Падставай для напісання гэтага артыкула сталі захопленыя водгукі школьнікаў, якія адпачывалі ў працоўным лагеры “Дружба”, што дзейнічаў у чэрвені на базе Арэхаўскай СШ.
“Спачатку было крыху нязвыкла: лета, а тут трэба хадзіць у школу і нешта рабіць… А потым зразумелі, што гэта нават класна! Працоўныя дэсанты ў лагеры доўжыліся ўсяго каля дзвюх гадзін у дзень, а работа была нескладанай: займаліся паліўкай і праполкай на ўчастку, наводзілі парадак на тэрыторыі школы і ля абеліскаў у аграгарадку, падклейвалі падручнікі. У пачатку змены некаторыя з нас нават не ведалі, як правільна трымаць граблі, а цяпер шмат чаго ўмеем, многае ведаем пра кветкі і агародніну. Змена доўжылася 19 дзён, і кожны быў насычаны падзеямі. Мы паспелі і на экскурсіях пабываць, і спортам пазаймацца, і атрымаць шмат карыснай інфармацыі падчас тэматычных сустрэч і заняткаў. А яшчэ завялі ў лагеры новых сяброў і, здаецца, сталі больш дарослымі”, – падзяліліся з намі Яна Кулагіна, Улада Смаляк і Мацвей Васькевіч.
“Кожнае лета мы дапамагаем арганізаваць працоўную занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час. Фінансуецца гэта праграма за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а яе плён у тым, што вучні займаюцца карыснай справай, авалодваюць працоўнымі навыкамі, зарабляюць першыя ўласныя грошы: так, хлопцы і дзяўчаты, што працавалі ў Арэхаўскай школе, атрымаюць больш 200 рублёў”, – расказвае начальнік аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандра Жыцянёва.
Задаволенымі засталіся і бацькі. “Хочацца шчыра падзякаваць дырэктару Арэхаўскай школы Ларысе Булаўка, начальніку лагера Наталлі Васькевіч, выхавальніку Алёне Кашко, старанным і ўмелым поварам Таццяне Дзямідавай і Вользе Арцямёнак за выдатную змену ў “Дружбе”, – адзначае маці выхаванкі Алена Смаляк.
Наталля БАГДАНОВІЧ.


