Аляксандр Майсеенка можа дакладна сказаць, калі ўпершыню сеў у кабіну новага “Беларуса”, бо ездзіў за ім на трактарны завод якраз у свой дзень нараджэння – 22 верасня.
Такі вось адметны падарунак атрымаў механізатар “Ільюшынскага” ад дзяржавы і роднага прадпрыемства, кіраўніцтва якога менавіта яму даверыла ключы ад новай адзінкі. Падчас восеньскіх палявых работ Аляксандр ужо паспеў спаўна ацаніць перавагі высокапрадукцыйнага трактара і вясенні сезон распачаў у пазітыўным настроі.
– Сядзець у гэтай кабіне – адно задавальненне! Не хачу прымяншаць вартасцяў “Кіраўца”, на якім працаваў дагэтуль, але аўтапрам на месцы не стаіць, і ў новай мадэлі нашых трактарабудаўнікоў шмат сучасных удасканаленняў. Падабаецца, што кабіна не надта высокая і ўсё ў ёй вельмі зручна размешчана. Што можна рэгуляваць і падаграваць люстэркі, націснуўшы на кнопку – такія “навароты” не ў кожнай легкавушцы ёсць. Відавочныя “плюсы” – святлодыёды ў электраабсталяванні і, канечне, высокая праходнасць: неаднойчы ўжо на мокрых палях загразаць давялося, але самастойна выбіраўся, – ахвотна дае разгорнутую характарыстыку свайму трактару Аляксандр Пятровіч.
І міжволі прыйшла ў галаву думка: мужчына са знешнасцю і характарам тыповага беларуса – працавітага, добразычлівага, разважлівага – і магутная машына адпаведнай маркі ўяўляюць сабой ідэальны тандэм!
Цікава, што з пачатку гэтага сезона Аляксандру ўжо двойчы давялося адпраўляцца ў камандзіроўкі за новымі падарункамі, якімі дзяржава падтрымала ільюшынскіх вытворцаў: нядаўна даставіў з Бабруйска 9-метровую сеялку “Бярэзіна”, а з “Ціраспальскага агратэхсэрвіса” – шыроказахопны культыватар.

Магчымасці апошняга Аляксандр прадэманстраваў нам у справе на палетках ля вёскі Двор Жары. Чапляў ён сёлета за свой трактар і плугі. У гэты ж дзень на ўзворванні быў заняты яшчэ адзін нязменны перадавік гаспадаркі Дзмітрый Бурак. А вось на працэсе сяўбы галоўную ролю ўзяў на сябе малады Антон Коўшаль – і па сведчанні вопытных калег, спраўляецца з гэтым дастойна.
Зімой штат сельгаспрадпрыемства папоўніў яшчэ адзін малады старанны механізатар – Андрэй Прашкевіч. Сваю аграрную кар’еру хлопец з Арэхаўна распачынаў калісьці ў “Сафійскіх дарах”, пэўны час быў заняты ў іншай сферы, але праца на зямлі ўсё ж вабіла больш. Таму і адгукнуўся на прапанову сваіх добрых знаёмых – галоўнага эканаміста “Ільюшынскага” Аляксея Машчонка і вадзіцеля Мікалая Сіроткі – далучыцца да калектыву іх гаспадаркі. “Пакуль пра гэта не шкадую!” – усміхнуўся Андрэй, якога мы сустрэлі на мехдвары. Перад выхадам у поле ён рэгуляваў механізмы дыскатара, а дапамагаў яму Віктар Красноў – навучэнец Полацкага аграрнага каледжа, які прыбыў у “Ільюшынскі” на
практыку.
Сустрэлі мы тут і лясгасаўца Віктара Кліменку, які кожны сезон прыходзіць на дапамогу сельгаспрадпрыемству. Да слова, кадравы дэфіцыт падчас пасяўной мясцовым аграрыям дапамагаюць пераадольваць таксама работнікі камунгаса, водаканала і райбальніцы.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

