Лучший матч сезона в играх регионального этапа второй лиги провели футболисты ушачского «Партизана»!

Cпорт

Чатыры гульні правялі ў рэгіянальным чэмпіянаце другой лігі ўшацкія футбалісты. На рахунку “Партызана” дзве перамогі і два паражэнні, але нават у прайграных матчах нашы землякі змагаліся дастойна – магчыма, часам не хапае майстэрства і сыгранасці, аднак у адсутнасці самааддачы іх дакладна на папракнеш.

Адразу скажам, што няма сёлета ў нашым складзе двух яркіх ігракоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у леташнюю “бронзу”. Пайшлі “на павышэнне” лепшы снайпер групы “С” Мацвей Федарэнка і Мікіта Жалейка – перспектыўных юнакоў залічылі ў склад віцебскага “Газавіка”, які змагаецца за лідарства ў групе “А”. Канечне, для “Партызана” гэта адчувальная страта, аднак гульня ў вышэйшым дывізіёне адкрывае для хлопцаў перспектывы росту. Зрэшты, месца ў аснове моцнага клуба яшчэ трэба заслужыць, і пакуль на поле яны выходзяць нячаста.

Для ігракоў “Партызана” футбол – гэта захапленне, якое прымушае ахвяраваць асабістым часам і ўкладаць душу ў кожны матч. Апорай каманды не першы год застаецца галкіпер Міхаіл Ярмош. У стартавай гульні атрымаў непрыемную траўму малады форвард Арцём Ільіноў – але пастараўся як мага хутчэй вярнуцца ў строй – і ў суботу забіў першы гол у вароты браслаўскага “Дрывяціча”. Спяшаецца з Віцебска на дапамогу землякам навучэнец футбольнай акадэміі Мікіта Бадзякін – у прыгаданым матчы самы юны ўдзельнік проста феерыў, запісаўшы ў свой актыў два галы і выніковую перадачу. Каментатар, які вёў трансляцыю гульні, не шкадаваў кампліментаў для Віктара Волаха – яго актыўнасць на левым флангу прывяла да ўзяцця варот. Прыгожы гол з дальняй дыстанцыі правёў “легіянер” Мікалай Лясных. Увогуле “полацкая дыяспара” ўмацавала клуб, які ўжо нельга ўявіць без Яўгена Ярмоша, Сяргея Паршуты, Сяргея Васеніна, Максіма Стрыжанка (апошні ў гульні з “Дрывяцічам” зрабіў аж тры галявыя перадачы і ўнёс важкі ўклад у нашу перамогу з лікам 5:1). Працуе ў абласным цэнтры, але таксама пры магчымасці далучаецца да каманды Андрэй Бутоўскі. Вярнуўся з армейскай службы і заняў пазіцыю цэнтральнага абаронцы выхаванец ушацкага футбола Павел Качан, больш часу на полі атрымлівае юны Мацвей Краўчанка, не спяшаюцца вешаць на цвік буцы ветэраны Ігар Коршун і Юрый Владзіёнак. Плёнам старанняў гэтых і іншых ігракоў з’яўляецца відовішчны футбол “Партызана”.

“Працягваем шукаць сваю гульню, спрабуем хлопцаў на розных пазіцыях. Старт атрымаўся няпростым, але гульня з браслаўчанамі дадала настрою і ўпэўненасці. Барацьба ў чэмпіянаце толькі пачынаецца, і мы пастараемся вас парадаваць. Шкада канечне, што з-за адсутнасці стадыёна не можам гуляць ва Ушачах, але калі балельшчыкі захочуць нас падтрымаць, разгледзім магчымасць арганізацыі паездак на матчы”, – падзяліўся з намі трэнер каманды Раман Фядосенка.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *