На заседании коллегии Витебского областного комитета природных ресурсов и охраны окружающей среды подведены итоги 2025 года

Общество

На пасяджэнні калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвялі вынікі работы ў 2025-м і акрэслілі задачы на 2026 год. На мерапрыемства былі запрошаны не толькі работнікі сістэмы Мінпрыроды, а і прадстаўнікі іншых арганізацый, журналісты, якія таксама ўносяць сваю лепту ў экалагічную справу.

Летась на выкананне прыродаахоўных мерапрыемстваў на Віцебшчыне было вылучана з мясцовых бюджэтаў больш 5 мільёнаў рублёў. У прыватнасці, удалося скараціць шкодныя выкіды вытворчых аб’ектаў у атмасферу больш чым на 1000 тон, выканаць практычна ўсё запланаванае ў рамках Года добраўпарадкавання. Станоўчым з’яўляецца і факт, што колькасць кантрольных мерапрыемстваў зменшылася, пры гэтым іх эфектыўнасць павялічылася. Прыемна, што Ушацкая інспекцыя ў ліку некалькіх іншых вылучана ў якасці прыкладу работы па арганізацыі кантролю ў сферы навакольнага асяроддзя.

Актыўна абмяркоўвалася тэма распаўсюджання інвазіўных раслін – што і нядзіўна, бо рэгіён з’яўляецца самым забруджаным у краіне. Ушаччына, як вядома, тут у ліку праблемных, таму з 2-х мільёнаў рублёў, што вылучаны сёлета на арганізацыю работы па знішчэнні баршчэўніку на тэрыторыі вобласці, 576 тысяч накіраваны нашаму раёну.

Ацанілі на пасяджэнні і работу грамадскіх эколагаў. З іх удзелам у рэгіёне за год было праведзена больш 350 мерапрыемстваў (на Ушаччыне – 20), па сігналах дабрачынных памочнікаў выяўлена 74 парушэнні (у нас – 8).

Плённая работа ўшацкіх прыродаахоўнікаў была адзначана і падчас узнагароджання, якое правёў кіраўнік абласнога камітэта Раман Колца. Падзяку старшыні атрымала галоўны спецыяліст раённай інспекцыі Святлана Акулёнак (на здымку), а актыўная дзейнасць журналістаў “Патрыёта” па прапагандзе экалагічных ведаў і беражлівых адносін да прыроды адзначана Граматай абласнога камітэта.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *