История ушачанина Жени Мизерного, который мужественно борется с болезнью

Общество

“Мама, вам трэба дапамагчы ў агародзе? Мы з сябрамі на фестываль збіраемся, але я магу замест гэтага ва Ушачы прыехаць”, – патэлефанаваў дамоў са сталіцы Жэня Мізэрны напярэдадні аднаго з ліпеньскіх уік-эндаў 2021 года. “Не трэба, сынок, мы самі справімся, такую цікавую падзею нельга прапусціць!” – адказала маці.

Сынам Наталля Генадзьеўна і Міхаіл Рыгоравіч заўсёды ганарыліся. У школе добра вучыўся, займаўся футболам, пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў інжынерам-механікам у наваполацкім аўтапарку, потым уладкаваўся ў мінскую фірму па ўстаноўцы камер відэаназірання. Прыгожы, статны, пазітыўны, ён быў душой любой кампаніі.

Прыгаданы ж вышэй дыялог мог змяніць ход падзей: сказала б тады маці, што дапамога патрэбна – і не было б той паездкі, адпачынку на пляжы – дарэчы, афіцыйным і, здавалася б, бяспечным… Але ў лёса свае планы. Жэня і зараз не можа дакладна патлумачыць, што здарылася. Зайшоў у ваду, нырнуў – а калі выплыў, зразумеў, што больш не адчувае ног. Добра, што побач былі сябры, якія выцягнулі на бераг, што аператыўна спрацавалі медыкі браслаўскай бальніцы, і ўжо праз пару гадзін выкліканы са сталіцы хірург пачаў аперацыю. Пералом шыйнага аддзела пазваночніка ў многіх выпадках прыводзіць да смерці ці поўнага паралічу – таму можна сказаць, што хлопцу пашчасціла, ва ўсялякім разе менавіта так ён і яго бацькі стараліся ўспрымаць сітуацыю. Каля года Яўген правёў на бальнічным ложку – з-за нерухомасці ўзніклі праблемы з ныркамі, развілася пнеўманія і ўсё гэта – на фоне каранавіруснай пандэміі. У выніку рэабілітацыю пачалі пазней, чым трэба, што пагаршала шансы.

І вось ужо пяты год крок за крокам, праз боль і немач Жэня вяртаецца да паўнацэннага жыцця. Неаднойчы праходзіў курс у спецыялізаваным цэнтры ў Аксакаўшчыне, пабываў і ў лагеры рэабілітацыі, дзе пацыентаў вучаць карыстацца каляскай актыўнага тыпу. Пастаянна займаецца і дома – зараз кватэра Мізэрных з-за розных прыстасаванняў выглядае як невялічкі фітнэс-цэнтр: штодня хлопец некалькі гадзін практыкуецца на імітатары хадзьбы і іншых трэнажорах, умацоўвае мышцы з дапамогай гантэляў. Прыгадвае, як пару год таму паставіў сабе на калені кубачак з чаем – і ледзь апёк не атрымаў, бо зусім не адчуваў гарачыні, цяпер жа ногі ўжо крыху чуюць і холад, і цяпло.

Кватэра Мізэрных на пятым паверсе, таму давялося набыць спецыяльны пад’ёмнік, каб перамяшчаць па лесвіцы інвалідную каляску. А калі далучыць да яе электрасамакат-прыстаўку, то можна і ў вандроўку адправіцца – Жэня нават на Вечалле самастойна ездзіў. Сям’ёй наведвалі сауну ў новым інтэрнаце для спартсменаў – на гэтым аб’екце ўлічаны ўсе патрабаванні па стварэнні безбар’ернага асяроддзя. А нядаўна яны з мамай здзейснілі падарожжа ў Санкт-Пецярбург, каб прайсці ўнікальную рэабілітацыйную працэдуру. “У беларускіх цягніках ёсць вагоны са спецыяльнымі купэ і пад’ёмнікамі для калясачнікаў – гэта вельмі зручна для пасажыраў з абмежаванымі магчымасцямі”, – адзначае Наталля.
Яўген жа падкрэслівае, як моцна яго падтрымлівае сям’я: “Нават слоў такіх не падабраць, каб апісаць ролю маіх бацькоў у гэтай сітуацыі. Яны і самі духам не падалі, і мне раскісаць не давалі. Пры такіх дыягназах вельмі шмат залежыць ад догляду, ад фінансавых магчымасцяў – і яны робяць для мяне ўсё і нават больш”.

Што да апошніх, то тут вельмі дарэчы аказалася даўняе сяброўства Наталлі Генадзьеўны з “Белдзяржстрахам”. “У свой час афармляць полісы ад няшчасных выпадкаў на ўсіх родных мяне прывучыла агент Алена Юрчанка, так што ёй – асобная ўдзячнасць”, – кажа яна. Вялікая нагрузка па матэрыяльным забеспячэнні лягла на Міхаіла Рыгоравіча. Моцна дапамагае Жэню сям’я сястры, а таксама сябры, якія нават арганізавалі ў сацсетках мэтавыя зборы на яго рэабілітацыю.

“Карыстаючыся выпадкам, хачу праз газету ад душы падзякаваць сваім сябрам і ўсім, хто мяне падтрымаў у дабрачынных акцыях – за гэты кошт мы змаглі набыць прыгаданыя вышэй сродкі перамяшчэння і спартыўны інвентар”, – кажа герой аповеду.

Увогуле хочацца падкрэсліць, што практычна ніхто не адхінуўся ад хлопца ў нялёгкі час. Вось і ў дзень нашага візіту ў госці да яго завітаў былы аднакласнік Ілья Галай, які прыехаў ва Ушачы на выхадныя.

“Сёлетняя зіма ўзяла мяне ў “дамашні палон” – па снежных дарогах на калясцы ездзіць складана, так што стараўся займаць сябе рознымі справамі: шмат чытаў, вырабляў карціны з алмазнай мазаікі – гэта і захапляльна, і вельмі карысна для развіцця дробнай маторыкі, – тлумачыць Жэня і паказвае нам свае работы, па якіх і не скажаш, што яго рукі цалкам не аднавіліся пасля траўмы. – Хоць для інваліда І групы гэта праблематычна, але вельмі хачу знайсці сабе работу. І шчыра веру, што аднойчы ўстану на ногі. Тым, хто праходзіць зараз падобныя выпрабаванні, раю не здавацца, а ўсім чытачам “Патрыёта” – не засмучацца па дробязях, радавацца вясне і напаўняць добрымі справамі кожны свой дзень!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *