Ва Ушачах упершыню зарэгістравалі нараджэнне малыша ў фармаце агульнанацыянальнага праекта “Трэці – Бацькаў”. У жыхароў райцэнтра Дар’і і Ігара Пліско на свет з’явілася дачушка Міраслава – трэцяе дзіця ў сям’і. Падчас прыгожай урачыстасці, якая ладзілася ў аддзеле загса райвыканкама, блізкім нованароджанай уручылі падарунак ад Прэзідэнта – “Бацькаву кашулю”, якая стане для дзяўчынкі сімвалічным абярэгам, а для ўсіх – напамінам, што кожны маленькі беларус знаходзіцца пад абаронай дзяржавы і яе кіраўніка.
– На прыгожы ўбор наш старэйшы Мацвей адразу “вока паклаў”: да сябе прымяраў, на камеру з ім пазіраваў, – усміхаюцца Даша і Ігар. – Але ж малаваты яму аказаўся, ды і Міраславе яшчэ спатрэбіцца – у кашулі ад Прэзідэнта мяркуем яе пахрысціць.
Разам маладыя людзі ўжо шэсць гадоў. Як прызнаюцца, мнагадзетнасць іх ніколі не пужала. Ураджэнец Ільюшына сам вырас у вялікай сям’і, заўсёды любіла кантактаваць з дзецьмі і ўшачанка – ужо падлеткам няньчыла малодшага брата, займала гульнямі яго сяброў-аднагодкаў, якія прыбягалі з усяго наваколля, а пасля яшчэ педагагічную спецыяльнасць вырашыла атрымаць.
Старэйшы сынок з’явіўся ў сям’і Пліско, калі Дар’я яшчэ была студэнткай – у сталічным універсітэце асвойвала трэнерскую справу. Пры гэтым кідаць вучобу таленавітая самбістка не стала – заручылася падтрымкай бацькоў, мужа і на час сесій пакідала малыша з імі. Пасля заканчэння ВНУ, як і планавала, уладкавалася ў родную ўшацкую спартшколу. Але ж напрацаваць вопыт яшчэ не паспела: пайшла ў другі, а потым і трэці дэкрэтныя адпачынкі…

– У свой час мела нямала спартыўных узнагарод, бачыла сябе паспяховым трэнерам, – прызнаецца наша субяседніца. – Але ж выбрала мацярынства – і не шкадую: адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Ніякія кубкі ды медалі не параўнаць з радаснымі вачыма, усмешкамі сваіх карапузаў! Ды і без штодзённых трэніровак у мяне не абыходзіцца – трэба ж і ў кватэры прыбраць, і дзетак чымсьці заняць, на вулічнай пляцоўцы са старэйшымі пабегаць…
Унесці карэктывы ў прывычны жыццёвы ўклад давялося і Ігару, які пасля каледжа і тэрміновай вайсковай службы займаўся грузаперавозкамі і падоўгу калясіў па замежных краінах. Са з’яўленнем дзяцей зразумеў: ён патрэбны тут – у сям’і, таму знайшоў месца ва Ушачах – зараз працуе вадзіцелем у цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый.
– Жывём на здымнай кватэры, аднак, канечне ж, марым пра ўласнае жыллё і стаім на чарзе тых, хто мае ў ім патрэбу, – расказваюць маладыя мнагадзетныя бацькі. – Ці плануем яшчэ дзетак? Дык гэта як лёс дасць – адмаўляцца ад такой радасці дакладна не будзем!
Спакойным, паслухмяным хлопчыкам расце іх старэйшы Мацвей, якому зараз 4,5 годзіка. Любіць з пластылінам “пачараваць” ці разам з юным дзядзькам – братам Дар’і – пагуляць. Сярэдняй Мілане яшчэ няма двух – і такога “маторчыка”, смяюцца бацькі, яшчэ пашукаць трэба: кіламетражу за дзень больш, чым многія дарослыя, намотвае. Адзінае, што ненадоўга можа яе супакоіць, дык гэта мульцікі ці маленькая Міраслава, якой усяго два тыдні, – ходзіць яе абняць ці палашчыць.
У гэтай дружнай сям’і ўсё робяць разам – выбіраюцца на дачу і ў горад, на пляж і рыбалку (дарэчы, карасёў цягае не столькі галава сямейства, колькі яго жонка, якая нават на вялікіх тэрмінах цяжарнасці не адмаўляла сабе ў такім захапленні), на вячэрнія прагулкі і ў магазін. На прыгаданую ўрачыстасць у загсе яны гэтак жа спяшаліся поўным саставам – каб раздзяліць радасць падзеі, а таксама расказаць дзецям аб важнасці семейных адносін, прывіць ім павагу да нацыянальных каштоўнасцяў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
