Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава з рабочай паездкай наведала Лепельскі і Ушацкі раёны. Ход уборачнай кампаніі, умовы працы хлебаробаў, падтрымка маладых спецыялістаў, развіццё жывёлагадоўчай галіны і забеспячэнне насельніцтва якаснымі таварамі па даступных цэнах – гэтыя і іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі спікера верхняй палаты Парламента.
Маршрут рабочай паездкі пачаўся з выезду на сельскагаспадарчыя палі Лепельшчыны і Ушаччыны, дзе зараз набрала тэмп жніво. Наталля Качанава асабіста азнаёмілася з тэмпамі ўборачнай і ўмовамі, створанымі для аграрыяў непасрэдна на месцах. У нашым раёне старшыня Савета Рэспублікі пабывала ў “Ільюшынскім” і “Сафійскіх дарах”. У цэнтры ўвагі – не толькі вытворчыя паказчыкі, але і клопат пра людзей: арганізацыя гарачага харчавання, забеспячэнне спецвопраткай, спраўнасць тэхнікі і выкананне правіл аховы працы. На палях Наталля Іванаўна сустрэлася з экіпажамі камбайнераў, падзякаваўшы ім за нялёгкую, але такую важную работу ў гарачую пару.
“У кожнай жмені збожжа ваша штодзённая праца, майстэрства і любоў да роднай зямлі. За вамі – харчовая бяспека нашай Беларусі”, – падкрэсліла Н.Качанава.
Уборка ўраджаю – гэта адзіны ланцужок, дзе аднолькава важныя і поле, і машынны двор, і зернесушыльны комплекс. У абодвух раёнах Наталля Качанава наведала рамонтна-механічныя майстэрні, дэталёва азнаёмілася з гатоўнасцю сушыльных гаспадарак да прыёмкі і дапрацоўкі збожжа новага ўраджаю. Пагутарыла спікер і з моладдзю і школьнікамі, якія вырашылі падпрацаваць у летні перыяд на аб’ектах АПК. “Добра, калі дзеці з маладых гадоў далучаюцца да сапраўднай працы на зямлі. Калі для моладзі ствараюцца дастойныя ўмовы і бачна падтрымка, у іх з’яўляецца жаданне жыць і працаваць у родных рэгіёнах”, – адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
На Лепельшчыне Наталля Іванаўна ацаніла і работу жывёлагадоўчай галіны. На адным з малочна-таварных комплексаў агледзела вытворчыя памяшканні, пацікавілася тэхналогіямі кармлення, пагутарыла з жывёлаводамі, распытала пра ўзровень зарплаты і забяспечанасць жыллём. Спікер падкрэсліла, што мясцовым органам улады сумесна з гаспадаркамі неабходна развіваць жыллёвае будаўніцтва, бо менавіта камфортны дом ці кватэра – галоўны фактар замацавання спецыялістаў на вёсцы.
Падчас паездак у рэгіёны Наталля Качанава нярэдка праводзіць маніторынг работы аб’ектаў гандлю і ўзроўню цэн на сацыяльна значныя тавары. У гэты раз у цэнтры ўвагі аказаўся лепельскі “Каравай”, дзе на паліцах прадстаўлены багаты выбар прадукцыі айчыннай вытворчасці: ад вядомага лепельскага марожанага і малочных вырабаў да свежай рыбы, паўфабрыкатаў і мясцовай выпечкі.
“Клопат пра людзей складаецца з простых рэчаў, – рэзюмавала старшыня Савета Рэспублікі. – Жыхары кожнага рэгіёну – ці то буйнога горада, ці невялікай вёскі – павінны мець магчымасць набыць свежыя і якасныя прадукты па даступных цэнах”.
Падрыхтавала
Вольга КАМАРКОВА.

