В Ушачах прошёл митинг-реквием посвященный Дню всенародной памяти жертв ВОВ и геноцида белорусского народа

Общество

Самы даўгі дзень – 22 чэрвеня. Самы жалобны на працягу вось ужо 85 гадоў. Ва Ушачах каля помніка загінуўшым воінам і партызанам адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

“Мяне завуць Яшам. Я жыў у Раллі і марыў стаць лётчыкам. Мяне спалілі разам з 30 жыхарамі вёскі…. Я – Іван Іванавіч, настаўнічаў у Тухаціне, у якой пражывала ўсяго 84 чалавекі. У хаце, якая стала агульнай магілай, нас было 68”. Калі гучалі “галасы” спаленых жыхароў чатырох неадноўленых вёсак Ушаччыны, нягледзячы на спякоту, па скуры бегалі халодныя дрыжыкі. Калі старшыня райсавета Наталля Мікалаеўна Марковіч нагадвала пра ахвяры Беларусі, удзельнікі мітынгу імкнуліся ўявіць, якімі былі людзі, чые імёны напісаны на плітах. Калі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская зачытвала ўспаміны пра той нядзельны дзень студэнта Івана Кірылавіча Падворнага, усе прыгадалі сваіх родных.

Кожная частка мерапрыемства аказалася настолькі шчымлівай, што паўгадзіны рэквіему сталі суцэльным болем за кожнага трэцяга загінуўшага беларуса, аб 194 спаленых толькі ў нашым раёне вёсках. А ў 12 гадзін ушачане далучыліся да хвіліны маўчання, якая прайшла па ўсёй краіне. Акрамя прадстаўнікоў калектываў на мітынг прыйшлі жыхары і госці гарпасёлка. Паказальна, што не Ларыса Паўлаўна Азевіч вяла ў сквер ўнука Мацвея, а ён настаяў на тым, каб ускласці кветкі і сказаць загінуўшым дзякуй. Значыць правільна мы выхоўваем юнае пакаленне, якому не трэба тлумачыць, што такое вайна.

Кветкі ляглі да кожнай пліты, жалобныя мерапрыемствы прайшлі ў кожным сельсавеце. А вянок, які ўсклалі да падножжа салдата старшыня райвыканкама Сяргей Сцяпанавіч Шамовіч і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Мікалаеўна Марковіч, стаў данінай павагі ўсім воінам і мірным жыхарам, што пакояцца ў брацкіх магілах Ушаччыны.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *