прапаноў “Белаграпрамбанка”, якія закліканы паспрыяць развіццю рэгіёна.
У ліку адметных леташніх падзей быў пераход на новае працэсінгавае абслугоўванне, які ў банку пастараліся ажыццявіць максімальна непрыкметна для кліентаў – усяго пару дзён у лістападзе яны адчувалі мінімальныя нязручнасці.
А яшчэ ЦБП дастойна прайшоў комплексную праверку на адпаведнасць усіх працэсаў лакальна-прававым актам, якую праводзяць кожныя пяць гадоў. Пра тое ж, што ўшачане, бадай, лепш за ўсіх умеюць арганізоўваць карпаратыўныя мерапрыемствы, сведчыў той факт, што ў гарпасёлак двойчы прыязджалі банкіры вобласці – на спартакіяду і турзлёт.
Такім чынам, ЦБП №237 з усімі задачамі спраўляецца дастойна. А вось мы ад акрэсленай у пачатку мэты адхіліліся: лічбаў у артыкуле прывялі нямала. Але што зробіш, калі ўсе яны – красамоўныя? Прынамсі, яшчэ адну – адметную – агучыць начальнік Цэнтра банкаўскіх паслуг Дзіна Міхайлаўна Садоўская:
“Новы год мы сустракаем з радаснымі пачуццямі, бо ён для “Белаграпрамбанка” будзе юбілейным – 35-м! І я хачу адрасаваць словы шчырай падзякі ўсім, хто ўнёс сваю лепту ў развіццё банка: былым работнікам, якія напрацоўвалі яго аўтарытэт і ўздымалі на перадавыя пазіцыі, цяперашнім сваім калегам, якія дастойна працягваюць справу арганізацыі. Віншую ўсіх з прафесійным святам і шчыра жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту – сямейнага і, канечне, фінансавага!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.

